АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Прах Магдалены Радзівіл 9 месяцаў ня могуць пахаваць, тым часам дзе цяпер урна з прахам — невядома

Прах Магдалены Радзівіл 9 месяцаў ня могуць пахаваць, тым часам дзе цяпер урна з прахам — невядома
13.10.2017
Прах Магдалены Радзівіл прывезлі ў Мінск 15 ліпеня. Праз тры месяцы ўлады і касьцёл так і ня вырашылі, дзе яго пахаваць. Адказнасьць за перапахаваньне яны перанакіроўваюць адны на адных.


Прах Магделны Радзівіл прывезьлі ў Мінск 15 ліпеня 2017 года.

Фота са З'езду беларусаў свету, дзе была паказаная ўрная з прахам


Праз тры месяцы ўлады і касцёл так і ня вырашылі, дзе яго пахаваць. Адказнасць за перапахаванне яны перанакіроўваюць адны на адных. Тым часам дзе цяпер урна з прахам — невядома. Свабода разбіралася ў спрэчнай сітуацыі.

Магдалена хацела, каб яе пахавалі ў Мінску

 

Марыя Магдалена Радзівіл зьехала зь Беларусі ў 1917 годзе. Апошнія 13 год свайго жыцця яна правяла ў Швайцарыі, памерла ў 1945 годзе ў горадзе Фрыбур. Там яе і пахавалі.

 

Беларусы Швайцарыі апекаваліся магілай Магдалены Радзівіл, наведвалі ейнага праўнука — прынца Абедзьвюх Сыцылій Антоніё дэ Бурбона. Нарэшце нашчадкі Магдалены вырашылі, што было б правільным перапахаваць яе прах у Беларусі. Яны меркавалі, што найбольш адпаведным месцам для гэтага будзе касьцёл Сьвятых Сымона і Алены ў Менску, вядомы як Чырвоны касьцёл. Магдалена Радзівіл жыла ў суседнім ад касцёла доме, фундавала парафію, ведала асабіста Эдварда Вайніловіча і рэгулярна бывала на імшы.

Павал Мацукевіч, часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарскай Канфэдэрацыі раам з праўнукам Магдалены Радзівіл — прынцам Бурбонам


Сваякі Магдалены звярнуліся ў Міністэрства замежных спраў Беларусі. У Менску летась стварылі працоўную групу па перапахаваньні. У яе ўваходзілі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства культуры, Менгарвыканкаму, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасьцей. І хоць меркавалася, што месцам апошняга спачыну стане Чырвоны касьцёл, працоўная група вырашыла перавезьці парэшткі ў сямейны склеп Радзівілаў у Нясьвіжы.

 

Нашчадкі Магдалены Радзівіл не пагаджаліся з абраным месцам. Як тлумачыў Свабодзе Глеб Лабадзенка, Магдалена ніколі не была ў Нясвіжы. Сама яна паходзіць з роду Завішаў, Радзівілам быў ейны муж. Да таго ж, паводле словаў Мацея Радзівіла, воля самой Магдалены была — каб яе пахавалі ў Мінску.

 «Радзівілы ставіліся да яе звысоку, называлі яе „беларусіха“, — кажа Лабадзенка. — Апроч Магдалены, з сучасных Радзівілаў па-беларуску гаварыў толькі яе муж Мікалай Вацлаў, а таксама Альбрэхт».

«Лепей, каб прах Магдалены быў у Мінску, чым у шафе крэматорыя»

Тым часам у Швайцарыі пачалася эксгумацыя. Парэшткі Магдалены Радзівіл адправілі ў крэматорый у лютым 2017 году. Некалькі месяцаў капсула з прахам заставалася там. Потым яе перавезьлі ў беларускую амбасаду ў Бэрне.

 

16 ліпеня 2017 году намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швайцарыі Аляксандар Сапега прыехаў у Менск на Зьезд беларусаў свету. З усімі аформленымі дакумэнтамі ён прывёз капсулу з прахам у Беларусь проста на сваёй машыне.


 «Мы абмяркоўвалі з рознымі людзьмі, у тым ліку з Радзівіламі. Вырашылі, што лепей, каб прах Магдалены быў у Менску, чым у шафе крэматорыя», — сказаў Свабодзе Аляксандар Сапега.

Ён ведаў, што дамоўленасьці з уладамі і касьцёлам наконт пахаваньня не было. Але трымаць урну з прахам проста ў амбасадзе таксама не было правільным.

 

«Мы спадзяваліся, што пры зьмене сытуацыі будзе іншая пазыцыя касьцёла, — кажа Сапега. — Па-першае, Магдалена ўжо не ляжала ў зямлі, гэта была не труна, а маленькая урна. І яна ўжо ў Беларусі. Таксама была пазытыўная рэакцыя грамадзтва».


Меркавалася, што прах Магдалены Радзівіл пахаваюць у касцёле Святых Сымона і Алены

Але нічога не зьмянілася. Праз тры месяцы няма яснасьці, дзе будзе пахаваная урна з прахам Магдалены. Сапега зьвяртаўся ў Мінгарвыканкам і Мінкульт. Але безвынікова. Цяпер чакае адказу ад МЗС. Ад імя Радзівілаў ён яшчэ раз накіраваў просьбу пахаваць Магдалену ў Чырвоным касцёле.

«Сытуацыя толькі тады рухаецца, калі я прыяжджаю ў Беларусь і пачынаю хадзіць па інстанцыях. Больш ніхто не зацікаўлены, каб гэтая справа была вырашаная».


Не магу расказаць, дзе урна з прахам

Па словах Аляксандра Сапегі, Уладыслаў Завальнюк, пробашч Чырвонага касьцёла, падтрымлівае пахаванне Магдалены Радзівіл у касьцёле. Пры ўмове, што будзе дазвол касцёльных уладаў.

Аднак сама курыя і замаруджвае канчатковае рашэньне, бо арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч не дае на гэта дазволу. Так, прынамсі, кажа Аляксандар Сапега. На пазыцыю кіраўніцтва касьцёла яму намякалі чыноўнікі Мінгарвыканкаму.


«Я стаміўся хаваць гэтыя сакрэты і праблемы пад дыван, — кажа Сапега. — Мне гэта вельмі не падабаецца. У канцы кастрычніка буду ў Беларусі, ізноў буду хадзіць па інстанцыях».

 

Ксёндз Юры Санько, прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, патлумачыў Свабодзе, што курыя чакае дакладнай біяграфіі Магдалены Радзівіл ад арганізатараў перапахавання. Таксама касьцёльнаму кіраўніцтву патрэбны дазвол Менгавыканкаму, таму што будынак касьцёла належыць гораду. Абвінавачаньні з боку Сапегі прэсавы сакратар лічыць неабгрунтаванымі.

 

«Гэта немагчыма, — сказаў Свабодзе Юры Санько. — Было сказана, што мы патрабуем дакладную біяграфію, але найперш — дазвол гарвыканкаму. Пасьля мы перасылаем дакумэнты ў нунцыятуру».

 

Насамрэч біяграфію Магдалены Радзівіл у курыю дасылалі. Яшчэ 31 ліпеня Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» накіравала Тадэвушу Кандрусевічу афіцыйны зварот ад імя дэлегатаў Сёмага зьезду беларусаў свету. Дэлегаты прасілі пахаваць прах Магдалены Радзівіл у сьценах Чырвонага касьцёла. Таксама ў лісьце былі прыведзеныя біяграфічныя зьвесткі пра княгіню.

 

Як паведамілі Свабодзе ў ЗБС, адказу на гэты зварот арганізацыя пакуль не атрымала.

 

«Няўжо курыя ня ведае, хто такая Магдалена Радзівіл? — дзівіцца Аляксандар Сапега. — Усё гэта чарговыя адгаворкі».

 

 Такім чынам, курыя заяўляе, што чакае дазволу ад гарвыканкаму, а ў гарвыканкаме Сапегу патлумачылі, што няма акурат згоды курыі. З ліпеня ў гэтай справе няма ніякіх зрухаў.

Між тым ужо невядома, дзе цяпер урна з прахам. З ліпеня яна ў Менску, але Аляксандар Сапега ня кажа, дзе дакладна.

«На жаль, не магу распавесьці, — кажа Сапега. — Гэта можа паставіць пад пытаньне яе знаходжаньне там».

Цяпер Аляксандар Сапега чакае адказу ад Міністэрства замежных спраў. Ён лічыць, што давядзецца яшчэ раз зьбіраць працоўную групу, каб вызначыць месца пахаваньня Магдалены Радзівіл. Між тым ідзе дзясяты месяц, як яе парэшткі дасталі зь зямлі і крэміравалі.

 

«Не чакаў, што такія праблемы будуць на роўным месцы, — кажа Сапега. — Чалавек з лютага эксгумаваны і не знайшоў дагэтуль спакою».

План Б — Кухцічы

«Я ўвогуле мусіў толькі прывезьці прах у Беларусь, і ўсё на гэтым, — кажа Аляксандар Сапега. — Але справа ня рухаецца. Пакуль ты не чапляеш улады, яны не варушацца».

 

 

Свабода пісала, што існуюць і іншыя месцы, дзе можа быць пахаваная Магдалена Радзівіл. Прычым Нясьвіж, які прапанаваў Мінкульт, сярод іх самае неспрыяльнае. Да 2020 году ў нясьвіскім касьцёле ідзе капітальны рамонт, і пахаваньні там не праводзяць.

«Я маю план Б, — кажа Сапега. — Гэта Кухцічы».

У вёсцы Кухцічы Ўзьдзенскага раёну быў маёнтак, дзе жылі Магдалена і ейны муж Мікалай Радзівіл. Муж памёр у 1914 годзе, і яго пахавалі ў сямейнай капліцы-пахавальні. У савецкі час труну зь целам Мікалая растрэсьлі, а пасьля забэтанавалі. Але сам будынак да нашых часоў захаваўся.

 

«Мая прапанова, каб таксама эксгумаваць парэшткі Мікалая Радзівіла, бо ягоныя косткі раскіданыя па зямлі, і пахаваць яго разам з Магдаленай, — кажа Аляксандар. — Я гаварыў з Мацеем Радзівілам, і ён ня супраць такога варыянту».

Капліца-пахавальня ў Кухцічах. Архіўнае фота

Але ўсё адно ідэальным варыянтам сваякі лічаць Чырвоны касцёл.

«Капсула зусім маленькая, каб яе разьмясьціць у сьцяне. І складанасьцяў зь фінансаваньнем няма, — кажа Сапега. — Тут трэба палітычнае рашэньне. Хаця, здавалася б, нічога ня можа быць прасьцейшага з такім нацыянальным героем, як Магдалена Радзівіл».


Дата стварэння навіны 13.10.2017

Возврат к списку