АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Анатоль Шумчанка: "Трэба зняць пятлю з шыі малога бізнеса"

Анатоль Шумчанка: "Трэба зняць пятлю з шыі малога бізнеса"
10.10.2017
Лідар рэспубліканскага грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоль Шумчанка ініцыяваў збор подпісаў за змены ў заканадаўстве, якія, на яго думку палегчаць працу індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі.

Пра рэзалюцыю, якая была прынята на Форуме прадпрымальнікаў, што прайшоў у Мінску, Шумачанка распавядае сайту "НароднайВолі".


— У рэзалюцыі, якая будзе адпраўлена ў Савет Міністраў і Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, утрымліваецца шэсць пунктаў, — распавядае Анатоль Шумчанка. – Засяроджуся на галоўных. Мы выступаем за тое, каб для індывідуальных прадпрымальнікаў зноў быў уведзены патэнт на рознічны гандль. Гэта значыць, чалавек, які займаецца прыватным бізнесам, раз на год купляе гэты патэнт, выплочвае ўсе падаткі і спакойна працуе. Так у Беларусі працавалі раней, так працуюць у краінах Еўропы. А на сённяшні дзень кожны індывідуальны прадпрымальнік нагружаны безліччу адміністрацыйных працэдур, безліччу падаткаў і выплат. Такое становішча рэчаў вядзе да таго, што па ўсей краіне закрываюцца сотні, калі не тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў.

 

Яшчэ адным важным момантам з’яўляецца ўплата індывідуальнымі прадпрымальнікамі падатка ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, гэты падатак налічваецца прадпрымальніку аўтаматычна, нягледзячы на тое, працаваў ён у мінулым месяцы ці не. Мы выступаем за тое, каб падатак у ФСАН уплочваваўся прапарцыйна адпрацаваным дням, а для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць па спрошчанай сістэме, гэты падатак складаў 35% ад пражытковага мінімума. І галоўнае, прадпрымальнікі, якія зарэгістравалі ІП, але з той ці іншай прычыны не ажыцяўляюць сваю дзейнасць, павінны мець права выплаты падатку ў добраахваотным парадку. Не плоціш падатак – не маеш працоўнага стажу.

 

— Яшчэ адной балючай праблемай для індывідуальных прадпрымальнікаў з’яўляюцца шматлікія праверкі, а ў некаторых выпадках і канфіскацыя тавару…

 

— Так, на гэта мы таксама вярнулі ўвагу. «Перспектыва» выступае за тое, каб на заканадаўчым узроўні было прынята рашэнне, якое забараняе канфіскацыю тавару. Мы таксама за тое, каб у краіне не праводзіліся праверкі пад выглядам нейкага маніторынгу працы ІП, мы за тое, каб у Беларусі ўвогуле быў уведзены пяцігадовы мараторый на правядзенне праверак усіх суб’ектаў малога бізнеса. Пяць гадоў – дастатковы час, каб даць прадпрымальніку падняцца на ногі.

 

Мы таксама за тое, каб была перагледжана дзеючая сістэма штрафаў з мэтай зніжэння штрафных санкцый на 50%. І каб штраф быў разумны – сувымерны са шкодай, якая нанесена дзяржаве, а не ў разы болей, як гэта адбываецца зараз.

 

Галоўны пасыл дакумента: індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі гатовы працаваць адкрыта, без шэрых схемаў і падману, толькі дзяржава павінна зрабіць некалькі крокаў насустрач. У Беларусі трэба зняць пятлю з шыі малога бізнесу.

 

— Анатоль, на вашую думку, ці ёсць разуменне гэтых праблем на самым версе. У Міністэрстве эканомікі, Савеце Міністраў, Адміністрацыі прэзідэнта?

 

— На маю думку, разуменне ёсць, ёсць пэўная занепаконасць, але пакуль няма волі пайсці нам насустрач. Мы два гады з гэтым б’емся.

 

Пасля Форуму прадпрымальнікаў, на якім прагучалі меркаванні наконт магчымай забастоўкі, можа, сітацыя зменіцца. У выпадку, калі ўсё застанецца так, як сёння, прадпрымальнікі вернуцца да абмеркавання пытаня забастоўкі ў снежні. Проста правілы, па якім сёння працуюць беларускія ІП – папросту забіваюць малы бізнес.

 

— На якую колькасць подпісаў перад перадачай дакумента ва ўладныя кабінеты вы разлічваеце?

 

— Гаворка не ідзе пра канкрэтную колькасць подпісаў. Наўрад ці будзе сабрана 100 тысяч подпісаў. Дарэчы, збор гэтых подпісаў ідзе, як у інтэрнеце, так і ў народзе.Падпісваюцца не толькі прадпрымальнікі, але і спажыўцы. Яно і зразумела – у гэтай сітуацыі пакутуюць абодва бакі. Праз некаторы час мы падвядзем вынікі збору і адправім рэзалюцыю ў Савет Мінісітраў і Адмінстрацыю прэзідэнта. А далей – слова будзе за ўладай.


Дата стварэння навіны 10.10.2017

Возврат к списку