АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Суіцыд ці «дзедаўшчына» у войску?

Суіцыд ці «дзедаўшчына» у войску?
09.10.2017
3 кастрычніка Аляксандра Коржыча нібыта знайшлі павешаным у вайсковай частцы пад Барысавым, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. расьследаваньня.

 3 кастрычніка Аляксандра Коржыча нібыта знайшлі павешаным у вайсковай частцы пад Барысавым, дзе ён праходзіў тэрміновую службу. Блізкія 21-гадовага Аляксандра Коржыча перадалі ў рэдакцыю Радыё Свабода фотаздымкі цела загінулага, на якім відаць вялікія гематомы. Сям'я і сябры ня вераць у афіцыйную вэрсію і дабіваюцца Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён зьдзейсьніў суіцыд. Карэспандэнты Свабоды пагутарылі з Сяргеем Дзятлам, блізкім сябрам, мужам стрыечнай сястры загінулага. У рэдакцыі ёсць фотаздымкі цела Аляксандра. На іх выразна відаць вялікія гематомы на галаве і тулаве.

 

Суразмоўца кажа, што ня верыць у афіцыйную вэрсію, як і ўсе сябры Аляксандра. Яны збіраюць усе магчымыя доказы таго, што Аляксандар Коржыч не зьбіраўся накладаць на сябе рукі, а таксама факты пра тое, што ў ягонай часьці была «дзедаўшчына». У панядзелак, 9 кастрычніка, сябры загінулага паедуць ў Сьледчы камітэт і пракуратуру дабівацца належнага расследавання.

 

Як распавёў Сяргей Дзяцел, да войска Аляксандар Коржыч працаваў на станцыі тэхнічнага абслугоўвання, рамантаваў аўтамабілі. Суразмоўца кажа, што Аляксандр вельмі любіў аўтамабілі і добра разбіраўся ў іх. Перад сыходам у войска ён прадаў сваю машыну, каб па вяртанні купіць іншую.

 

Аляксандар Коржыч быў адзіным дзіцём у сям’і, найбліжэйшай, апроч бацькоў, яму была стрыечная сястра, з мужам якой, Сяргеем Дзятлам, пагутарылі карэспандэнты Свабоды.

 

За два тыдні да смерці абяцаў маці прыйсьці ў звальненне

 

«Яму ад войска ўвесь час адтэрміноўкі давалі, у яго былі праблемы з сэрцам. А апошні раз выдалі позву, прызналі годным. Ён сказаў, што бегаць ня будзе, адслужыць гэтыя паўтара года, і не будзе ніякіх праблем.

 

Перад тым як ісьці ў войска, пачаў рамонт у кватэры, паставіў кухню новую... А за два тыдні да сьмерці тэлефанаваў маці і казаў, што яму абяцаюць звальненьне на 3 дні, то ён прыедзе і даробіць адкосы на вокнах.

 

Апошнія гады я зь ім зьблізіўся, ён стаў больш дарослы, усім дапамагаў, хто да яго зьвяртаўся, і мне дапамагаў. Ён ніколі не адмовіў нікому. Трэба некуды паехаць хоць уначы — без праблемаў».

 

З карткі Аляксандра Коржыча ў час яго службы здымалі грошы ў розных гарадах

 

«Калі ён сыходзіў у войска, то з сабой узяў банкаўскую картку. На ёй было каля 500 рублёў. Усё выявілася таму, што гэтая банкаўская карта была прывязаная да ягонага айфона, які ён пакінуў у сябра перад сыходам у войска. У прыкладаньні на тэлефоне было бачна, што з гэтай карты ўсё здымаецца і здымаецца, і, у прынцыпе, зараз гэта можна ўжо поўнасцю ўсё адсачыць. Зьняццё грошай адбывалася ў розных месцах — і ў Жодзіне, і ў „Барысаў-Арэне“, і ў Мінску.

 

Ужо потым выявілася, што ўвесь час яму пераводзілі грошы — сваякі і сябры. Ён тэлефанаваў і прасіў у каго 30 рублёў, у каго 50. Але ў той час ніхто ня ведаў, што так шмат іх пераводзіцца. У яго было на карце 500 рублёў, і дзесьці 400 яшчэ накідалі сябры. Ну вось — дзесці 900 рублёў за 4 месяцы ў яго „пайшло“.

 

Нам пасля ўжо распавялі іншыя салдаты, што суткі знаходжання ў гэтай частцы, каб цябе не білі, „каштуюць“ 15 рублёў. Гэтыя грошы трэба плаціць сяржантам. Куды далей гэтыя грошы сыходзяць, ніхто ня ведае. У галаве не ўкладаецца, што так можа быць.

 

Калі мама да яго ездзіла, то ён ёй распавядаў, што грошы вымагаюць. Пра фізычны гвалт не казаў. Здавалася, усё было нармальна, але апошнія два тыдні да смерці ён перастаў тэлефанаваць зусім. А калі і тэлефанаваў, то з нейкіх чужых тэлефонаў. Пасля таго, як знайшлі яго мёртвым, пры ім тэлефону не было. А ягоны тэлефон апынуўся ў аднаго з сяржантаў. Гэта мне сказаў камандзір, калі мы з ім гутарылі. У ліставанні з сябрамі ён паведамляў, што яму 4 тыдні заставалася да пераводу ў Слонім, казаў, што гэтыя 4 тыдні датрывае і перавядзецца адтуль».

 

«Яго не маглі знайсці»

 

«Яны яго не маглі знайсьці, ён знік, і яны яго шукалі 5 дзён па частцы. 26 верасня яго выпісалі з медроты, а пра ягоную смерць паведамілі 3 кастрычніка. Мы задавалі пытанне, чаму нічога не паведамлялі сваякам за гэтыя дні, нам сказалі, што ў медроце думалі, што ён ужо ў частцы, а ў частцы думалі, што ён яшчэ ў медроце. 

Нам не хацелі паказваць цела. Калі мы прыехалі ў Барысаў, першае пытаньне, якое нам задалі, — «як вы так хутка змаглі дабрацца?» Мы 410 кілямэтраў праехалі за тры гадзіны. Маме патэлефанавалі дзесці ў 21.40, яна патэлефанавала нам, прыехалі сябры яго, і мы праз хвілін трыццаць ужо выехалі. І прыехалі ў 2.30 ночы. Яны нас не чакалі. Яны ведалі, што бацька Сашы не жыве з мамай, ведалі, што мама адна.

 

Нас запрасіў адзін з камандзіраў. Усе апускаюць вочы долу. Ніхто нічога не тлумачыць. Нам казалі, што едзьце, маўляў, дадому, мы яго прывязем. Мы запярэчылі, што ня зьедзем, пакуль нам яго не пакажуць. Уначы нам не паказалі ані яго, ані месца, маўляў, працуе Сьледчы камітэт. Мы заначавалі ў Барысаве і запатрабавалі раніцай, каб нам паказалі яго. Нам паказалі яго толькі а 17-й гадзіне».

 

Што такое «сабачая сьмерць»?

 

«На галаве ў яго крывападцёк, і нейкія незразумелыя нібыта тоненькія адтуліны, як быццам яго шылам ці нечым такім калолі.

 

Ананімны вайсковец паведаміў нам, што яго знайшлі павешаным са звязанымі нагамі і на галаве было нешта кшталту балаклавы — у іх гэта называецца «сабачая сьмерць». Накідваецца рэмень, які зацягваецца на шыі, а расцягнуць яго немагчыма, таму што такі мэханізм там.

 

Я сам доктар, калі паказалі яго, першае пытанне да судовага медыка было, чаго такая странгуляцыйная баразна. Калі чалавек сам вешаецца, яна ня можа быць аднолькавай па ўсёй акружнасьці. Калі ж чалавека душаць, у яго атрымоўваецца завершаная странгуляцыйная баразна. А калі чалавек вешаецца, яна больш выяўляецца сьпераду, а ззаду — меней, таму што ціск ззаду меншы.

 

Потым, калі запыталі ў следчага, каб патлумачыў, што здарылася, ён нам адказаў, што тут і тлумачыць няма чаго — гэта суіцыд».

 

«Ужо ня першы выпадак»

 

«Гэта ўжо ж ня першы выпадак такі ў гэтай частцы за год. І маёй жонцы тэлефануюць цяпер маці хлопцаў, якія загінулі да гэтага. І ўсё — адзін у адзін.

 

Хлопчык, які загінуў да Аляксандра, незадоўга патэлефанаваў бацькам, распавёў ім пра сваю сытуацыю, бацька патэлефанаваў начальніку часткі, прыгразіў, што калі не разьбяруцца, то звернецца ў пракуратуру. Праз дзве гадзіны сын ператэлефанаваў, што пытанні ўсе ўрэгуляваныя, усё добра. А праз 12 гадзін бацькам патэлефанавалі і паведамілі, што ён павесіўся.

 

21-гадовы Аляксандр Коржыч загінуў у войску. Блізкія ня вераць у афіцыйную вэрсію "самагубства"

Калі было пахаванне, прыехалі ж сюды і вайскоўцы. Пачалі збірацца Сашавы сябры, і калі ўжо ў двары не было дзе паркавацца, стаяла пад сотню чалавек, то прыехала міліцыя і стала паміж вайскоўцамі і людзьмі. Вельмі баяліся, што будзе самасуд.

 

Мама — просты чалавек, яна слаба разумее, як дабівацца. У яе зараз адна толькі мэта — каб Сашу адпелі. Бо ніхто адпяваць не захацеў. А я і сябры Сашы — мы будзем займацца расследаваннем».



Дата стварэння навіны 09.10.2017

Возврат к списку

cashback