АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Украінцы: «Беларусы нашыя браты, але Расія ўспрымае гэтую краіну як сваю вотчыну»

Украінцы: «Беларусы нашыя браты, але Расія ўспрымае гэтую краіну як сваю вотчыну»
08.10.2017
Беларусь – гэта тэрыторыя, дзе свабодна дзейнічаюць расійскія спецслужбы, так лічаць украінцы. Чаму беларускі МЗС троліць Украіну?

Як яны ставяцца да Беларусі цяпер, пасля вучэнняў «Захад»?  Пра гэта – у інтэрв’ю Белсат Змітра Міцкевіча з Міхаілам Самусем, намеснікам Цэнтру даследаванняў арміі, канверсіі ды раззбраення ў Кіеве.

- Як беларусы ў дадзены момант успрымаюцца ва Украіне ў кантэксце вучэнняў «Захад -2017». Якое стаўленне да нас на міжнароднай арэне?

 

Беларусь вельмі згубіла. Медыі прадстаўляюць вельмі кантрастную карціну, якая часам адрозніваецца ад рэчаіснасці, але ўсе ж больш ідзе ў трэнды, што прысутнічаюць у палітычным жыцці. Розныя правакацыі, у тым ліку выкраданне Паўла Грыба, сведчаць пра тое, што Беларусь можа кантраляваць сітуацыю ў сябе пад уплывам Расіі, якая ва Украіне мае статус «краіны-агрэсара». Вядома, усе гэтыя фактары дадаюць негатыву ва ўспрыняцце Беларусі. Калі запытацца звычайнага ўкраінца, што ён думае пра Беларусь, ён адкажа, што гэта нашыя сябры і браты, але Расія цяпер успрымае гэтую краіну як сваю вотчыну.

 

- Вы ўжо ўзгадвалі пра справу Паўла Грыба. Як гэтае выкраданне ўспрымаецца ва Украіне? Якім чынам яго падаюць ва інфармацыйнай прасторы? І як у сувязі з гэтым выглядае Беларусь?

 

Натуральна, гэты інцыдэнт у нас успрымаюць негатыўна: як адное з цэлага комплексу дзеянняў расейскіх спецслужбаў па затрыманні ўкраінскіх журналістаў, актывістаў, крымскататарскіх актывістаў, палітыкаў і гэтак далей.

 

Калі абстрагавацца ад таго, што гэта адбылося ў Беларусі, гэта ўчынак Расіі як «краіны-агрэсара» супраць Украіны. Але важны аспект, што гэта адбылося на тэрыторыі Беларусі. Калі Украіна заявіла, што Павел Грыб легальна перайшоў мяжу Беларусі, а потым знік, то адказ МУС Беларусі ўспрынялі ва Украіне вельмі негатыўна.

 

Іх рэакцыя нагадвала тролінг у стылі Марыі Захаравай, з жартамі і жаданнем укалоць украінскі бок, маўляў хлопец пайшоў гуляць, да дзяўчыны, усялякае здараецца. Насамрэч гэта вельмі сур’ёзны выпадак.

 

Беларусь ва Украіне цяпер успрымаюць як тэрыторыю, на якой свабодна дзейнічаюць расейскія спецслужбы. Нават міністр замежных справаў Клімкін заявіў, што ён не раіць украінскім грамадзянам ездзіць у Беларусь, бо ён не гарантуе, што гэта бяспечная тэрыторыя, бо верагодна там свабодна дзейнічаюць расейскія спецслужбы. Ад іх можна чакаць чаго заўгодна ў адносінах да ўкраінскіх грамадзянаў, бо ў нас фактычна працягваецца канфлікт.

 

- Што, на Вашую думку, трэба зрабіць Беларусі, каб залагодзіць гэтую сітуацыю? Як з гэтага выйсці ды захаваць твар?

 

Сітуацыя сур’ёзная, і для Беларусі гэта вельмі цяжкая задача. Трэба захаваць твар з пункту бачання хаўрусніка Масквы ў рамках саюзнай дзяржавы ды бліжэйшага геапалітычнага партнёра. Нельга проста сказаць: «Сапраўды, на нашую тэрыторыю легальна прыехаў грамадзянін Украіны Павал Грыб, а потым ён знік, і знайшлі яго ў СІЗА на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі. Мы патрабуем, напрыклад, адкрытага працэсу ды інфармацыі з боку Расеі. Мы цалкам гатовыя супрацоўнічаць з украінскім бокам». На жаль, гэтага пакуль не адбылося. Прынамсі, адкрытай такой камунікацыі няма, у інфармацыйнай прасторы Беларусі такой пазіцыі няма.

 

У выніку з’яўляюцца падазрэнні, што ці то Беларусь супрацоўнічае з Расіяй, ці то яна сапраўды не можа падаць голас уразрэз з Крамлём і не мае адвагі агучыць падобную пазіцыю.

 

Найбольш прадуктыўным для Беларусі цяпер было бы праявіць адкрытасць і заявіць пра тое, што яна гатовая максімальна садзейнічаць у вырашэнні гэтай праблемы.

 

Вядома, што Беларусь не можа вызваліць украінскага грамадзяніна з СІЗА Расеі, але яна можа заявіць, што разумее адказнасць за тое, што спадар Грыб быў выкрадзены з беларускай тэрыторыі, і таму яна гатовая, напрыклад, стварыць камунікацыйны канал паміж Масквой і Кіевам для перамоваў. Пакуль гэтага яна не зрабіла, захоўваецца непрыемны асадак да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь у інфармацыйнай прасторы.

 

Я не ў стане сказаць пра тое, што адбываецца паміж кіраўніцтвам Украіны ды Беларусі, але судзячы па не зусім адпаведнаму тону МУС Беларусі, не думаю, што існуе нейкая добрая камунікацыя паміж МЗС абедзвюх краінаў.

 

- У гэтым кантэксце цікавае пытанне перспектываў адносінаў паміж Беларуссю ды Украінай.

 

Расія будзе гуляць на павышэнне ставак, ёй нявыгаднае збліжэнне Беларусі ды Украіны. Беларусь для Расіі з’яўляецца найважнейшым геастратэгічным элементам канцэпцыі развіцця пашырэння свайго ўплыву не толькі на постсавецкай прасторы, але і на еўрапейскім кантыненце. Падазраю, што Расея будзе актыўна намагацца нашыя стасункі пагоршыць. Будуць правакацыі не толькі ў інфармацыйным, але і ў фактычным плане, напрыклад, праезд калоны «НОД» па Менску, ці прыезд Кадырава.

 

Гэтыя сігналы, што маюць месца не толькі ў інфармацыйнай, але і ў рэальнай палітычнай прасторы, будуць для Кіева не вельмі пазітыўнымі. Яны сведчаць пра тое, што Беларусь знаходзіцца пад уплывам Расійскай Федэрацыі. Хаця ў інтарэсах Украіны збліжацца з Беларуссю, з нашым гістарычна бліжэйшым хаўруснікам і партнёрам. Фармаванне блізкіх адносінаў паміж нашымі краінамі магло бы наагул змяніць баланс сілаў на кантыненце. Нам было бы лягчэй вырашаць свае эканамічныя і геапалітычныя праблемы.

 

На жаль, цяпер гэта немагчыма, бо мы маем зусім розныя адносіны з галоўнымі гульцамі на нашым кантыненце і ў свеце. Украіна знаходзіцца ў стане вайны з Расіяй, Беларусь мае хаўрусніцкія дачыненні з Расійскай Федэрацыяй. Мы ідзем да саюзу з ЗША і НАТА, з якімі Беларусь у межах Саюзнай дзяржавы з Расіяй знаходзіцца ў вельмі напружаных адносінах, якія будуць пагаршацца з узмацненнем санкцыяў супраць Расіі. Таму ў бліжэйшыя часы спадзявацца на тое, што нашая адносіны палепшацца – малаверагодна.


Дата стварэння навіны 08.10.2017

Возврат к списку