АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

«Як я хадзіў з Гігіным і рэгнумаўцам Шыпценкам да фашыстаў з РНЕ»

«Як я хадзіў з Гігіным і рэгнумаўцам Шыпценкам да фашыстаў з РНЕ»
05.10.2017
Па СМІ пайшла інфармацыя, што арыштаваны Сяргей Шыпценка, аўтар Рэгнуму, азнаёміўся з матэрыяламі справы. Маю маральнае права выказаць колькі слоў, бо ведаю Сяргея асабіста: мы няпроста разам з гістарычнага факультэта БДУ.

Мы вучыліся ў адной групе на аддзяленні «Архівазнаўства» і сядзелі за адной партай. Сяргей праяўляў даволі вялікую актыўнасць, заўсёды палымяна выступаў на семінарах. Аднак тады я ўжо заўважыў такую ягоную рысу, як шмат гаварыць і лічыць сябе спецыялістам па ўсіх тэмах, пачынаючы ад класічных рускіх гісторыкаў (на ўступным экзамене ў апошні дзень верасня 1999 (дзень смерці Ліхачова) ў аспірантуру Сяргей заявіў здзіўленым членам камісіі, што ён «подискутировал с Татищевым») і заканчваючы праваслаўем (тэма ягонай дысертацыі была прысвечана сучаснай канфесійнай палітыцы ў Беларусі) і Заходняй Беларуссю (у Сеціве можна знайсці яго сутычкі з Ігарам Мельнікавым). Мела рацыю выкладчык псіхалогіі, калі сказала, што у Сяргея — вялікі размах думкі, але глыбіні не будзе ніколі.

 

Сярод прадметаў ва ўніверсітэце ў Сяргея быў бясспрэчны вораг — беларуская мова. Ён атрымаў адзіную за ўсю вучобу «тройку» па беларускай мове.

 

Сяргей падтрымаў рэферэндум 1995 года, а 15 мая 1995 года, калі студэнты гістафака зладзілі шэсце вакол адміністрацыі Лукашэнкі ў знак пратэсту, уступіў у спрэчку з адным з удзельнікаў і даказваў, што рэферэндум — сапраўдны выбар народа.

Вучыўся я вельмі добра, выключна на адні «пяцёркі» — правінцыйнаму студэнту патрэбна была высокая стыпендыя. Шыпценка, які быў членам Славянскага Сабора «Белая Русь», пачаў прыглядацца да мяне і восенню 1995 года прапанаваў мне ўзначаліць і весці бібліятэку Сабора. Я адмовіўся па нашай беларускай звычцы нікуды не ўмешвацца і глядзець толькі вучобу. І ўсё ж аднойчы Сяргей угаварыў мяне пайсці разам з ім на адно мерапрыемства ў IBB на праспекце Праўды. Ён нават ўзяў хадайніцтва з подпісам кіраўніка «Белай Русі» Сяргеева. Гэты ліст я знайшоў у архіве, калі працаваў над артыкулам пра Сабор. Мерапрыемства ладзілася як раз напярэдадні «мінскай вясны — 1996». Аднак я не пайшоў: у той дзень прыпадаў семінар па гісторыі Расіі, а спадар Мянькоўскі заявіў: таму, хто прапусціць хоць адзін семінар — «пяцёркі не відаць».

 

У сувязі з Шыпценкам мне заўсёды прыгадваецца адна гісторыя. У адзін кастрычніцкі дзень 1997 года Сяргей паабяцаў пазнаёміць мяне з вельмі цікавымі людзьмі. Я згадзіўся. Шыпценка заявіў, што на сустрэчу пойдзе і вядомы сёння Вадзім Гігін, які вучыўся тады на рускамоўным аддзяленні гістфака. З Гігіным мы сустрэліся на чыгуначным вакзале. Гігін зрабіў стаўку на іншае. Тады толькі ўзнік пралукашэнкаўскі Беларускі патрыятычны саюз моладзі, які актыўна вербаваў новых членаў і ствараў ячэйкі. Памятаю, што Гігін хваліўся створанай ім «пяцёркай», г.зн. завербаваў у БПСМ пяць чалавек. Таксама памятаю, што Гігін выступаў за саюз з Расіяй і страшэнна лаяў Лукашэнку.


Калі пад'ехаў Шыпценка, мы рушылі на метро «Усход», а адтуль аўтобусам — ва Уручча і спыніліся перад адной са шматлікіх шматкватэрных забудоў. Неўзабаве да нас выйшаў малады здаровы хлопец з бародкай у камуфляжнай форме і ў сапагах. Ён правеў нас у вагончык, у якім жывуць будаўнікі. У вагончыку былі двое: адзін малады хлопец у камуфляжнай форме глядзеў відэа (як аказалася, пра падзеі ў Маскве 3-5 кастрычніка 1993 года), другі — бландзін з ветлівым тварам сядзеў за сталом. Менавіта ён пачаў размову і адразу — з Расіі і крытыкі Ельцына, называючы яго Беняй (ад Барыса Мікалаевіча). Паступова размова перайшла на Беларусь, і хлапец пачаў крытыкаваць беларускія ўлады за то, што яны не даюць працаваць сапраўдным патрыётам, не публікуюць іх у СМІ і г.д. На маю рэпліку («і не даюць рэгістрацыі») хлапец радасна заківаў, аднак зазначыў, што рэгістрацыя — не перашкода для патрыятычных сіл. Калі я спытаў, што гэта за сілы, хлапец працягнуў мне нейкую лістоўку і я зразумеў, куды папаў. На лістоўцы былі адлюстраваны да болі знаёмая стылізаваная свастыка і злавесная абрэвіятура: РНЕ. Пра рускіх фашыстаў і іх правадыра Баркашова я чуў даўно (і бачыў свастыку на сценах дамоў), а ў Нацыянальнай бібліятэцы яшчэ ў 1994 годзе азнаёміўся з ягонай «Азбукой русского патриота». Але вось так тварам да твару…

 

Неўзабаве я давёдаўся, што ветлівы бландзін — камандзір беларускай філіі РНЕ Глеб Самойлаў, а здаровы хлопец з бародкай — «саратнік» РНЕ Андрэй Пятроў (асноўнае месца працы РНЕ-шнікаў у Мінску 1990-х былі ахова будынкаў, будоўлі).

 

Мне адразу захацелася пайсці, я сказаў, што трэба на вучобу заўтра і г.д. Трэба аддаць належнае Гігіну: ён заявіў, што не падзяляе поглядаў РНЕ і назваў іх фашыстамі, чым раззлаваў Глеба. Ніколі не запамятую выкарачаныя вочы Самойлава, які грукаў кулаком па стале і крычаў, што хутка яны заваююць увесь свет, «и мы будет ходить строем». Пры сыходзе я ўзяў некалькі лістовак і пару нумароў фашысцкай газеты «Русский порядок», якой беларускія баркашоўцы раз на тыдзень гандлявалі каля філармоніі. Па дарозе я спытаў Пятрова, на што яны разлічваюць. Пятроў сцвярджаў, што мэта РНЕ — дапамагчы рускім выжыць. На мае пытанне, ці можа ён выйсці з РНЕ, Пятроў коратка кінуў: «Только вперед ногами». На развітанне Пятроў пакінуў мне нумар хатняга тэлефона, на які, я, дзякуй Богу, ніколі не пазваніў. Апошні раз я бачыў Пятрова ў натоўпе 14 лютага 1998 года, калі «Малады фронт» ладзіў Валянцінава шэсце.

 

На другі дзень Шыпценка, які пры размове з баркашоўцамі не вымавіў амаль ні слова, сказаў, што мы з Гігіным малайцы, бо «прайшлі праверку».

 

Я тады не задаваўся пытаннем, ці быў Сяргей членам РНЕ. Аднак пра шмат гадоў, працуючы ў архіве, знайшоў дакумент, дзе кіраўніцтва Сабора даручыла Шыпценку весці перамовы з РНЕ і ўсё стала зразумела: Сяргей працаваў на два франты. Ананімны каментатар да майго артыкула заўважыў, што Шыпценка быў членам РНЕ і меў нават падпольную мянушку «Шепот».

У чым сэнс такога доўгага паста? У тым, што не варта прымаць тыя ідэалогіі і рухі, якія імкнуцца авалодаць усім светам, а па сваёй сутнасці з’яўляюцца хімерычнымі. Будучыня — толькі за нацыянальнай дзяржавай са сваёй мовай, культурай і межай на замку (у добрым сэнсе). Асабіста я супраць усялякіх саюзаў: амерыканскіх, еўрапейскіх ці еўразійскіх. Толькі двухбаковыя сувязі і візы.

 

Па-чалавечы жадаю Сяргею, каб прысуд суда не быў звязаны з пазбаўленнем волі. Шыпценка і так пакараны: ідэі, якім ён пакланяўся ўсё жыццё, настолькі карысны як і смажаны лёд.

 

P.S. Дарэчы, «шэдэўра» Баркашова ўжо няма ў Нацыянальнай бібліятэцы. І дзякуй Богу!


Піша Аляксандр Кур'яновіч, НН са спасылкай на Фэйсбук. 

здымак ілюстрацыйны з адкрытых крыніц


Дата стварэння навіны 05.10.2017

Возврат к списку