АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Якіх пісьменнікаў выдавалі найбольшымі тыражамі і чые кнігі разышліся па свеце колькасцю ў 3 мільёны экзэмпляраў

Якіх пісьменнікаў выдавалі найбольшымі тыражамі і чые кнігі разышліся па свеце колькасцю ў 3 мільёны экзэмпляраў
05.10.2017
У гады, калі Беларусь уваходзіла ў склад СССР, наклады ў 100, 200 ці нават 500 тысяч асобнікаў мала каго здзіўлялі і не былі чымсьці незвычайным, як падаецца з вышыні 2017 года.

Сёння беларускія аўтары рэдка выдаюцца тыражамі, вышэйшымі за пяць тысяч асобнікаў, а перавыданні - дык наогул справа ледзь не фантастычная. Але так, вядома, было не заўжды. TUT.BY разам з Банкам БелВЭБ высветлілі, якіх пісьменнікаў выдавалі найбольшымі тыражамі. Таксама мы даведаліся, чые кнігі разышліся па свеце колькасцю ў 3 мільёны экзэмпляраў і які аўтар быў найбольш запатрабаваны пасля развалу СССР.


Нацыянальную кніжную палату Беларусі заснавалі ў 1924 годзе. З той пары яна штогод вядзе ўлік кніг, газет, часопісаў, альманахаў, што выдаюцца ў краіне або за мяжой па замове беларускіх выдаўцоў. Менавіта яе архівы дапамаглі нам адшукаць найбольш тыражных пісьменнікаў і іх кнігі, што ўтрымлівалі лідарства па колькасці надрукаваных асобнікаў.


Лідарам гэтага перыяду, а таксама наступных 40 гадоў (выбачайце за спойлер) з’яўляецца Якуб Колас. У гэты час яго кнігі выдаюцца 40 разоў, агульны тыраж складае 125 500 асобнікаў. Самая масавая — «На прасторах жыцця» (1930), яна мела 7-тысячны наклад.

На другім пачэсным месцы — Цішка Гартны. Ён жа Зміцер Жылуновіч — не толькі пісьменнік, паэт і перакладчык, але і грамадскі ды дзяржаўны дзеяч. У яго выходзіць 21 кніга агульным тыражом 81 тысяча асобнікаў. Найбольшы наклад — па 8 тысяч — маюць раман у трох частках «Сокі цаліны» (1922) ды зборнік «Песні працы і змагання» (1921). Цікава тое, што абедзве кнігі былі выдадзеныя не ў мінскім Дзяржвыдавецтве, а ў Берліне Навукова-літэрацкім аддзелам Камісарыяту асветы БССР.

На трэцім месцы аказаўся Змітрок Бядуля — 77,5 тысяч асобнікаў. Найбольшы распаўсюд атрымала аповесць «Салавей» (1929) — 15 тысяч экзэмляраў.

Апошнім у кампаніі лідараў стаў Міхась Чарот. Яго выдавалі 19 разоў. Колькасць асобнікаў - 33 тысячы, 20 тысяч з іх — п’еса «Пастушкі. Данілка і Алеська» (1925).


1931−1940 гады: Колас, Лынькоў, Маўр

 

1931−1940 гады — чорны перыяд у гісторыі беларускай літаратуры, калі таленты і розумы ў лепшым выпадку былі зацкаваныя, у горшым — расстраляныя. Спіс самых выдаваных аўтараў мог бы выглядаць зусім інакш, але ж, як вядома, гісторыя не церпіць ўмоўнага ладу. Таму кампанія лідараў выглядае наступным чынам.

Самым тыражным аўтарам 1931−1940-х гадоў быў Якуб Колас. Колькасць яго выданняў скарацілася да 29, затое агульны наклад падрос да 183 900 асобінікаў. Самым папулярным выданнем Коласа быў зборнік вершаў «Дзед і мядзведзь» (1939) — 20 тысяч.

Другім у гэтай кампаніі стаў Міхась Лынькоў і яго зборнік апавяданняў пад назвай «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937). Кніга друкавалася накладам 15 тысяч асобнікаў. Агулам у Лынькова выйшла 27 адзінак выданняў, тыраж якіх склаў 149,5 тысяч экзэмпляраў.

На трэцім месцы — Янка Маўр. Яго выдавалі 27 разоў агульным тыражом 118 200. Самым істотным па колькасці асобнікаў быў раман «Амок» (1937).


1941−1950: Колас, Куляшоў, Чорны

 

Нягледзячы на тое, што падчас вайны кнігадрукаванне не было прыярытэтнай справай, у 1943 годзе 30-тысячным тыражом выходзіць твор Кузьмы Чорнага «Герой Савецкага Саюза Ціхан Піменавіч Бумажкоў». Для тых, хто не ведае: Ціхан Бумажкоў - кіраўнік партызанскага руху на тэрыторыі тагачаснай Палескай вобласці. Усяго ў Кузьмы Чорнага выходзіць 10 выданняў агульным накладам 107 тысяч асобнікаў. Болей толькі ў Аркадзя Куляшова — 139 тысяч і Якуба Коласа — 307 тысяч. Самай папулярнай кнігай Куляшова былі «Выбраныя вершы і творы» (1948), а Коласа — паэма «Міхасёвы прыгоды» (1947) і аповесць «Трясина» (1950), перакладзеная на рускую мову. Кожная з пералічаных кніг выйшла ў свет накладам 30 тысяч. 


1951−1960: Колас, Шамякін, Танк, Купала, Пястрак

 

У 50-я, калі Савецкі Саюз і, у прыватнасці, БССР пачынаюць ачуньваць пасля вайны, тыражы значна ўзрастаюць. Піліп Пястрак, які замыкае пяцёрку лідараў гэтага перыяду, выдаецца накладам 270 тысяч экзэмпляраў. Самай тыражнай — 100 тысяч асобнікаў - становіцца кніга «Встретимся на баррикадах» (1956).

Толькі пасля смерці Янкі Купалы яго творы пачынаюць выдавацца масава. У 1953 годзе накладам па 50 тысяч асобнікаў выходзяць адразу два зборнікі: «Мальчик и летчик. Алеся: стихотворения» на рускай мове і «Хлопчык і лётчык. Алеся: вершы» на беларускай. Усяго ў гэты перыяд пабачаць свет 18 выданняў беларускага класіка агульным тыражом 278 тысяч экзэмпляраў.

17 выданняў і 345 тысяч асобнікаў выходзяць у Максіма Танка. Самай папулярнай становіцца кніга казак «Конь і Леў» (1955). Было надрукавана ажно 75 тысяч асобнікаў.

Нашмат большыя наклады — у Івана Шамякіна. У гэты перыяд ён выдаваўся 12 разоў, агульны тыраж склаў 470 тысяч асобнікаў. Цікава, што найбольшым тыражом (а гэта 100 тысяч) выходзілі пераклады яго твораў на рускую мову. Сярод іх — раманы «В добрый час» (1955), «Глубокое течение» (1960).

Амаль паўмільёна кніг аднаго аўтара — далёка не мяжа ў гэты перыяд. Якуб Колас па-ранейшаму падвышае стаўкі. Яго ў 1950-я выдаюць 31 раз. Колькасць кніг, якія разыходзяцца па краіне, перавышае 630 тысяч экзэмпляраў. Самая папулярная з іх — не паэма «Новая зямля» ці трылогія «На ростанях», а казка «Рак-усач» (1959) на рускай мове.


1961−1970: Колас, Шамякін, Машара, Барадулін, Шушкевіч

 

У 60-я тэндэнцыя на падвышэнне накладаў застаецца нязменнай. Мяняюцца толькі імёны, хаця Якуб Колас па-ранейшаму застаецца на вышыні рэйтынгу. Яго творы друкуюць накладам 1 мільён 557 тысяч экзэмпляраў. Найбольшы ахоп мае трылогія «На ростанях», выдадзеная па-руску (1967).

За Коласам з невялікім для таго часу адрывам ідзе Іван Шамякін, зноў жа перакладзены на рускую. Накладам 200 тысяч асобнікаў друкуюцца яго раманы «Тревожное счастье» (1969) і «Сердце на ладони» (1970). Агульны тыраж усіх выданняў - 1 204 800.

З удвая меншым тыражом у нашай выбарцы з’яўляецца імя Міхася Машары. Яго казка «Кукушкины слёзы» (1967) друкуецца накладам 400 тысяч экзэмпляраў. Пасля ідзе Рыгор Барадулін: у яго выходзіць 10 кніг, якія разыходзяцца колькасцю, роўнай 608 200 экзэмплярам. Самы высокі наклад у зборніка «Раскидач: веселые стихи» (1969) — 450 тысяч. Апошні ў пяцёрцы самых тыражных аўтараў 60-х — Станіслаў Шушкевіч (бацька вядомага палітыка). У яго выходзіць з друку 10 выданняў агульнай колькасцю 520 500 асобнікаў. 300 тысяч з іх належаць зборніку «А мы крупу сеяли: стихи и сказки» (1967).


1971−1980: Зуёнак, Вольскі, Колас, Шамякін, Танк, Лынькоў, Купала

 

Пад канец 80-х лідары вялізных тыражоў нарэшце змяняюцца. Якуба Коласа пераўзыходзяць Васіль Зуёнак і Артур Вольскі. Дзіцячая кніжка-раскладка «Жили-были под водой» Зуёнка друкуецца накладам 1 мільён асобнікаў, а «Черничка» Вольскага — 1 мільён 600 тысяч! Агулам тыражы Васіля Зуёнка падбіраюцца пад тры мільёны — 2 870 000, у Артура Вольскага «крыху» менш — 2 215 000.

На ўмоўным трэцім месцы — павержаны класік Якуб Колас. Яго тыражы ў параўнанні з «сямідзясятымі» ўпалі нязначна — да 1 523 600 асобнікаў. Найбольш вялікімі накладамі- па 200 тысяч экзэмпляраў - выходзяць «Рак-усач» (1973) і «Савось-проказник» (1980).

Вялізную папулярнасць у выдаўцоў мелі пераклад рамана Івана Шамякіна «Снежные зимы» (сумарны тыраж усіх выданняў 1 469 600), вершы Максіма Танка «Веточка и воробей» (сумарны тыраж усіх выданняў 1 135 200), аповесць Міхася Лынькова «Про смелого вояку Мишку и его славных товарищей» (сумарны тыраж усіх выданняў 1 112 100).

У рэйтынгу можна пабачыць імя Янкі Купалы. Яго друкуюць 22 разы агульнай колькасцю 641 900 асобнікаў. Самае папулярнае выданне Купалы застаецца нязменным — «Мальчик и летчик: стихи» (200 тысяч)


1981−1990: Росін, Вольскі, Танк, Быкаў, Барадулін

 

80-я — апошнія сытыя гады для кнігавыдавецтва. Пасля адбудзецца развал вялікай краіны і глыбокая стагнацыя яе кнігавыдавецкай сістэмы. Але пакуль пра гэта нічога не гаворыць.

Кнігі Рыгора Барадуліна выдаюцца мільённым тыражом («Слыхал?: стихотворение», 1983), Васіля Быкава — таксама («Дожить до рассвета. Его батальон. Волчья стая. Сотников. Обелиск: повести», 1988). Дарэчы, менавіта ў гэты час творы Быкава, які ў 60-я «робіць ідэйныя пралікі», выдаюцца ажно 16 разоў і разыходзяцца да чытачоў 2-мільённай колькасцю.

Больш кніг, чым у Быкава і Барадуліна, выдаецца толькі ў двух аўтараў: Максіма Танка, Артура Вольскага — амаль 2,5 мільёна на 18 выданняў.

А вось найбольш тыражны аўтар 80-х — Аляксандр Росін, чалавек, які рэдагаваў папулярны часопіс для падлеткаў «Парус». У свет выходзяць усяго тры яго выданні, затое іх агульны наклад складае неверагодныя 3 мільёны 400 тысяч асобнікаў. Самае масавае — вершы «Цирковое представление» (1981).


1991−2000: Варонін, Караткевіч, Купала, Заслонава, Сульянаў

 

У 90-х мяняецца не толькі дзяржаўны строй, але і, што натуральна, густы чытачоў. Пасля развалу СССР і яго кнігавыдавецкай сістэмы наклады кніг моцна ўпалі.

Так, пятым у нашым спісе з’яўляецца імя расійскага вайскоўца Анатоля Сульянава. Яго аповесць «Арестовать в Кремле: о жизни и смерти маршала Берия» разыходзіцца тыражом 240 тысяч асобнікаў. У гэты перыяд ён друкуе ўсяго дзве кнігі, другая выходзіць накладам 1500 асобнікаў.

Сульянава «перагнала» Іза Заслонова. У 90-я яе кнігі друкуюцца пяць разоў, сумарная колькасць выданняў - 351 600 асобнікаў. Самая масавая — «Резвушка-хохотушка и сестра её Плакса-квакса» (1992) — 200 тысяч.

Ёсць у нашым рэйтынгу гэтага перыяду і знаёмыя імёны. Напрыклад, Янка Купала. Яго кнігі выдаюцца ажно 16 разоў - амаль 400 тысяч асобнікаў. Найбольшы тыраж мае зборнік вершаў (нарэшце!) «Мой край» — 200 тысяч.

Толькі ў 90-я ў ліку самых тыражных пісьменнікаў з’яўляецца імя Уладзіміра Караткевіча. Яго кнігі друкуюцца ажно 25 разоў сумарным накладам 646 500 асобнікаў. Найбольшы тыраж, праўда, атрымала выданне на рускай мове «Черный замок Ольшанский: роман; Дикая охота короля Стаха: повесть» (1992) — 180 тысяч.

А лідарам у 90-х стаў дагэтуль невядомы пісьменнік (кажуць, што гэта псеўданім для групы аўтараў) Андрэй Варонін. Яго кнігі «Комбат», «Атаман», «Му-му» выходзілі накладам 125 тысяч асобнікаў. У свет выйшла 138 яго кніг, сумарны тыраж якіх склаў 3 620 800 асобнікаў!


2001−2010: Кузьмін, Ганага, Колас, Быкаў

 

У «нулявых» попыт на кнігу значна змяніўся. Васіль Быкаў, які замыкае чацвёрку самых тыражных, выдаецца накладам усяго 72 тысячы асобнікаў на 14 выданняў. Самае масавае з іх — «Выбранае» (2001) — 36 200.

У Якуба Коласа больш — 114 500 асобнікаў, 37 700 з іх належаць паэме «Сымон-музыка» (2001).

Вышэй за іх узняўся дзіцячы праваслаўны пісьменнік Барыс Ганага. У яго выходзіць 47 выданняў агульнай колькасцю 1 141 400 асобнікаў. Самае папулярнае — «О божием промысле» (46 400).


На вышыні ў «нулявых» быў Сяргей Кузьмін, які зараз, па яго прызнанні, «знаходзіцца ў творчым крызісе». Затое 15 гадоў таму ў яго выйшла ажно 58 выданняў сумарным накладам 1 143 600 асобнікаў. Самыя папулярныя з іх мелі тыраж па 30 тысяч экзэмпляраў, напрыклад, вершы «Птицы леса», «Кем я стану?», «Утенок и его друзья».



Дата стварэння навіны 05.10.2017

Возврат к списку