АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Для палякаў ён — апошні кароль, для нас — апошні вялікі князь старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы.

Для палякаў ён — апошні кароль, для нас — апошні вялікі князь старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы.
04.10.2017
Былы кандыдат у прэзідэнты, навуковец Аляксандар Мілінкевіч, наведаў мястэчка Воўчын у Камянецкім раёне, радзіму і месца вечнага спачынку Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі


Мілінкевіч распавёў дэталі раскопак крыпты апошняга манарха Беларусі.

 30 гадоў таму менавіта Мілінкевіч правёў раскопкі каралеўскай капліцы ў воўчынскім касьцёле і выявіў парэшткі манарха.

З дазволу аўтара Свабода публікуе тэкст пра паездку ў Воўчын і раскопкі 1987 году ў скароце.

 

Для палякаў ён — апошні кароль, для нас — апошні вялікі князь старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы. Сын берасцейскай зямлі, Станіслаў Панятоўскі паходзіў з вядомых літвінскіх родаў Чартарыйскіх і, праўдападобна, Сапегаў. Адным словам — з нашых, мясцовых.

 

Ён быў упэўнены, што толькі эўрапеізацыяй, мадэрнізацыяй, разьвіцьцём адукацыі, навукі і культуры можна ўратаваць сваю краіну. І менавіта гэтыя рэформы больш за ўсё непакоілі суседнія імпэрыі.

 Пад ціскам суседзяў-драпежнікаў ён быў змушаны адмовіцца ад тытула сувэрэна і на працягу года былая каханка Кацярына ІІ трымала яго пад хатнім арыштам у гарадзенскім Новым замку. Павал І пасьля яе смерці запрасіў экс-караля да сябе, дзе яго ахвотна прымалі ў салонах, але хутчэй «як птушку ў залатой клетцы» для дэманстрацыі велічы і магутнасьці імпэрыі.

 

І пасля сваёй смерці ў Пецярбурзе наш апошні манарх ня змог знайсьці вечнага спакою, а спытаў сумнае і сымбалічнае блуканьне. Спачатку ён быў пахаваны ў Пецярбурзе. Потым у час сталінскай перабудовы паўночная сталіца савецкай Расея запрапанавала Польшчы «забраць свайго караля».

 

Экс-манарху не знайшлося месца ні ў Кракаве, ні ў Варшаве. І яго саркафаг у 1938 годзе ў таварным вагоне адпраўляюць у Берасьце, адтуль таемна ў Воўчын, дзе ён нарадзіўся і быў хрышчаны.

 

 30 гадоў таму ў кастрычніку 1987 году мы разам з гарадзенскімі сябрамі — археолягам Міхасём Ткачовым, мастаком-рэстаўратарам Уладзімірам Кіслым і маім старэйшым сынам Аляксандрам правялі раскопкі ў каралеўскай капліцы Воўчынскага касьцёлу і апыталі мясцовых старажылаў аб лёсах пахаваньня. Удалося знайсьці дэталі дубовых трунаў, фрагмэнты вопраткі, абутку, каранацыйнай мантыі з каралеўскімі гербамі: шыты срэбрам і золатам арол са знакам цяльца ў цэнтры. З аднаго боку гэта даволі шмат, зь іншага зусім не ўдалося знайсьці костак нябожчыка. Гэта было дзіўна, бо нават у эгіпецкіх пірамідах рабаўнікоў ніколі не цікавілі шкілеты.

 

У нас было дзьве вэрсіі.

 

Першая — у выніку павадкаў ракі Нявы ў Пецярбурзе падвалы касьцёла сьв. Кацярыны, дзе быў пахаваны першапачаткова Станіслаў Аўгуст, шмат разоў заліваліся вадой. Захаваліся дакумэнты некалькіх дасьледваньняў каралеўскага саркафагу, праведзяных пробашчам храма і адмыслоўцамі на пачатку ХХ-га стагодзьдзя. У іх канстатуецца, што на дзіва костак у труне ўжо тады не было, яны цалкам пераўтварыліся ў прах акрамя невялікай часткі патыліцы. Сталая прысутнасьць вады відаць зрабіла сваю нядобрую справу. У такім выпадку ў Воўчын у трунах, праўдападобна, былі дастаўлены рэшткі адзеньня, мантыі і ўжо толькі прах манарха.

 

Другая вэрсія — хтосці зь мясцовых, відаць веруючы чалавек, сабраў косткі нябожчыка і перапахаваў іх. Яна грунтуецца на пераказаным сьведчаньні мясцовых людзей аб тым, што ў 1950-х гадах на адрас будучага беларускага кардынала Казіміра Сьвёнтэка прыйшоў ліст з Казахстану ад сасланага туды былога жыхара Воўчына, аўтар якога паведамляў, што ён ведае дзе шукаць рэшткі караля і гатовы апісаць тое месца. Сьвёнтэк не адрэагаваў нібыта з прычыны, што гэта можа быць правакацыя службаў.

 


Ксёндз пробашч Андрэй Бародзіч, Іна Кулей, Аляксандар Мілінкевіч


У хуткім часе Беларусь наведала афіцыйная польская дэлегацыя на чале з тагачасным дырэктарам Варшаўскага каралеўскага замка Аляксандрам Гейштарам і міністэрства культуры БССР перадала суседняй дзяржаве нашыя знаходкі. У 1995 годзе рэшткі каралеўскага пахаваньня былі ўрачыста з удзелам прэзыдэнта Леха Валенсы і арцыбіскупа Юзафа Глемба перанесены ў склеп катэдральнага сабору Яна Хрысьціцеля ў Варшаве.

 

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі — неад’емны сымбаль нашай незалежнасці.

Сёння Воўчынскі касьцёл аднаўляецца. Фактычна ён па-ранейшаму застаецца месцам астатняга пахаваньня нашага апошняга манарха, бо прах караля і вялікага князя пасьля рабаваньня саркафагу адышоў у яго родную зямлю менавіта ў крыпце каралеўскай капліцы храма сьвятой Тройцы. Гэта пацьвердзілі і мікрабіялагічныя дасьледваньні глебы крыпты навукоўцамі з Гданьска.

 

Ён застаўся ў Воўчыне.

 

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі — неад’емны сымбаль нашай незалежнасьці. У Беларусі ён прыйшоў на свет, тут прайшло яго дзяцінства, тут ён страціў манаршыя паўнамоцтвы і на нашай зямлі ён па волі лёсу пахаваны. Каралеўская крыпта — святое месца на мапе краіны.

 


 


Дата стварэння навіны 04.10.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку