АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Шматдзетная сям'я Снігір атрымала ад Аляксандра Лукашэнкі карову Белку

Шматдзетная сям'я Снігір атрымала ад Аляксандра Лукашэнкі карову Белку
04.10.2017
Як жыве і колькі зарабляе сям'я, якой Лукашэнка падарыў карову.

«Наша Ніва» звязалася з бацькам, Сяргеем Снігіром, і распытала яго пра жыццё і планы.

Сяргею Снігіру 26 гадоў, яго жонцы Вользе — 23.

 

Сяргею 26 гадоў, яго жонцы Вользе — 23. У сям’і ўжо пяцёра дзяцей. Старэйшаму 6 гадоў, самым малодшым (нарадзілася двойня) па 2.

Сяргей працуе механізатарам на мясцовым прадпрыемстве «Ясень-Агра», жонка даглядае дзяцей. Яны нарадзіліся ў вёсцы Ясень, там жа і засталіся жыць і працаваць.

 

Прадпрыемства, кажа Снігір, паціху развіваецца: «раней было не вельмі, цяпер змяніўся кіраўнік, стала лепш». Заробак у Сяргея — 400—500 рублёў. Аднак з усімі «дзіцячымі» выплатамі на сям’ю з сямі чалавек атрымліваецца 1400 рублёў на месяц. Нармальна, кажа Сяргей, але на карову ўсё ж не назбіраеш.

 

 

«З дзецьмі адкласці на карову цяжкавата. Нам далі пародзістую карову, бязрогую, я нават не ведаю, колькі яна каштуе. А звычайная карова каштавала б 1200-1500 рублёў», — расказвае Сяргей Снігір.

 

Але карова была патрэбная — бо дзецям цяжка без малака. І жонка Вольга вырашыла напісаць у Адміністрацыю прэзідэнта ліст ды папрасіць у Лукашэнкі тую карову.

 

«Жонка вырашыла сама напісаць абы-абы — а раптам дадуць? Напісала тыдні два таму на сайт, я нават не ведаў пра гэта. Даведаўся толькі калі прыехала да нас мясцовая адміністрацыя, і жонка прызналася, сказала, што даслала ліст», — узгадвае Сяргей.

 

Карова чакае цяля, яно мусіць з’явіцца бліжэй да вясны. Сама карова прыехала да сям’і Снігір ужо з імем (яе завуць Белка). Як назавуць цяля, Сяргей пакуль не ведае. На пытанне, ці не хоча ён даць яму імя ў гонар Лукашэнкі, Сяргей жартуе: «Ну, калі «хлопчык» будзе, то можа і назавем Сашкам».

 

 Што будуць рабіць з цяля, Снігір таксама пакуль не вырашыў, але найхутчэй, аддасць яго ў калгас.

 

Сяргей прызнаецца, што сям’і б не перашкодзіў яшчэ вялікі аўтамабіль, «звазіць дзяцей у цырк, на атракцыёны». Тым больш у ідэале ён хацеў бы мець 6—7 дзяцей.

 

Але ў бліжэйшы час звяртацца да ўладаў Сяргей і Вольга не плануюць.

 

«Досыць. І за карову вялікі дзякуй!», — кажа Сяргей.


Дата стварэння навіны 04.10.2017

Возврат к списку