АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Рыгор Сітніца: "Помнік Уладзіміру Караткевічу я паставіў бы ў скверы каля Купалаўскага тэатра"

Рыгор Сітніца: "Помнік Уладзіміру Караткевічу я паставіў бы ў скверы каля Купалаўскага тэатра"
04.10.2017
Не так даўно мастак Алесь Квяткоўскі выступіў з ініцыятывай паставіць помнік пісьменніку Кузьме Чорнаму ў скверы насупраць касцёла Святых Сымона і Алены.

"Кузьма Чорны, пачынаючы з 1934 года, жыў у некалькіх сотнях метраў ад касцёла, — тлумачыць Алесь Квяткоўскі. – І свайго пана Эдварда Вайніловіча павінен быў ведаць з маленства. Таму я хацеў бы прапанаваць гарадскім уладам абвясціць конкурс на праектаванне помніка Кузьме Чорнаму ў скверы Эдварда Вайніловіча. Тым больш што гэтае месца – знакавае для Мінска, тут шчыльна перапляталіся лёсы людзей… Чорны і Вайніловіч. Прагрэсіўны магнат – землеўладальнік і таленавіты сын патомнага парабка, будучы пісьменнік. Два трагічныя лёсы двух непадобных, але выбітных людзей, што сталі сімваламі эпохі. Імя Эдварда Вайніловіча ўвекавечана пад сенню Чырвонага касцёла. Вельмі хацелася б, каб і асоба Кузьмы Чорнага паўстала тут… У рэшце рэшт, у гарадской прасторы не так і шмат помнікаў нашым пісьменнікам, як і іхнім літаратурным героям…"

 

"Народная Воля" пацікавілася, што думае пра ініцыятыву Алеся Квяткоўскага старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

 

— Вельмі ўсё магчыма, і я падтрымаў бы Квяткоўскага, але не думаю, што ў адным месцы можа быць столькі помнікаў, — адказаў Сітніца. — Там ужо ёсць скульптура – хлапец з дзяўчынай. Да таго ж не так даўно мы разглядалі праект мемарыялізацыі гэтага сквера. Там будзе створаны мемарыяльны знак Вайніловічу. Гарвыканкам прыняў гэтае рашэнне. Таму альбо Квяткоўскі проста спазніўся са сваёй ініцыятывай, альбо трэба іншае месца для помніка шукаць.

 

Ну і ўвогуле рашэнне аб ўсталяванні помнікаў канкрэтным асобам прымае кіраўнік дзяржавы. Ёсць такая ініцыятыва Квяткоўскага – цудоўна! Я, напрыклад, хацеў бы, каб у Мінску стаяў помнік Уладзіміру Караткевічу. Але не стаіць жа! Я хацеў бы паставіць помнік Караткевічу ў скверы каля Купалаўскага тэатра, дзе я сам сто разоў бачыў пісьменніка – ён сядзеў на лаўцы, паліў цыгарэту і чытаў газету. І помнік мог быць такім жа! Хаця ўзнікла і іншая ініцыятыва наконт помніка Караткевічу – у зусім іншым месцы… А яшчэ мару, каб у Наваградку стаяў Міндоўг. Пакуль не стаіць. Але я працую над гэтым…

 

З асабістай справы

 

Алесь Квяткоўскі нарадзіўся 13.06.1952 года ў Валожыне. Пасля вучобы ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве паспяхова скончыў у 1975 годзе манументальнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Акрамя творчай працы ў манументальным і станковым жывапісе, амаль 40 гадоў займаецца педагагічнай дзейнасцю, з якіх больш за 10 гадоў працуе на архітэктурным факультэце БНТУ.

 

З’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў з 1990 года. Удзельнік больш за ста выстаў, з якіх каля пяцідзесяці персанальныя. Творы знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Германіі, Ірландыі, ЗША, Індыі.

па інф. "Народная воля"



Дата стварэння навіны 04.10.2017

Возврат к списку

cashback