АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Свае людзі: заснавальнік праекту для беларускамоўнага бізнэсу Svaje.by распавядае пра планы

Свае людзі: заснавальнік праекту для беларускамоўнага бізнэсу Svaje.by распавядае пра планы
02.10.2017
Нядаўна быў запушчаны праект Svaje.by, які мае на мэце аб'яднаць усё нацыянальнае з бізнэсу ў адным месцы.

 За апошні год мы бачым паступовае пашырэнне нацыянальнага бізнэсу і ўсё больш частае ўжыванне роднай мовы ў сферы маркетынгу. Калі раней такія прыклады можна было пералічыць на пальцах адной рукі, то цяпер не паспяваеш сачыць за ўсімі патрыятычнымі прыкладамі.

 

 Аўтары блога 1863x.com вырашылі пагаварыць з кіраўніком праекта Паўлам Коласам пра тое, як ідуць справы і аб планах на будучыню.

 

— Раскажы, як да цябе прыйшла ідэя стварыць «сэрвіс для сваіх»?

Ідэя сфарміравалася сама па сабе, бо я бачу, як людзі шмат гадоў вучаць-вучаць беларускую мову — у школе, ходзяць на курсы «Мовы Нанова» — а выкарыстаць яе потым няма дзе, так часта падаецца ў русіфікаваным грамадстве. І тады частка людзей ад беларускай мовы адыходзіць, а трэба проста падказаць месцы, дзе можна лёгка з карысцю для сябе і для іншых яе выкарыстаць.

 

— То бок не дзеля бізнэсу і грошай, а толькі для падтрымкі роднай мовы?

 

Гэта можа быць бізнэсам калі-небудзь — праз год, пару гадоў, але зараз гэта ўсё толькі дзеля ідэі.

 

— Седзячы ў тваім офісе, не магу не спытаць: а чым сам займаешся?

 

Мы працуем у e-commerce, cтвараем інтэрнэт-крамы для амерыканцаў.

 

— Даўно?

 

Я гадоў 10 гэтым займаюся, а фірму адкрыў гадоў 5 таму.

 

— Гэта значыць, стварэнне сайтаў для цябе — родная стыхія? Часта такія «ідэйныя» праекты робяцца гуманітарыямі на каленцы за адну ноч.

 

Так, у нас невялікая фірма на 5 супрацоўнікаў, але ёсць свая платформа для электроннай камерцыі. Распрацоўваем інтэрнэт-сайты, таму такія задачы не выклікаюць вялікіх складанасцяў. Досведу хапае. І нават у гэтай сітуацыі распрацоўка svaje.by вялася не адну ноч, а некалькі месяцаў, на каленцы за ноч такое не зробіш. Мы маем патэнцыял для развіцця і хуткага рэагавання на новыя выклікі. Калі мы захочам стварыць раздзел прыватных абвестак ці даць магчымасць бізнэсам прадаваць праз наш сайт, гэта будзе справа некалькіх дзён, а не пытанне змены платформы. То бок гэта не сайт-візітоўка, а распрацоўваўся на гады.

 

— Як ты бачыш сітуацыю з фінансаваннем палітычных сілаў у Беларусі? Бо калі браць недзяржаўныя арганізацыі, то гранты атрымлівае не толькі апазіцыя — прарасейскія сілы таксама.

 

Тое, што мы бачым: шмат гадоў фінансуецца ўсё неэфектыўна. Тыя, хто дае грошы, дае іх дзеля сваіх інтарэсаў. То бок Эўропа адсюль выцягвае лепшыя інтэллектуальныя і працоўныя кадры. Тое самае робіць і ўсходні бок.

 

— Зянон Пазняк кажа пра тое, што беларуская палітыка павінна спансіравацца толькі на беларускія грошы. Ты з гэтым згодны?

Гэта было б файна.

 

— Адначасова шмат хто скардзіцца на тое, што вось ва Украіне і пры Януковічу было мноства яркіх апазыцыйных партый, у РФ — Навальны, а ў нас няма нічога…

 

Справа ў іншых эканамічных сістэмах. У нас няма буйнога бізнэсу, які б быў непадкантрольны ўладам. Складана ўявіць, каб тут нейкі банк ці завод фінансаваў іншую палітычную сілу. А вось ва Украіне і Расеі гэта цалкам магчыма.

— Ёсць прыклады паспяховых прабеларускіх бізнэсаў, якія табе падабаюцца і якім ты б паставіў лайк?

 

Я люта бы паставіў лайк Honar, які на сёння даволі моцны брэнд, створаны з нуля.

 

А Symbal.by?

Сымбаль.бай — файны бізнэс, актыўна пашыраецца, шмат філіяўлаў і рэселераў, вялікія абароты. Але пакрыху трэба адыходзіць ад фармату «вышыванка на ўсім». Бо вышыванку на ўсё, што можна, здаецца, ужо наляпілі, ці вось-вось налепяць. Павінен быць наступны іх крок, хочацца нечага большага. На сваім праекце я б жадаў бачыць шмат маленькіх беларускіх ініцыятыў проста для звычайнага жыцця — цырульні, аўтамыйні, кавярні, прадуктовыя крамы. Цэлы такі сусвет, які б задавальняў усе звычайныя патрэбы. І рабіў бы жыццё камфортным, найперш беларускамоўных людзей.

 

— А сам у асабістым жыцці стараешся адпавядаць гэтаму прынцыпу?

 

Вось ў офісе маю сталы ад «Цесляроў», а ў хаце шафа адтуль жа.

 

— Так, ІП Дашкевіча ты падтрымаў. Каго яшчэ?

Офісныя кубкі ад Symbal.by. Таксама маю ад іх амаль поўны камплект цішотак. Кашулю ад Honar маю. Думаю ў найбліжэйшы час набыць што-небудзь ад LSTR.

 

 

Фота Вікторыі Пальчыс

 

— А культурнае жыццё?

 

Падтрымаў пару кніжак на беларускай на краўдфангавых платформах, таксама археалагічны летнік у Крэве. Усё, думаю, на вышэйшыя, у параўнанні са звычайным ахвярадаўцам, сумы. Але ж так і павінна быць, бо я бізнэс. Паказы «Кінаконга» і «Беларускія ўікэнды» таксама падтрымаў.

 

— За апошнія пару гадоў шэраг буйных брэндаў стаў падтрымліваць беларускую мову. А-100, «Вэлком», «Атлант-Тэлекам», «Альфа-Банк», «Еўраопт» — усіх і не запомніш. Ты б іх ўключыў у свой праект ці яны проста кан'юктуршчыкі?

 

Так, я б іх дадаў, але ў асобны раздзел, адзначыў бы імкненне да беларускай мовы. Што да асноўнага каталога, напрыклад, калі гэта Velcom, будзем пазначаць адмысловыя офісы, дзе табе дакладна адкажуць на роднай мове, а не ўсю кампанію цалкам. Агулам я думаю, што гэта была не кан’юктура, а бізнэс шчыра падтрымаў ідэю. Мы са свайго боку падтрымліваем і хочам бачыць пераход ад «фасаднай беларусізацыі» да рэальнай: толькі беларускамоўная этыкетка ці шыльда — гэтага ўжо недастатковая падстава лічыць бізнэс сапраўды беларускім, павінна быць уся камунікацыя па-беларуску, у першую чаргу абслугоўваючы персанал павінен валодаць беларускай мовай. У такім выпадку бізнэсы сапраўды свае і вітаюцца ў асноўным каталогу svaje.by, а не ў асобным раздзеле да яго.

 

— Калі Белгазпрамбанк або ВТБ-Банк з расійскім капіталам пераходзяць на беларускую і падтрымліваюць розныя нацыянальныя ініцыятывы — як да такога ставіцца?

 

А што ў гэтым дрэннага? Я стаўлюся да гэтага добра. Яны тым самым адзначаюць нашую адметнасць, і адметнасць таго рынку, дзе ім трэба працаваць.

 

 

— Але з іншага боку, я еду ў маршрутцы і чую рэкламу ВТБ-Банка на беларускай. А нашы мясцовыя банкі і іншыя буйныя гульцы дагэтуль «саромеюцца» часцяком такіх хадоў. Чаму так выходзіць, што рускія бягуць паперадзе цягніка і робяць маркетынг на нашай роднай мове?

 

— Гэта, напэўна, тое, яшчэ старое, успрыманне мовы як палітыкі. Шмат хто нават зараз думае катэгорыямі канца 90-х і рэфлекторна баіцца нейкіх крокаў у нацыянальны бок. Расейцы ж прыйшлі зарабляць грошы, таму глядзяць на рынак без усялякіх забабонаў і робяць той маркетынг, які прынясе ім больш прыбытку.

 

— А што са скандалам вакол «Савушкавага»?

 

«Савушкаў» не набываю і нікому не раю. Ім пара даўно зразумець, што адсутнасць на этыкетках беларускай мовы, якая з’яўляецца дзяржаўнай, ёсць тыповая моўная дыскрымінацыя. І калі ў інэце іх троляць, то гэта толькі спроба данесці пункт гледжання пэўнай групы спажыўцоў. У перспектыве, упэўнены, гэта непрыманне беларускай мовы ім яшчэ адгукнецца, бо рэпутацыю лёгка сапсаваць і вельмі цяжка пасля аднавіць, асабліва ў такой вострай тэме, як моўнае пытанне. Але мо яны возьмуцца за розум.

 

— Як наогул бізнэсу патрапіць у каталог і якія крытэрыі стаіць перад ім?

 

Зайсці на сайт, націснуць кнопачку «Дадаць», і выскачыць форма для запаўнення — яна простая, стваралі яе з мэтай, каб бізнэсу было прасцей рэгістравацца. Потым мы патэлефануем, і калі нам змогуць адказаць на беларускай мове — дадаем у каталог. Імкнемся правяраць бізнэсы: ці тэлефануем, ці хтосьці ідзе наведваць. Нават пачалі ствараць сетку «сакрэтных агентаў» у рэгіёнах для такой справы, проста без праверкі не дадаем. Вядомыя і шмат разоў правераныя месцы дадаем самі.

 

Бываюць забаўныя здарэнні. Аднойчы дабавіўся сэрвіс рытуальных паслуг, у якога ёсць беларуская версія сайту. Фірма належыць расейскамоўнаму бацьку, а яго сын — беларускамоўны. Я патэліў па кантактным нумары, і бацька мне адказаў: «Ну я вообще-то беларуский не очень понимаю». Ці нейкая турагенцыя, дзе дзве супрацоўніцы і, па легендзе, па-беларуску размаўляе толькі адна, але якраз яна зараз у адпачынку — ніводнага беларускага слова там не пачулі, хоць заяўку на даданне аформілі. Вось гэткім бізнэсам, на жаль, прыходзіцца адмаўляць. Але яны, вядома, могуць паспрабаваць пазней.

 

Вось тут унізе напісана: «Зроблена ў Беларусі без замежных грантаў»…

 

Гэта зроблена, каб падкрэсліць, што мы свае, што мы ўсур’ёз і надоўга. Бо звычайна тыя, хто робіць сайт на грант, у іх сайт працуе год-два і ўсё. Таму такі акцэнт.

 

— Ёсць якія-небудзь сферы, дзе вам патрэбна дапамога добраахвотнікаў?

 

Зараз больш за ўсё мы маем патрэбу ў піяры і прасоўванні сайта, каб найбольшая колькасць беларускамоўных бізнэсаў і спажыўцоў даведалася, што з’явіўся сайт, які арыентаваны менавіта на іх патрэбы. Што датычна вэб-тэхналогій, думаю, мы самі справімся, бо займаемся гэтым прафесійна. А вось наконт мабільных аплікацый пакуль праблема, бо мы іх не робім. Калі нехта займаецца, такую б дапамогу з задавальненнем выкарасталі бы, можна звяртацца ў Facebook, праз кантакт-форму на сайце ці на пошту pk@majstar.com.

 

— Калі пафантазіраваць і ўявіць, што сэрвіс стаў папулярны і пачаў расці, то куды далей будзе рухацца? Якія дадатковыя рэчы і элементы хацелі б увесці?

 

У найбліжэйшыя дні дабавім агульную мапу бізнэсаў, яна ўжо гатовая. Калі дабавім цалкам беларускамоўныя бізнэсы, будзем дадаваць часткова беларускамоўныя і асобных людзей. Напрыклад, нейкі Мікалай прадае шаўрму, і ў свой час працы абслугоўвае на беларускай. Такія прыклады таксама жадаем адлюстроўваць. І не плануем абмяжоўвацца толькі Беларуссю. Ёсць дыяспары ў розных краінах, там таксам трэба працаваць, каб беларусы падтрымлівалі адзін аднаго.

 

— Калі ўжо ёсць больш за 50 кампаній, ці можна думаць аб ўмоўнай «карце лаяльнасці»? Каб, купляючы мэблю ў Дашкевіча, ты атрымліваў зніжку ў тым жа Symbal.by. І наадварот?

 

Зараз мы хочам сабраць усіх у адным месцы. І калі база будзе вялікая, ужо будзем працаваць над рознымі карткамі, акцыям па зніжках і іншымі прыемным бонусамі адносна аўдыторыі.

 

Я веру і ведаю, што шмат беларусаў цягнуцца падтрымаць сваё. Наша місія прапанаваць максімальна зручны спосаб гэта зрабіць.

 

— Але мы забываемся пра рынак працы. Раней беларускамоўнаму было няпроста ўладкавацца на працу.

 

А цяпер дастаткова бізнэсаў, дзе без валодання беларускай мовай на працу не бяруць. Вунь берасцейкі «Князь Вітаўт» шукае сабе гандляроў, вунь магілёўскі «Шпаркі лось» шукае афіцыянтаў і кухараў, менская «Наша ніва» — маркетолагаў і гэтак далей, і гэта свежыя абвесткі толькі за некалькі апошніх дзён. Канешне, хутка ў нас будзе раздзел з вакансіямі і пошукам працы, бо рынак працы «на беларускай» існуе ці пачынае складвацца. Зараз патрэбы ў супрацоўніках растуць, бо актыўна адкрываюцца новыя бізнэсы. Тыя менскія бізнэсы, якія ў нас зараз ёсць на сайце, даюць працу некалькім сотням спецыялістаў толькі ў Менску. Наша мэта — валоданне мовай ператварыць у плюс, калі размова заходзіць пра рынак працы.

 

 

— Што ты параіш рускамоўным патрыётам, якія пакуль не гатовыя перайсці на беларускай, але хочуць таксама ўдзельнічаць у нацыянальным адраджэнні?

 

Можна рабіць маленькія крокі, аднойчы пачаць казаць «Дзякуй» замест «Спасибо», потым пачаць ужываць іншыя простыя словы: «так», «да пабачэння», «вітаю», «добра». Гэта нескладана і нейкага сур’ёзнага дыскамфорту не прынясе. Затое пачуццё беларускасці будзе паступова павялічвацца. І пры іншых роўных умовах, не ў ахвяру якасці, вядома, трэба абіраць «сваіх» і набываць у «сваіх»!



Дата стварэння навіны 02.10.2017

Возврат к списку

cashback