АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Чортаў тузін» фактаў пра БНФ, якія ўсе ведалі, але, магчыма, ужо забыліся

«Чортаў тузін» фактаў пра БНФ, якія ўсе ведалі, але, магчыма, ужо забыліся
29.09.2017
30 верасня ў Палацы мастацтваў адбудзецца ХVIII справаздачна-выбарчы з’езд Партыі БНФ.

«Свабода вырашыла нагадаць гісторыю руху і партыі і сабрала 13 фактаў пра Беларускі народны фронт.


1. БНФ быў утвораны на сходзе «Мартыралёгу Беларусі» спачатку як рух

Беларускі народны фронт «Адраджэнне» быў заснаваны ўвосень 1988 году. 19 кастрычніка 1988 году ў Чырвоным касцёле (дзе тады месціўся Дом кіно) адбыўся ўстаноўчы сход беларускага гістарычна-асветнага таварыства памяці ахвяраў сталінізму «Мартыралёг Беларусі». Заснавальнікамі «Мартыралёгу» выступілі Саюз пісьменьнікаў, Саюз кінэматаграфістаў, Саюз мастакоў і рэдакцыя газэты «Літаратура і мастацтва».

На загад ЦК КПБ у залю нагналі «перадавікоў вытворчасьці», «вэтэранаў». Трэба было абраць старшыню «Мартыралёгу»: ён меўся весьці сход, і ад яго залежала, ці будзе пастаўлена на галасаванне пытанне аб утварэнні аргкамітэту БНФ. Прагучала прапанова абраць Пазняка. Прадстаўнік ЦК КПБ Расціслаў Бузук спрабаваў сарваць галасаванне, але вельмі рашуча павёў сябе Васіль Быкаў — ён проста вырваў мікрафон з рук партыйнага функцыянэра і паставіў на галасаванне кандыдатуру Зянона Пазняка.

 

На пасаду старшыні БНФ «Адраджэнне» быў абраны Зянон Пазьняк.

 

 

Архіўнае фота. Старшыня парлямэнцкай апазыцыі БНФ Зянон Пазняк. Мінск, жнівень 1991 году

 

 2. Устаноўчы з’езд БНФ адбыўся ў выгнанні — у Вільні

24–25 чэрвеня 1989 году ў Вільні, у выгнанні, адбыўся Ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту, на якім прысутнічала каля 400 дэлегатаў. Правесці з’езд у Менску не дазволіў Прэзыдыюм ВС БССР. Грошай не было, дэлегаты дабіраліся ў Вільню за свой кошт. Жыхары Вільні на заклік «Саюдзіса» (нацыянальна-вызвольнага руху Літвы ў 1980–90-х гадах) разбіралі беларусаў на начлег па сваіх кватэрах. Лідэр «Саюдзіса» Вітаўтас Ландсбэргіс дапамог і з памяшканнем для зьезду.

 

На віленскім з’ездзе прызначылі кіроўныя органы, прынялі праграму і статут. У першым раздзеле праграмы гаварылася пра сувэрэнітэт Беларусі, права рэспублікі на выхад з СССР; у другім раздзеле — пра дэмакратыю і правы чалавека. У праграме таксама было патрабаванне вярнуць гістарычную сымболіку і беларускую мову.

 

 3. На першы мітынг на стадыёне «Дынама» сабралася 40 тысяч чалавек

 

Аргкамітэт БНФ арганізаваў 19 лютага 1989 году першы ў Беларусі шматлюдны апазыцыйны мітынг, дазволены ўладамі. Ён праходзіў на галоўнай спартовай арэне краіны — стадыёне «Дынама» пад гістарычным нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй і сабраў каля 40 000 чалавек. Прынятая на мітынгу рэзалюцыя патрабавала скасаваць замацаваную ў Канстытуцыі кіроўную ролю камуністычнай партыі, а таксама вярнуць гістарычную сымболіку, зрабіць яе дзяржаўнай.

 

4. У Вярхоўным Савеце была ўтворана фракцыя БНФ

У 1990 годзе шэраг дэмакратычных кандыдатаў пры падтрымцы БНФ абіраюцца ў Вярхоўны Савет БССР — Зянон Пазняк, Сяргей Навумчык, Валянцін Голубеў, Генадзь Грушавы, Алег Трусаў, Ігар Гермянчук, Пётра Садоўскі, Сяргей Антончык, Мікола Маркевіч, Уладзімер Заблоцкі, Аляксандар Шут, Лявонці Зданевіч, Лявон Дзейка ды іншыя. Пасля выбараў у Вярхоўным Савеце ўтвараецца фракцыя БНФ — 27 чалавек з 345 дэпутатаў, пасля да фракцыі далучылася яшчэ 10 чалавек.

 

 

Архіўнае фота. Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Злева направа — Зянон Пазняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі

 Сябры фракцыі БНФ ініцыююць прыняццё Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы, абвяшчэнне незалежнасці Беларусі.

 

Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР была прынятая 27 ліпеня 1990 году на беларускай мове.

 

Нягледзячы на колькасную перавагу камуністаў у парлямэнце, пасля паразы жнівеньскага путчу ў Маскве дэпутатам ад БНФ удалося дабіцца часовага прыпынення дзейнасці Камуністычнай партыі Беларусі.

 

19 чэрвеня 1991 году Міністэрства юстыцыі зарэгістравала БНФ.

 

5. Партыя БНФ была ўтворана ў Купалаўскім тэатры


29–30 траўня 1993 году ў Беларускім нацыянальным драматычным тэатры імя Янкі Купалы адбыўся III зьезд БНФ «Адраджэнне». Дэлегаты з’езду падтрымалі прапанову кіраўніцтва і прагаласавалі за стварэнне Партыі БНФ.

 

На той час нярэдка гучалі супярэчлівыя думкі наконт таго, ці варта ствараць партыю. Адным з аргумэнтаў стала прынятае Вярхоўным Саветам 12 склікання новае заканадаўства аб выбарах, якое прадугледжвала права ўдзелу ў выбарах толькі для палітычных партый. Грамадзкія аб’яднанні, арганізацыі, рухі згодна з новым заканадаўствам пазбаўляліся такога права.

 

Немалаважным аргумэнтам на карысць стварэння Партыі БНФ было існаванне ў краіне шэрагу іншых партый — Сацыял-дэмакратычнай, Аб’яднанай дэмакратычнай.

Шмат хто з сяброў партый, якія ўжо існавалі ці толькі ствараліся, адначасова ўваходзіў і ў грамадзкае аб’яднанне БНФ «Адраджэнне», у тым ліку і ў кіраўнічыя органы. Ня ўлічваць гэтыя працэсы было немагчыма. Партыя ўзяла на сябе палітычныя функцыі БНФ.

 

6. Збіццё дэпутатаў фракцыі БНФ у Авальнай залі парлямэнту

Галадоўка дэпутатаў апазыцыі БНФ. 11 красавіка 1995 году

 

У сакавіку 1995 году Аляксандар Лукашэнка выступіў з ініцыятывай правесці рэфэрэндум. Ён прапанаваў замяніць бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» на амаль што былыя савецкія, надаць расейскай мове статус дзяржаўнай, падтрымаць курс на эканамічную інтэграцыю з Расеяй і надаць прэзыдэнту права распускаць Вярхоўны Савет.

9 красавіка 1995 году дэпутаты апазыцыі БНФ правялі мітынг каля будынка Вярхоўнага Савету на вуліцы Карла Маркса, які прайшоў у атачэнні падраздзяленняў міліцыі.

 

Праект Пастановы ВС аб ініцыяваным Лукашэнкам рэфэрэндуме, прапанаваны дэпутатамі Апазыцыі БНФ. Сакавік 1995. З архіву С. Навумчыка

 

У ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году дэпутаты апазыцыі БНФ Мікалай Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Юрась Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Уладзімер Заблоцкі, Барыс Гюнтэр, Лявон Дзейка, Лявонці Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Мікола Маркевіч, Віталь Малашка, Сяргей Навумчык, Зянон Пазняк, Сяргей Папкоў, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў і Аляксандар Шут на знак пратэсту супраць рэфэрэндуму абвясцілі галадоўку ў будынку парлямэнту. Уначы іх жорстка збілі ў Авальнай залі байцы невядомага падраздзялення ў чорных масках. Праз некалькі гадзін бальшыня дэпутатаў Вярхоўнага Савету прагаласавала за прапанову Лукашэнкі аб правядзенні рэфэрэндуму.


7. У 1995 годзе ў Вярхоўны Савет 13 склікання ня трапіў ніводзін кандыдат ад БНФ

З прычыны нездавальняючых для БНФ вынікаў парлямэнцкіх выбараў 10 чэрвеня 1995 году на сойме БНФ падалі ў адстаўку Вінцук Вячорка — старшыня палітычнай камісіі БНФ, Уладзімер Анцулевіч — старшыня выбарчай камісіі БНФ, і Лявон Баршчэўскі — сябра палітычнай камісіі БНФ. На тым жа сойме Юры Хадыка, намеснік старшыні БНФ, прапанаваў раздзяліць партыю і рух. На думку Хадыкі, партыя павінна была мець большую свабоду дзеянняў, актыўна супрацоўнічаць з іншымі дэмакратычнымі партыямі. Ён дапускаў, што партыя і рух могуць мець розных лідэраў і што партыя нават можа змяніць назву. Вінцук Вячорка яго падтрымаў, выказаўшы меркаванне, што БНФ павінен заставацца носьбітам нацыянальнай ідэі як грамадзкі рух, а партыя павінна стаць выяўна палітычнай сілай з кансэрватыўнай ідэалёгіяй. Гэтыя прапановы не падтрымаў лідэр фронту Зянон Пазняк, і ўрэшце іх не прынялі. Рознасць поглядаў у кіраўніцтве БНФ, якая яскрава выявілася на тым сойме, урэшце прывяла да расколу фронту.

 

Архіўнае фота. Падчас з’езду БНФ. Дом літаратараў. Злева направа: Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікалай Крыжаноўскі. 1995 год

 8. У 1996 годзе лідэр БНФ Зянон Пазняк эміграваў з Беларусі

У 1996 годзе старшыня БНФ Зянон Пазняк быў вымушаны з’ехаць з краіны, бо, на ягоную думку, у Беларусі існавала рэальная пагроза жыццю. Пры гэтым намінальна Пазняк заставаўся кіраўніком БНФ, а на пасаду выканаўцы абавязкаў старшыні ў Беларусі быў прызначаны Лявон Баршчэўскі.

У наступныя некалькі гадоў рознасць поглядаў кіраўнікоў БНФ перарастае ў сапраўдны канфлікт паміж «палітыкамі сумлення», якія любы кампраміс лічылі за здраду, і «палітыкамі адказнасці», якія гатовыя да пэўных кампрамісаў з іншымі апазыцыйнымі сіламі.

 

9. БНФ і альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары 1999 году


 Канфлікт у партыі БНФ дасягнуў свайго апагею падчас і пасля альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня 1999 году. Кандыдатамі ў прэзыдэнты на гэтых выбарах былі Зянон Пазняк і Міхаіл Чыгір, а разгалінаваная рэгіянальная структура БНФ выкарыстоўвалася для стварэння выбарчых камісіяў на месцах.

Арганізаваць паўнавартасныя дэмакратычныя выбары ва ўмовах дыктатуры было немагчыма. Фактычна гэта была своеасаблівая мабілізацыйная акцыя, акцыя грамадзкага непадпарадкавання, якая павінна была паказаць, што вялікая колькасць грамадзянаў не падтрымлівае і ня лічыць легітымнай уладу Лукашэнкі.

Выбары канчаткова страцілі сэнс пасля таго, як Пазняк зняў сваю кандыдатуру з прычыны «шматлікіх парушэнняў» з боку кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара цягам падрыхтоўкі выбараў і ў самім іх працэсе. Частка лідэраў БНФ рэзка крытыкавала гэтае рашэнне, другая частка падтрымала яго і заклікала сяброў выбарчых камісій — БНФаўцаў выходзіць з іх складу і сабатаваць працу. БНФ апынуўся на мяжы расколу. Дарэчы, пераможцам тых выбараў тады абвясцілі Зянона Пазьняка.

10. Раскол на БНФ і КХП-БНФ

31 ліпеня 1999 году адбыўся VI зьезд БНФ «Адраджэнне», пасля якога Сойм БНФ і Сойм партыі БНФ прынялі рэзалюцыю аб недапушчальнасці расколу і прызначылі на 30–31 кастрычніка другую сэсію з’езду (з’езд партыі БНФ тады так і не пачаўся).

 

 

Вінцук Вячорка, архіўнае фота

 ​У снежні 1999 году зьезд Партыі БНФ абірае старшынём Вінцука Вячорку.Частка дэлегатаў на чале з Зянонам Пазняком утвараюць сваю Кансэрватыўна-хрысціянскую партыю — КХП-БНФ. Паколькі Зянон Пазняк жыў у эміграцыі — у Польшчы і ЗША, то ў Беларусі кіраваў партыяй КХП-БНФ Юрась Беленькі.

Вінцук Вячорка быў старшынём партыі БНФ «Адраджэнне» з 1999 да 2007 году.

11. У змаганні за пасаду старшыні паміж Вінцуком Вячоркам і Алесем Міхалевічам перамог Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі. Архіўнае фота 2008 году

 

7–8 снежня 2007 году адбыўся Х з’езд партыі БНФ. На пасаду кіраўніка партыі былі вылучаныя Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч. Вынікі першага туру галасавання: Вінцук Вячорка — 107 галасоў, Алесь Міхалевіч — 104, Віктар Івашкевіч — 26. У другім туры Вінцук Вячорка набраў 118, Алесь Міхалевіч — 110 галасоў. Вячорку для перамогі не хапіла ўсяго чатырох галасоў — паводле статуту партыі пераможцам лічыцца кандыдат, які набраў 50% плюс адзін голас. На гэтым з’ездзе перамогу прынёс бы вынік у 122 галасы.

 

На наступны дзень з’езду сваю кандыдатуру на пасаду старшыні вылучыў Лявон Баршчэўскі. Яго падтрымалі аднагалосна. Адбылася змена кіраўніцтва, але не на карысць малодшага пакалення. Партыю ўзначаліў, які пісалі тады СМІ, «палітычны цяжкавагавік, які мае вялікі грамадзкі аўтарытэт і ў той жа час дасведчаны ў апаратных гульнях».

 

12. «Маладыя ваўкі ўсё ж такі з’елі зуброў»

5 верасня 2009 году на ХІІ справаздачна-выбарчым з’ездзе старшынём партыі БНФ быў абраны 33-гадовы Аляксей Янукевіч.

Каманда Лявона Баршчэўскага прапаноўвала ў абавязковым парадку ўключыць пытанне аб вызначэнні адзінага кандыдата на прэзыдэнты на выбары 2010 году ад Партыі БНФ. Моладзь, паплечнікі Аляксея Янукевіча настойвалі на тым, што кандыдата ад партыі пакуль вызначаць заўчасна. У выніку галасавання быў зацверджаны парадак дня, які прапанаваў Аляксей Янукевіч.

На выбарах кіраўніка партыі за Лявона Баршчэўскага прагаласавалі 144 дэлегаты, Аляксей Янукевіч атрымаў 174 галасы.

 

 

Лявон Баршчэўскі (зьлева) і Аляксей Янукевіч на з’ездзе БНФ 5 верасня 2009 году

 

«Маладыя ваўкі ўсё ж такі з’елі зуброў», — шапталіся пазней у кулюарах тыя, хто прайграў…

Лявон Баршчэўскі тут жа выйшаў са складу Сойма Партыі БНФ, абгрунтаваўшы сваё рашэнне тым, што яго не падтрымаў з’езд. Былы намеснік Лявона Баршчэўскага, экс-старшыня партыі Вінцук Вячорка выказаўся яшчэ больш рэзка: «Адбыўся рэйдэрскі захоп кіраўніцтва Партыі БНФ».

11 кастрычніка 2014 году Янукевіч быў пераабраны старшынём партыі БНФ на другі тэрмін.

 

13. Сёлета на пасаду старшыні партыі БНФ прэтэндуюць 5 кандыдатаў

Паводле зменаў у статуце партыі Аляксей Янукевіч ужо ня можа абірацца кіраўніком партыі трэці раз запар. На крэсла і партфэль старшыні прэтэндуюць цяпер 5 кандыдатаў:


Ілля Дабратвор, 36 гадоў. Па адукацыі псыхоляг. Працаваў сацыяльным пэдагогам, прадпрымальнікам. Шматдзетны бацька — мае пяцёра дзяцей.

 


Вольга Дамаскіна, 43 гады. Была супрацоўніцай Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніка, там з ёй не працягнулі кантракт. Працуе адміністратарам у салёне прыгажосці ў Наваполацку.


 Рыгор Кастусёў, 60 гадоў. Быў кандыдатам ад партыі БНФ на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. Працаваў дырэктарам саўгаса, будаўнічых кампаній, галоўным мэханікам ПМК, а таксама на кіроўных пасадах сфэры ЖКГ.

 

Ігар Лялькоў, 46 гадоў. Скончыў гістфак БДУ, вучыўся ў Сарбонскім унівэрсытэце (Францыя) і Цэнтры ўсходнеэўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўнівэрсытэту (Польшча). Працаваў у Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводзтве. Намеснік старшыні БНФ.

 

Алесь Таўстыка, 44 гады. Скончыў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Быў адным з лідэраў прадпрымальніцкага руху, летась спрабаваў ачоліць рух «За Свабоду», за яго прагаласавалі толькі два чалавекі.


Спасылка на крыніцу:  https://www.svaboda.org

Дата стварэння навіны 29.09.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку