АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Навошта БДУ кароль? Патрэбен аўтарытэтны рэктар

Навошта БДУ кароль? Патрэбен аўтарытэтны рэктар
28.09.2017
«Кароль арганізоўваў разгон нацыянальна свядомых гісторыкаў». Казулін і Краўцэвіч каментуюць замену рэктара БДУ.

Аляксандар Лукашэнка 28 верасня зняў з пасады рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту акадэміка Сяргея Абламейку і прызначыў на гэтае месца былога рэктара Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Андрэя Караля (на здымку). Як гэтую адстаўку і прызначэнне камэнтуюць вядомыя дзеячы навукова-адукацыйнай сфэры?

 

«Кароль арганізоўваў разгон нацыянальна свядомых гісторыкаў»

 

Алесь Краўцэвіч, прафэсар, доктар гістарычных навук, выкладаў у ГДУ на пачатку 2000-х гадоў:

 

— Асабіста я са спадаром Андрэем Каралём незнаёмы, але дакладна ведаю, што гэта чалавек, пры якім разагналі гісторыкаў з Гарадзенскага ўнівэрсытэту, што нават ён асабіста арганізоўваў гэтыя расправы над навукоўцамі-гісторыкамі. То бок тут ён выявіўся як прыслужнік рэжыму, для мяне гэта адназначна.

 

А што яшчэ пра яго сказаць? Як пра навукоўца я нічога пра яго ня чуў, ведаю, што доктарам навук ён стаў па пэдагогіцы, але наколькі глыбокі ён навуковец, мне цяжка меркаваць.

 

Выкладчыкі ГДУ, прафэсары, з якімі я кантактаваў апошнім часам, даволі нэгатыўна ацэнвалі сытуацыю ў іх ВНУ


Выкладчыкі ГДУ, прафэсары, з якімі я кантактаваў апошнім часам, даволі нэгатыўна ацэньвалі сітуацыю ў іх ВНУ. Казалі, што ідзе імітацыя навучальнага працэсу.


 

Алесь Краўцэвіч, архіўнае фота

Адзін выказаўся нават гэтак, што ад Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту засталася толькі гучная назва, адукацыя там — толькі дах, а якія насамрэч там робяцца справы, невядома.

 

«Калі меркаваць па шанхайскім рэйтынгу, дык БДУ незаўважны»

 

Аляксандар Казулін, рэктар БДУ ў сярэдзіне 2000-х гадоў, кандыдат на прэзідэнта на выбарах 2006 году.

 

— Для мне адстаўка Сяргея Абламейкі ня стала нечаканасьцю, ужо месяцы тры пра гэта казалі ў навукова-адукацыйных колах. Наколькі ведаю, у БДУ была сур’ёзная праверка, і, магчыма, па яе выніках яму сказалі пісаць заяву аб адстаўцы.

 

Вядома, некарэктна выказвацца дрэнна пра сваіх наступнікаў, але заўважу: цяжка адзначыць станоўчае, што зьявілася ў БДУ за час кіраваньня Сяргея Абламейкі. Ён добры навуковец, але, на маю думку, пры ім узровень БДУ як вышэйшай навучальнай установы краіны відавочна знізіўся.

 Аляксандар Казулін, архіўнае фота

А тое, што ў БДУ спасылаюцца на рост міжнароднага рэйтынгу, дык трэба паглядзець, якія гэта рэйтынгі. Бо, прыкладам, калі ўзяць шанхайскі рэйтынг паводле спэцыяльнасцяў, дык БДУ ў ім можна і не заўважыць.

 

І гэта ня дзіва, бо, скажам, матэрыяльна-тэхнічная база ўнівэрсытэту безнадзейна састарэла, новае абсталяваньне не закупляецца, галоўны корпус БДУ за 50 год не рамантаваўся. На маю думку, вынікі, з якімі БДУ падыдзе да свайго стагоддзя, будуць вельмі сумныя.


Пра сытуацыю ў БДУ можна меркаваць і па ўзроўні заробкаў прафэсарска-выкладчыцкага складу. У параўнанні з тым жа Тэхналягічным унівэрсытэтам выкладчыкі БДУ зарабляюць на 40–50% меней — хіба гэтак можна?

 

Раней штогод у лютым рабілася справаздача пра гаспадарча-фінансавую дзейнасць, усе лічбы былі адкрытыя, было бачна, колькі атрымлівае рэктар, колькі прарэктар, дэкан, загадчык кафэдры — усе. Цяпер усе дадзеныя закрытыя, і гэта ненармальна.

 

Пра акадэмічныя свабоды, пра студэнцкае самакіраваньне таксама гаварыць не выпадае. Іх няма. За маім часам рэктар абіраўся аб’яднанай радай унівэрсытэту, у якую ўваходзіла 625 чалавек, дэканы абіраліся навуковымі радамі. Цяпер — усе прызначаюцца, і за час кіраваньня Сяргея Абламейкі нічога ў лепшы бок не змянілася. У тым ліку адлічваюць студэнтаў, якія заўважаныя ў апазыцыйнай дзейнасці.

 

 Ці такая рэч: за маім часам студэнты маглі браць удзел у ацэнцы ўзроўню выкладчыкаў. Калі дзе выкладчык выкладаў па старых канспэктах, гэта станавілася вядома, узьнікала пытаньне адносна такога выкладчыка. Складаліся рэйтынгі выкладчыкаў, і пры гэтым улічваліся ацэнкі студэнтаў. А цяпер гэтага зноў няма, як у савецкія часы.

 

Што да прызначэньня на пасаду рэктара БДУ спэцыяліста з Гародні і ўпершыню за пасляваенныя часы не выпускніка БДУ— гэта мяне здзівіла. І ня толькі таму, што на ўзровень рэктара нацыянальнага ўнівэрсытэту ставяць чалавека з перыферыі.

 

Ён што, выдатны навуковец, бліскучы пэдагог, выключны мэнэджэр? Але такога я пра Андрэя Караля ня чуў. Што ён добры служака, выканаўца — гэта магчыма, бо, па маіх зьвестках, ягоная кандыдатура ўжо фігуравала падчас прызначэньня міністра адукацыі. Але хіба гэтай якасьці дастаткова?

 

Трэба зыходзіць з таго, што нацыянальны ўнівэрсытэт — гэта флягман, што ён павінен паказваць іншым ВНУ прыклад таго, як развівацца, у якім кірунку рухацца. Прычым ня толькі ў адукацыі і навуцы, але і ў падыходах да развіцьця грамадзтва. І таму галоўнае, каб рэктар БДУ адпавядаў гэтым крытэрам.

 

А ў нас атрымліваецца з кожным разам усё горш. І ў выніку БДУ з флягмана і лякаматыва, ці ледакола, калі магчыма гэтак сказаць, ператвараецца ў звычайны шараговы інстытут.

паводле радыё Свабода



Дата стварэння навіны 28.09.2017

Возврат к списку

cashback