АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Карлюкевіч: Хацелася б, каб беларуская журналістыка была больш цнатлівай

Карлюкевіч: Хацелася б, каб беларуская журналістыка была больш цнатлівай
28.09.2017
28 верасня міністрам інфармацыі становіцца журналіст і пісьменнік Аляксандр Карлюкевіч. На гэтай пасадзе ён змяніў Лілію Ананіч. Прапануем лепшыя пяць цытат новага міністра.


Пра беларускую мову

 

"Усё робіцца для таго, каб беларуская мова была ў шырокім прасторы, і ёсць рэсурс. Усё залежыць ад грамадскай зацікаўленасці, ад пазіцыі кожнага з нас у побыце, у нашых сацыяльных камунікатах", — інтерв’ю Белтэлерадыёкампаніі

 

“Мы разам з тымі чытачамі, хто ўжывае беларускую мову. Пры чытанні, пры паўсядзённых гутарках і размовах. Ці дастаткова гэтага, ці патрэбны новыя медыйныя праекты, залежыць ад таго аналізу, які неабходна правесці па тыражах выданняў. Але і так зразумела, што тыражы беларускамоўных будуць меншыя. Таму што шматкрат меншая колькасць жыхароў нашай краіны ўжывае ў паўсядзённых стасунках беларускую мову”, па інф. Еўрарадыё

 

Пра журналістыку

 

“Мне б хацелася, каб беларуская журналістыка і далей была крыху больш цяплейшай, цнатлівай. Журналістыка, якая скіраваная на дабрыню, спагаду, дабрыню і спакой. Гэта будзе спрыяць кансалідацыі грамадства. Разбуральная журналістыка, якая звязаная з такімі разуменнямі як інфармацыйныя войны, яна не на карысць. Нашага жыцця не хопіць, каб перамагчы гэтыя войны, запачаткаваныя ў розных медыйных прасторах”, — з інтерв’ю Белтэлерадыёкампаніі.

 

"Сёння да нас бліжэйшыя сацыяльныя сеткі, чым папяровыя старонкі, нам прасцей, прачнуўшыся раніцай, уключыць Інтэрнэт, ўключыць тэлефон, ужо нават не тэлевізар. Таму наша свядомасць павінна выцягнуцца кудысьці далей, і “гэта далей” павінна насіць такі актуальны характар, такі экспертны фармат, каб яно нас магло пераканаць адкласці ў бок тэлефон, выйсці з сацыяльнай сеткі і ўзяцца за чытанне “паперы”.

 

Пра нацыянальную ідэю

 

“Пошукам нацыянальнай ідэі займаліся ва ўсе часы гісторыі Беларусі. Ёсць цэлыя дапаможнікі, напісаныя з гэтай нагоды. Сённяшняя рэчаіснасць выстаўляе шырокія задачы ў пошуку гэтай ідэі. Няхай навукоўцы выкарыстоўваюць нашу працу, аналізуюць і думаюць пра ідэю. Не вялікая бяда, калі гэтая ідэя будзе сфармаваная адной нейкай фразай крыху пазней”, — з інтерв’ю газеце “Літоўскі кур’ер”.

Падрабязней падрыхтавала Наша ніва.


Пісьменнік, вайсковец, удавец: пяць фактаў пра новага міністра інфармацыі Алеся Карлюкевіча

Аляксандр Лукашэнка зняў Лілію Ананіч з пасады міністра інфармацыі. Цяпер гэтае ведамства ўзначаліць 53-гадовы беларускамоўны пісьменнік Алесь Карлюкевіч. «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты пра чыноўніка.

Бацька працаваў у калгасе, мама — настаўніцай

Алесь Карлюкевіч нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна. На той момант у вёсцы жыло каля 500 чалавек. Бацька — Мікола Карлюкевіч — працаваў у родным калгасе рабочым. Мама (дзявочае прозвішча Ладуцька) была настаўніцай малодшых класаў. У адным з інтэрв’ю Алесь казаў, што чытаць яго навучыў бацька. Хлопчык з захапленнем чытаў вершы беларускіх паэтаў — Панчанкі, Пысіна, Баравіковай. Выпісваў часопіс «Маладосць».

 

У пачатковую школу Карлюкевіч хадзіў у роднай вёсцы, а вось у сярэднюю ўжо ў Пухавічах, хадзіў пешшу. «У пачатковай школе ўсе прадметы былі любімымі. У 4-5 класах — матэматыка. Вяла Ганна Барысаўна Вальфсон. Але неяк матэматыка пасля адышла на задні план. Перамаглі ўрокі беларускай літаратуры, якія цёпла, з душой выкладаў Рыгор Аляксандравіч Гардзей, і гісторыі», — згадваў Карлюкевіч.

 

«Канькі, самаробныя клюшкі, «каза» з металічнага дроту, санкі, лыжы, валейбол, футбол — усё гэта вабіла і прыцягвала. Побач — лясы. Грыбныя паходы заварожвалі…», — так ён апісвае свае дзіцячыя забавы.

 

Пры ім знікла «Чырвоная змена»

 

Пасля школы Карлюкевіч паехаў вучыцца ў Львоў, на факультэт журналістыкі вайскова-палітычнага вучылішча. Потым на доўгі час звязаў свой лёс менавіта з войскам. Служыў на журналісцкіх пасадах у шматтыражках, у газеце «Во славу Родіны». У савецкі час пажыў у Туркменістане. Мае вайсковае званне — падпалкоўнік. Са службай развітаўся толькі ў 1995 годзе, калі перайшоў на працу ў «Звязду».

 

Адметна, што свае першыя публікацыі Алесь Карлюкевіч рабіў у газеце «Чырвоная змена». У 1998-м ён узначаліў выданне. «Чырвоная змена» — гэта моладзевае беларускамоўнае выданне, з якога пачыналі многія вядомыя аўтары. Яно заўсёды заставалася крыху больш свабодным за многія іншыя дзяржаўныя газеты. Адметна, што «Чырвоная змена» спыніла сваё існаванне (не ўлічваем існаванне ўкладыша ўнутры «Звязды») менавіта пры Карлюкевічу.

 

Працаваў у «СБ», сябра чаргінцоўскага Саюза пісьменнікаў

 

 Ад 2002 да 2006 года Алесь Карлюкевіч працаваў журналістам у газеце «Советская Белоруссія». У 2003 годзе пасля смерці Васіля Быкава артыкул у выданні Адміністрацыі прэзідэнта пісаў менавіта Карлюкевіч. Было там шмат неадназначных момантаў. Кажуць, што некаторыя класікі беларускай літаратуры пасля гэтага адмаўляліся стасавацца з Карлюкевічам.

 

У 2006-м ён узначаліў холдынг «Літаратура і мастацтва». Адбылося гэта ўжо пасля таго, як з выданняў «пасыходзілі» многіх пісьменнікаў, пазіцыя якіх не супадала з дзяржаўнай. Калі адбыўся раскол у Саюзе пісьменнікаў, то Карлюкевіч падтрымаў чаргінцоўскі.

 

Творчасць Алеся Карлюкевіча заўсёды была беларускамоўнай. Першая кніга была выдадзеная ў 1994 і называлася «Вяртанне… да Беларусі». Шмат пісаў па краяўзнаўству Пухавіцкага раёна. Апошнім часам Карлюкевіч піша і мастацкую літаратуру.

 

«Чарговая гісторыя, якую вы прачытаеце ў новай кнізе, пра тое, як калабок Шубуршун са сваёй сяброўкай пяцікласніцай Веранікай падарожнічаеце па хвалях Свіслачы да роднай рэчкі Балачанка», — так ахарактаразаваў адну з сваіх апошніх кніг сам аўтар.

 

Дачка ў Маскве, жонка памерла

 

«Часам гадамі жыў у атмасферы, калі з беларусаў побач былі толькі жонка Святлана і дачка Вераніка. І можа быць, — яшчэ на гадзіну-другую ў месяц два-тры выпадковых стрэчных з Беларусі. Але і ва Украіне, Туркменістане, іншых куточках свету я пісаў па-беларуску і думаў па-беларуску», — казаў Карлюкевіч.

 

Жонка новага міністра інфармацыі працавала начальнікам аддзелу кадраў Мінскага завода аўтаматычных ліній. Яна памерла ад раку. Былі праблемы са здароўем і ў самога Карлюкевіча.

 

Адзіная дачка Алеся Мікалаевіча Вераніка скончыла БДУ ў 2009 годзе. Ёй 31 год, яна спецыялізуецца на кітайскай мове. Выкладала ў БДУ, працавала спецыялістам па сувязях з грамадскасцю ў гасцініцы «Пекін». Цяпер Вераніка Карлюкевіч жыве ў Маскве, дзе працуе піяр-дырэктарам у кітайскай кампаніі «Карпарацыя ZTE — Сувязьтэхналогіі».

 

Атрымаў прэмію 28 тысяч даляраў

Ад 2011 года Алесь Карлюкевіч узначальваў газету «Звязда». Калектыў звыкаўся да новага рэдактара па-рознаму. Напрыклад, у гэты час з выдання быў звольнены журналіст Яўген Валошын.

 

Падчас рэдактарства ў «Звяздзе» Карлюкевіча нярэдка запрашалі госцем у перадачу «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1». Да абразаў апанентаў ці іншых гадстваў, Карлюкевіч ніколі не скатваўся. Ён наадварот спрабаваў пазбягаць вострых вуглоў і нязручных тэмаў.

 

У 2014 Карлюкевіч атрымаў прэмію «Зоркі Садружнасці» за дасягненні ў галіне навукі, адукацыі, гуманітарнай дзейнасці. Карлюкевіч разам з Алесем Бадаком дасталі прэмію за серыю кніг на рускай мове «Сугучча сэрцаў». У кожнай з кніг былі прадстаўленыя мастацкія творы адной з постсавецкіх краін. У выніку Бадак і Карлюкевіч падзялілі між сабой 56 тысяч даляраў.

 

Ад снежня мінулага года Алесь Карлюкевіч быў першым намеснікам міністра інфармацыі, цяпер ён узначаліць гэтае ведамства.

 

А вось цытата папярэдніцы Аляксандра Карлюкевіча, Ліліі Ананіч:

 “Сёння казаць пра адсутнасць свабоды слова ў Беларусі як мінімум безадказна".



Автор:  <a href="https://euroradio.fm" >https://euroradio.fm</a>

Дата стварэння навіны 28.09.2017

Возврат к списку

cashback