АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Абраз, якога баяўся Меншыкаў, калі збіраўся паліць Магілёў

Абраз, якога баяўся Меншыкаў, калі збіраўся паліць Магілёў
28.09.2017
Выставай старадрукаў 16-19 стагоддзяў у Магілёўскай ратушы адзначаюць 500-годдзе беларускага кнігадруку ды пяцігоддзе вяртання ў Беларусь статуту Вялікага Княства Літоўскага.

Экспазыцыя сфармаваная з кніг, выдадзеных праваслаўнымі ды каталіцкімі друкарнямі. Усе экспанаты — з фондаў музэя гісторыі беларускай літаратуры і музэя гісторыі Магілёва, паведамляе Свабода.

 


Езуіты выдавалі кнігі для адукацыі ў кішэнным фармаце

 

Сярод экспанатаў выставы «Нацыя кніг. Статут 1588 і старадрукі» рэліквіі рыма-каталіцкай магілёўскай кансысторыі, якія не выстаўляліся раней у беларускіх музэях.

 

Дырэктар музэя гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч адзначыў, што для выставы падбіраліся перадусім выданні езуіцкіх калегіюмаў ды акадэміяў. Такія кнігі падкрэсьліваюць, казаў Яцкевіч, што езуіцкі ордэн на Беларусі займаўся перадусім пытаньнямі адукацыі. Паводле яго езуіты выдавалі падручнікі, граматыкі, дапаможнікі ды слоўнікі невялікага кішэннага фармату.

 «Мы імкнуліся выставай падкрэсліць, што гэты пласт культуры і адукацыі быў запатрабаваны ў Беларусі спрадвеку», — адзначаў Зміцер Яцкевіч.

 

Праваслаўная і каталіцкая традыцыі кнігадруку дапаўнялі адна адну

 

Праваслаўныя друкарні трымаліся кірыліцы і на ёй выдавалі кнігі. Каталіцкія ж друкаваліся на лацінцы. Гэты кантраст быў прыкметным на выставе.

 «Гэта таксама падкрэслівае розныя пласты нашай гісторыі, якія дапаўнялі адзін аднаго, — даводзіў Яцкевіч. — У праваслаўных мы бачым больш рэлігійную літаратуру. У каталікоў — больш адукацыйную. Кнігі таксама перапляталіся па-рознаму. Гэта таксама адметнасць нашай гісторыі кнігі».

 

Упершыню магілёўцам прывезлі з музэя гісторыі беларускай літаратуры спісак абраза Магілёвабрацкай Божай Маці, зробленага ў 19 стагоддзі. Гэты абраз шануецца тутэйшымі вернікамі. Яго праклёну баяўся паплечнік Пятра Першага Аляксандар Меншыкаў, калі збіраўся паліць Магілёў у 1708 годзе.

 

Беларусы спрадвеку друкавалі і чыталі кнігі

 

Цэнтральнае месца ў экспазыцыі адведзенае набытаму на ахвяраванні музэем гісторыі Магілёва асобнік Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. За прамінулыя пяць год у магілёўскіх музэях зявіліся яшчэ два асобнікі Статута 1744 і 1811 году выдання.

 «Беларусы — нацыя кніг, якая спрадвеку іх пісала, друкавала ды перадрукоўвала, а галоўнае чытала гэтыя кнігі, — звяртаўся да магілёўцаў Зміцер Яцкевіч. — Друкаванне кніг і іх вяртанне не магло адбывацца без дапамогі мэцэнатаў. І без цяперашніх дабрадзеяў мы і наўрад ці здолеем узняць нашу культуру».

 

Дырэктар музэя гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што пасьля вяртання ў Беларусь беларускай сьвятыні Статуту Вялікага Княства літоўскага няблага было б разжыцца і хаця б па адным асобніку ўсіх скарынаўскіх выданьняў.

 «Надыходзіць час вяртаньня і рукапісаў, бо многія зь іх не былі надрукаваныя, а тыя, што выдаваліся, былі з выпраўленнямі і цэнзурай, — гаварыў Зьміцер Яцкевіч — На аўкцыёнах зьяўляліся рукапісы Яна Чачота і іх таксама было б добра набыць. Пагатоў, што сёлета двухсотгодзьдзе Таварыству філяматаў-філарэтаў. А налета — 220 год — Адаму Міцкевічу. Таму хацелася б падкрэсліць, што час раскідаць камяні мінуў і трэба брацца іх збіраць».


Дата стварэння навіны 28.09.2017

Возврат к списку