АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Фігуранты "справы патрыётаў" выступілі з супольнай заявай

Фігуранты "справы патрыётаў" выступілі з супольнай заявай
26.09.2017
15 фігурантаў так званай "справы патрыётаў" ("справы Белага легіёна") выступілі з супольнай заявай.

Як паведамлялася раней, 21 верасня быў працягнуты тэрмін следства па гэтай справе, пачатай паўгода таму.

 

"Мы спадзяваліся, што зацікаўленым дзяржаўным структурам хопіць шасці месяцаў, каб разабрацца і зразумець: падставаў для ўзбуджэння крымінальных справаў па артыкулах 293 ч. 3 ды 287 не было і няма. Так, справа па артыкуле “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (293 ч.3) была спыненая, але замест асэнсавання памылковасці ўзбуджэння згаданых справаў, за гэты час ні з адной асобы па справе “аб незаконным узброеным фармаванні” не было знятае абвінавачванне, і 21 верасня тэрмін следства па арт. 287 зноў працягнуты", — гаворыцца ў заяве.

 

Непрыемным "сюрпрызам" фігуранты справы называюць нядаўняе пазбаўленне ліцэнзіі Ганны Бахціной, адвакаткі ключавога фігуранта справы Міраслава Лазоўскага. Менавіта яго следства спрабавала паказаць лідарам “узброенай арганізацыі”.

 

"Відавочна, такое рашэнне ў дачыненні да аднаго з найбольш вядомых адвакатаў краіны палітычна матываванае, вытрыманае ў духу помсты за сумленнае выкананне Ганнай Віктараўнай сваіх прафесійных абавязкаў у якасці юрыста і адваката. Спадзяемся, што падобная практыка не будзе прымененая да іншых адвакатаў, а несправядлівае рашэнне ў дачыненні да Ганны Бахціной будзе адмененае", — падкрэсліваюць падпісанты.

 

Фігуранты "справы патрыётаў" па-ранейшаму заяўляюць пра сваю невінаватасць і надуманасць падставаў для арыштаў і абвінавачанняў. Яны мяркуюць, што справа мае палітычную аснову і не падмацоўваецца фактычнымі падставамі.

 

"Пры гэтым абвінавачанні ў спробе арганізацыі “масавых беспарадкаў”, а пасля — у “стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання” не маюць нічога агульнага ані з колішняй дзейнасцю ўжо даўно не існуючай спартова-патрыятычнай арганізацыі “Белы Легіён”, ані з персанальнай дзейнасцю і жыццём кожнага з нас, хто з-за палітычных гульняў трапілі пад рэпрэсіі", — дадаюць фігуранты "справы патрыётаў".

 

Падпісанты дзякуюць тым, хто падтрымліваў іх і іхныя сем'і. Разам з тым яны перасцерагаюць ад магчымых махляроў: "На жаль, былі і спробы спекуляцый на нашай бядзе. Таму мы вымушаныя звярнуцца з перасцярогай: любое пазіцыянаванне сябе якімі-кольвек асобамі як чальцоў “Белага Легіёна”, дзейнасць ад імя гэтай ужо не існуючай арганізацыі, збор грошаў як быццам бы на патрэбы “арганізацыі” альбо яе чальцоў, просім лічыць формай махлярства, якое мяжуе з правакацыяй. Нагадваем, што “Белы Легіён” ужо працяглы час як спыніў існаванне, а колішнія яго ўдзельнікі не мелі і не маюць намеру аднаўляць падобнай структуры".

 

Адмаўляючы якую-небудзь датычнасць да абвінавачанняў, вылучаных супраць іх, фігуранты "справы патрыётаў" выступаюць з дэкларацыяй сваіх прынцыпаў: "Нягледзячы ні на што, кожны з нас будзе працягваць справу нашага жыцця — служэнне Радзіме праз развіццё беларускай культуры, пашырэнне беларускай мовы, умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, адстойванне нацыянальных інтарэсаў усімі законнымі спосабамі дзеля ўмацавання і абароны канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь".

 

Пад заявай падпісаліся Аляксей Абрамаў, Андрэй Бяляўскі, Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў, Аляксандр Зімніцкі, Іван Кавальчук, Андрэй Комлік-Ямацін, Міраслаў Лазоўскі, Віктар Мароз, Дзмітрый Новік, Цімур Пашкевіч, Уладзімір Румянцаў, Сяргей Стрыбульскі, Алесь Яўдаха, Уладзімір Фёдараў.

Автор:  "Беларускі партызан"

Дата стварэння навіны 26.09.2017

Возврат к списку