АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

У Андрэя Клімава сваё меркаванне наконт "Валадаркі"

У Андрэя Клімава сваё меркаванне наконт "Валадаркі"
25.09.2017
Былы палітвязень Клімаў пра «Валадарку»: самае страшнае месца на планеце.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня Андрэй Клімаў пабываў у турме на вуліцы Валадарскага ў Мінску тры разы і правёў там агулам каля чатырох гадоў. Ён піша на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

 

«Першы раз я апынуўся ў склепе гэтай турмы 13 лютага 1997 году, і першыя тры дні ў гэтай турме зняволены праводзіць у склепе, дзе камэры ня маюць ні крэслаў, ні сталоў, ні тым больш ложкаў, вам прапануецца жыць на... бэтоннай падлозе (хто ня верыць, праверце), унітазаў там таксама няма, ёьць дзірка ў падлозе, якая адначасова з'яўляецца ракавінай (!)...»

 

Размову пра турму на вуліцы Валадарскага ў Мінску пачаў блогер Аляксандар Лапшын, які правёў там паўтара месяца і напісаў у сваім блогу, што «пасьля Валадаркі, нават фашыстоўскі лягер Асьвенцім не падасца такім страшным».

 

На выказваньні Лапшына адрэагаваў кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка, напісаўшы ў Фэйсбуку:

 

«Артыкул аўтара — ня больш, чым сацыяльная фантастыка, вельмі падобны на банальную хлусьню. У беларускіх турмах досыць недахопаў, за якія іх можна крытыкаваць. Дастаткова выпадкаў парушэньня правоў чалавека. Але для чаго іх вінаваціць у тым чаго няма?»

 

Андрэй Клімаў не пагадзіўся ні з Лапшыным, ні з Бандарэнкам.

 

«Турма на Валадарскага ў Мінску — самае страшнае месца на плянэце, такое меркаванне склалася ў маіх сукамэрнікаў, якія пабывалі ў найгоршых турмах Лацінскай Амэрыкі, Віетнаму, Кітаю і КНДР, — піша Клімаў і працягвае, — улічваючы, што ў мяне ёсьць асабісты досьвед знаходжаньня ў гэтым "раі", як пра яго піша Бандарэнка, я ня мог абысьці ўвагай спрэчку ў сеціве вакол публікацыі блогера Лапшына аб яго прыгодах на Валадарцы».

 

Андрэй Клімаў папракае Андрэя Бандарэнку ў занадта «ружовым» апісанні ўмоваў у турме, а блогеру Лапшыну закідае баязлівасць, бо той, паводле былога палітвязня, не расказаў усю праўду пра гэтую турмы.

 

Клімаў апісвае санітарны стан турмы ў часы яго знаходжаньня там:

 

«Здавалася б, калі цябе падымаюць наверх, у нармальныя камэры з унітазам і рукамыйніцай, сталом і лаўкай, нарамі, жыцьцё зэка наладжваецца... Ды дзе там — я апынуўся ў камэры старога корпусу, дзе на спальнае месца было па тры-чатыры зэкі, ня падабаецца чакаць сваёй чаргі спаць — сьпі на бэтоннай падлозе, як жывёла...

 

Калі вы яшчэ не памерлі ў падвальных камэрах, то ў вас ёсьць шанец падхапіць СНІД, гепатыт, сухоты, проста грып у сваёй камэры, на этапе ў суд, у "стакане" ў чаканьні адваката, паколькі посуд на ўсіх адзін, усе ўтрымліваюцца ўперамешку, а сцены ў "стаканах" рыфлёныя (каб не пісалі на іх пасланні падзельнікам), а таму на іх збіраецца ўсякая зараза ад цвілі і грыбкоў да хваробатворных бактэрый, а ежа такая, што язва, гастрыт, дызэнтэрыя, проста нястраўнасць табе гарантуецца, і гэтыя пакуты могуць доўжыцца гадамі...»

а інф. радыё Свабода


Дата стварэння навіны 25.09.2017

Возврат к списку