АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Каля 60 пахаванняў знойдзена на тэрыторыі храма Божага Цела ў Нясвіжы

Каля 60 пахаванняў знойдзена на тэрыторыі храма Божага Цела ў Нясвіжы
25.09.2017
Ксёндз канонік Пётр ШАРКО: “Расказваю турыстам пра храм у Нясвіжы і працую як будаўнік”

Рэстаўрацыя касцёла Божага Цела ў Нясвіжы выклікае рэзананс за рэзанансам. З апошняга: каля 60 пахаванняў знойдзена на тэрыторыі храма. Больш падрабязна пра гэта MЛЫН.BY расказаў пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы і дэкан Нясвіжскага дэканату ксёндз канонік Пётр ШАРКО. Таксама святар паведаміў, на што хоча паскардзіцца ў Мінкульт, якую дапамогу прапаноўвала сям’я Кенэдзі нясвіжскім святарам і як праходзіць св. Імша для нашчадкаў Радзівілаў.

 — Ксёндз Пётр, зараз многія СМІ падлічваюць косткі і чарапы, знойдзеныя на тэрыторыі храма. А што адчуваюць людзі, якія іх адкопваюць?

— Мне і археолагам хочацца быць крэміраванымі пасля смерці… Жартую, канешне. Насамрэч гэта нармальна, што каля касцёла былі пахаваны людзі. Зямля побач з храмам заўсёды лічылася прэстыжным месцам для магілы, таму апошні прыстанак там знаходзілі толькі самыя знатныя людзі, фундатары святыняў і гэтак далей. На Мядзельшчыне і сёння тэрыторыю вакол касцёла называюць “цвінтаром” (ад польскага “cmentarz”, што азначае “могілкі”. — Аўт.). Да XVIII стагоддзя на нашых тэрыторыях не было прынята ставіць надмагільныя помнікі, а толькі драўляныя крыжы, а яны згнівалі. Таму да канца нам не было вядома, колькі пахаванняў  каля касцёла.

 

— Бачыла вас на двары касцёла не ў святарскай рызе, а ў звычайнай рабочай  вопратцы. Працуеце разам з будаўнікамі?

— Я не выконваю будаўнічыя работы на тэрыторыі касцёла. Хутчэй — кантралюю працэс. А адзенне мяняць даводзіцца, бо на будаўнічай пляцоўцы не раз сутану рваў. Каштуе яна каля 200 даляраў — шкада. А вось парафіяльны дом (будынак насупраць храма. — Аўт.)  аднаўляем гаспадарчым спосабам, дзе я працую і як будаўнік. Нядаўна разам з братам зрабілі там падаконні. Яны нестандартных памераў і гатовыя ў магазіне каштуюць па 400—500 даляраў. Для парафіі гэта вялізныя грошы. Таму мы набылі драўляныя шчыты кожны па 40 рублёў, самі іх адшліфавалі, лакам пакрылі… Што тычыцца рэстаўрацыі касцёла, дык там магу толькі ўносіць прапановы.

— Прыслухоўваюцца?

— Ну вось рамантавалі купал. Праекціроўшчыкі не прадугледзелі ў ім адтуліны, праз якія павінна выходзіць паветра. Я ім растлумачыў, што без гэтых адтулін не будзе вентыляцыі верхняй часткі купала. А ад нагрэву металу будзе награвацца і паветра, што можа справакаваць хуткае гніенне драўляных канструкцый і нават пажар. Паслухалі і ўнеслі змены. Да таго ж стараюся не прапускаць нарады па пытаннях рэстаўрацыі храма. Я не абавязаны там прысутнічаць, бо замоўца рэканструкцыі  райвыканкам, але касцёлу яшчэ гэтым будынкам карыстацца, таму мы ў першую чаргу зацікаўлены ў выніку працы будаўнікоў.

Просім ксяндза Пятра правесці нас вакол храма, паказаць яшчэ адкрытыя фрэскі на фасадзе будынка. Аднак па дарозе сустракаем групу польскіх турыстаў. Святар просіць у нас прабачэння: “Гэта мае добрыя знаёмыя, я ім трохі раскажу пра храм, і пойдзем з вамі далей”.

 

— Вы яшчэ і добры экскурсавод?

— Асвойваць гэтую прафесію няма часу, — усміхаецца ксёндз. — Проста цікаўлюся гісторыяй. Яшчэ калі заканчваў семінарыю, пісаў дыпломную пра дзейнасць Ракаўскай парафіі ў розныя стагоддзі. Камісіі вельмі спадабалася.

— Атрымліваецца, што ў некаторай ступені вы былі падрыхтаваны да служэння ў горадзе з багатай гісторыяй?

— Так, — смяецца ксёндз. — Але і да назначэння пробашчам у Нясвіжскую парафію я працаваў у цікавым мястэчку — Шэметаве на Мядзельшчыне. Там у каталіцкім храме ёсць крыпта роду Сулістроўскіх і Скірмунтаў. Восем пахаванняў замураваны ў сценах касцёльнага падзямелля. Хаця ў Нясвіжы “ахоўваю” склеп ажно з 70 пахаваннямі…

У нясвіжскай крыпце на адной труне я заўважыла новую стужку ад 12-га пакалення Радзівілаў у гонар 400-й гадавіны смерці іх продка. Як праходзяць візіты нашчадкаў роду ў касцёл?

— Разам спускаемся ў крыпту, каб памаліцца за памерлых. Для цяперашніх Радзівілаў гэта вельмі важна. Яны прыязджаюць у Нясвіж, каб пабачыць мясціны, пра якія чыталі ці чулі ад сваіх бацькоў, бабуль-дзядуляў. Часта просяць правесці святую Імшу  за ўсю сям’ю і самі на гэтай службе абавязкова прысутнічаюць. Для дарослых прадстаўнікоў роду прыезд у Нясвіж як вяртанне дадому. А вось для малых дзяцей, унукаў, якіх яны бяруць з сабой, гэта пакуль больш экскурсія. Заўважыў, што ўсе Радзівілы моцна трымаюцца свайго роду. Вывучаюць яго гісторыю.

 

— А ці часта ў нясвіжскі касцёл прыязджаюць паломнікі?

— Літаральна пару разоў на год. Некаторыя проста пытаюцца, калі праводзіцца  звычайная служба, і прыходзяць на яе. А бывае, што прыязджае група са сваім святаром і просіць дазволу памаліцца разам з ім. Памятаю, пару гадоў таму ў нашым храме была святая Імша для ўдзельнікаў міжнароднага чэмпіянату па футболу сярод святароў. Іх было каля ста чалавек.

Многія турысты скардзяцца, што для іх у храме дзейнічаюць пэўныя абмежаванні: нельга заходзіць падчас набажэнства, фатаграфаваць…

— З індывідуальнымі турыстамі праблем менш. Вельмі адэкватна і з павагаю паводзяць сябе грамадзяне  Захаду. Яны разумеюць касцёльныя правілы і звычайна не перашкаджаюць ходу службы. Аднак вельмі часта бываюць канфлікты з турыстамі з Усходу, якія лічаць, што ім усё дазволена і нават мы ім вінны. Няўжо  эпоха камунізму і ваяўнічага атэізму выбіла з іх культуру паводзін у сакральных будынках? На жаль, ёсць і непаразуменні з некаторымі экскурсаводамі. Нават думаю пісаць скаргу ў Міністэрства культуры, каб павысілі адказнасць экскурсаводаў за паводзіны турыстаў, якім яны аказваюць турыстычную паслугу. Што робіцца: гід падводзіць групу да касцёла і кажа “ідзіце ўнутр, вас павінны пусціць”. Ён сам не вядзе сваю групу, такім чынам, знімае  з сябе адказнасць. А ў храме, напрыклад, праводзіцца вянчанне. Пагадзіцеся, маладым і іх гасцям будзе не вельмі прыемна, што вакол іх ходзяць чужыя людзі і кідаюць на іх  позіркі.

 

— У Празе я толькі на чацвёрты раз змог пабываць  у саборы Святога Віта — калі там не праводзілася набажэнства. Бо калі адбываецца служба, дзверы зачынены, уваход забаронены. Калі экскурсаводы парушаць гэтае правіла і павядуць групу ў храм, іх могуць пазбавіць ліцэнзіі. Ці ў Ерусаліме быў выпадак. Гід адразу папярэдзіла: “Тыя з групы, хто будзе апрануты не па правілах храма, не зможа прайсці ў святыню. Інакш манах убачыць парушэнне, сфатаграфуе мой бейдж, паскардзіцца ў міністэрства, і я магу часова пазбавіцца ліцэнзіі”. А беларускія экскурсаводы нічога не баяцца, бо тут касцёл не мае важкага слова. Многія лічаць, што мы ім абавязаны. У тым ліку пускаць на экскурсію ў касцёл пастаянна. Але яны не могуць  зразумець,  якімі намаганнямі  нам удалося захаваць гэты храм. Укладваць сродкі сюды пачалі толькі тры гады таму. Да гэтага рамонт рабіўся выключна за сродкі парафіян і спонсараў.

— Пастаянна здзіўляюся: як нясвіжскі касцёл разам з крыптай Радзівілаў не разрабавалі і не знішчылі падчас войнаў і ў эпоху савецкага атэізму?

— О, гэта для ўсіх вялікая загадка! Адна з версій — Радзівілы былі параднёныя з многімі ўплывовымі еўрапейскімі і амерыканскімі фаміліямі. Напрыклад, у 1960-я гады, калі касцёл планавалі зрабіць музеем атэізму, да ксяндза Каласоўскага, які тады ўзначальваў парафію, прыйшоў ліст з Амерыкі ад сям’і Кенэдзі (таксама сваякі Радзівілаў. — Аўт.). У ім гаварылася, што святар можа звяртацца да іх за дапамогай, калі ў парафіі будуць цяжкасці. Бачыў гэты ліст у архівах.

— Любіце пераглядаць архівы?

— Мне цікава, але раблю гэта рэдка, бо паперы пашкоджваюцца, калі іх часта перакладваць. Хачу запрасіць спецыялістаў, каб  адлічбавалі ўсё.

— Ксёндз Пётр, а на асабістыя справы час у вас застаецца?

— Не шмат, — смяецца святар. — Але ёсць хобі, якому я прысвячаю ўвесь свой вольны час. Гэта развядзенне і выхаванне сабак. Гэтай справай мы займаемся разам з Надзеяй Курлянчык. Амаль усе нашы гадаванцы маюць тытул чэмпіёнаў. Вазіць іх па спецыялізаваных шоу і паказах — мой лепшы адпачынак. Толькі вярнуліся з міжнароднай выставы сабак, дзе два нашы лабрадоры сталі кандыдатамі ў чэмпіёны. Але не менш важна, што шчаняты нашага развядзення дапамагаюць людзям. Напрыклад, лабрадор Сані зараз у ЗША, у сям’і, дзе яго апякун — дзіця-аўтыст. Сабака падрыхтаваны па спецыяльнай праграме. Яшчэ адзін стаў правадыром для сляпой пары ў Маскве. Бралі лабрадора і ў сям’ю, якая выхоўвае дзіця з псіхафізічнымі захворваннямі, — ёсць прагрэс.

 

— У такіх сабак асаблівы характар?

— Канешне. Каб дапамагаць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, сабака павінен валодаць пэўнымі характарыстыкамі: быць псіхічна адэкватным, ураўнаважаным, павінен спакойна рэагаваць на птушак, катоў, рэзкія гукі. Мы з’яўляемся толькі заводчыкамі такіх сабак. У трохмесячным узросце ў нас іх забіраюць, тэсціруюць і аддаюць валанцёрам, якія выхоўваюць сабак да 6—9 месяцаў, затым перадаюць прафесійнаму кінолагу. І пасля 5—6 месяцаў вучобы ў гэтага спецыяліста  сабака трапляе да чалавека, якому неабходна дапамога. Першыя тыдні разам са сваім падапечным жыве і кінолаг, каб таксама навучыць чалавека зносінам з сабакам.

— Дзякуй за цікавую размову!

па інф. .mlyn.by


Дата стварэння навіны 25.09.2017

Возврат к списку