АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Кур’ёзная кінаалея ў Горадні: чыноўнікі ўсё наблыталі

Кур’ёзная кінаалея ў Горадні: чыноўнікі ўсё наблыталі
25.09.2017
Здаецца, кур’ёзы толькі пачынаюцца: на днях прыязджаў у Мінск Міхаіл Швыдкі дзеля ўдзелу ў першым кінафоруме краін СНД, праз месяц адкрыецца Міжнародны кінафэст «Лістапад».  

Да дня гораду, які святкаваўся 23 верасня, гарадзенскія чыноўнікі ўрачыста адкрылі кінаалею на Савецкай вуліцы ля былога кінатэатру «Гродна». Паводле задумы, кожная гранітная пліта мае сімвалізаваць фільм, які здымаўся ў Горадні. Атрымліваецца амаль галівудская алея зорак.

Агулам плітаў зараз восем, але ў перспектыве лічбу плануюць дагнаць да дванаццаці. Натхняльнікам ідэі выступіў блізкі да гарвыканкаму кіраўнік фотаклубу «Гродна» Аляксандр Ласмінскі, які ўжо ахрысціў Горадню «беларускай кінасталіцай». Задума, на першы погляд, цудоўная і нетрывіяльная, але і тут знайшліся свае падводныя камяні.

 

«Хрыстос прызямліўся… у Крыму»

 

«Акрамя «Белых Росаў» і «Я родам з дзяцінства», рэшта фільмаў наагул не цягнуць на высокі гатунак, дык чым хваліцца? – Задаецца пытаннем гісторык і краязнавец Ян Лялевіч. – Гэта не той узровень, каб дэманстраваць турыстам, што яны тут здымаліся. Але добра, каб яны наагул тут здымаліся! З васьмі прадстаўленых фільмаў у Горадні часткова ці поўнасцю здымаліся ўсяго чатыры».

 

Няўжо чыноўнікі ад культуры гэтак наблыталі? Лялевіч прыводзіць аргументы па кожнаму з фільмаў.

 

«Раскіданае гняздо» – цудоўны фільм паводле твору Купалы, але гарадскіх сценаў у кадры няма ў прынцыпе. Ёсць невядомы маёнтак, дзе разварочваецца адна са сцэнаў, рэшта – сялянскія хаты ды вясковыя ландшафты. А як інакш? Купала ж акурат вёску апісваў. Ніякага вялікага гораду, і Горадні ў прыватнасці, у фільме няма.

 

 

Уладзімір Гасцюхін і Мікалай Яроменка ў фільме «Сын за бацьку», які здымаўся ў Менску

«Сын за бацьку» – можна дапусціць, што кінагрупа сапраўды прыязджала ў Горадню ды нешта здымала ў раёне колішняга рэстарану «Зубр», найхутчэй, пробнікі для кінашэрагу. Збольшага ж цалкам адназначна, што фільм здымаўся ў Менску і Заслаўі. Прынамсі ў аўтарскай версіі стужкі – Горадні няма.

 

«У жніўні 44-га» – фільм, пра які чамусьці ўсе кажуць як пра адзін з «гарадзенскіх». Фільм здымаўся ў Мінску (маляўнічы спуск на вул. Герцэна) і Слоніме. У стужцы ёсць загадкавыя кадры пагоні на машынах у нейкім горадзе, але гарадзенскага ландшафту знаўцы і там не заўважылі.

 

 «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» – тут ад сапраўднай Горадні ёсць прынамсі назва, узятая ад агульнавядомага раману Караткевіча, але больш… нічога. Фільм здымаўся ў Крыму. Таксама былі выкарыстаныя кадры прыроды Беларусі, але зусім не гарадскія краявіды.

 

«Казаць пра Горадню, як пра «сталіцу беларускага кіно» – гэта кіч»

 

«Сапраўды гарадзенскія фільмы, па якіх можна прачытаць архітэктуру і атмасферу гораду – гэта «Белыя Росы», «Мяне завуць Арлекіна», з нацяжкай «Міколка-паравоз» ды «Я родам з дзяцінства», які здымалі ў нас ды ў Смаленску. «Сляды апосталаў», па-шчырасці і згадваць не хочацца праз нізкую якасць фільму», – лічыць Лялевіч.

 

З фільмамі, якія яшчэ маюць трапіць на кінаалею ў перспектыве, не менш цікава. Якія зорныя пліты маюць з’явіцца ў цэнтры гораду наступнымі?

 

 «Ясь і Яніна», фільм, які здымаўся з удзелам «Песняроў». Але зноў жа – дзе? У вёсцы Верцялішкі пад Горадняй ды… у Гомлі (прычал на Сожы). Ніякіх краявідаў з гораду над Нёмнам няма.

 

Фільм «Анюціна дарога» прысвечаны таму, як беларускія сяляне падтрымалі Кастрычніцкую рэвалюцыю, зняты, як кажуць, у лепшых традыцыях сацрэалізму. У стужцы на працягу некалькіх імгненняў мільгае стары гарадзенскі вакзал і… усё. Большасць кадраў з мураванымі будынкамі здымаліся ў Маламажэйкаўскім раёне.

 

«Мне падаецца, што Мінск куды больш заслугоўваў бы званне «беларускага Галівуду», хаця б па колькасці рэжысёраў, якіх ён прыцягвае: ад усім вядомых творцаў да стваральнікаў расійскіх серыялаў. А казаць пра Горадню, як пра «сталіцу беларускага кіно» – гэта кіч, перацягванне цалкам непатрэбнай коўдры. Трэба сябе не паважаць, каб 1,5-гадзінныя фільмы, дзе ёсць 1-2 хвіліны твайго гораду, рабіць нейкімі фетышамі», – рэзюмуе Лялевіч.

 

Шэраг апошніх фільмаў, якія сапраўды здымаліся ў Горадні, чамусці, прысвечаныя выключна ІІ Сусветнай вайне. Гэта «Дняпроўскі рубеж» (дзе Горадня апынулася Магілёвам), «Бабін яр» (адпаведна – Кіевам), вышэйзгаданыя «Сляды апосталаў» (Берлінам). Такім чынам сам горад у лепшым выпадку фігуруе ў якасці дэкарацыяў для постсавецкіх батальных фільмаў на адну і тую ж тэматыку.

Белсат



Дата стварэння навіны 25.09.2017

Возврат к списку

cashback