АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

27 верасня ў Мінску стартуе сёмы форум тэатральнага мастацтва “ТЕАРТ”

27 верасня ў Мінску стартуе сёмы форум тэатральнага мастацтва “ТЕАРТ”
22.09.2017
Сёлета фэст пакажа 19 пастановак з васьмі краін свету — Беларусі, Латвіі, Славеніі, Францыі, Італіі, Расіі, Кыргызстана і Германіі.

"Колькасць спектакляў у нас зменшылася, але форма, якая прэвалюе, можа замяніць некалькі спектакляў, распавядае Еўрарадыё. Гэтым разам усе спектаклі, якія будуць паказаныя на вялікіх пляцоўках, вельмі складаныя ў тэхнічным плане, прыедуць вялікія трупы", — распавядае дырэктарка "ТЕАРТа" Анжаліка Крушэўская.

 

Фэстываль складаецца з трох секцый. Першая — гэта міжнародная праграма з васьмі спектакляў, якая распачне "ТЕАРТ".


Адной з яе “фішак” стане прыезд французскага танцоўшчыка і харэографа Анжэлена Прэльжакажа. Ён не толькі прадставіць на творчай сустрэчы з прыхільнікамі свой фільм пра рускі балет "Паліна, станцаваць сваё жыццё" з балерынай Анастасіяй Шаўцовай і Жульет Бінош (прэм'ера стужкі, дарэчы, адбылася на леташнім Венецыянскім фестывалі), пакажа спектакль па матывах кітайскага народнага падання "Фрэска. Карціна на сцяне", але і зладзіць кастынг для беларускіх танцоўшчыкаў, якія змогуць узяць удзел у наступным праекце француза і працаваць у балеце Прэльжакажа.

 

Кастынг —  27 верасня, Крэатыўны кластар ok16 (Кастрычніцкая, 16), 10.00.

 

Другой яркай падзеяй стане паказ спектакля "Іванаў" рэжысёра Цімафея Кулябіна з Яўгенам Міронавым і Чуплан Хаматавай. На спектакль ужо раскупленыя ўсе квіткі. Кулябін пераасэнсоўвае п'есу Чэхава і інтэрпрэтуе яе на сучасны лад. Цяпер Іванаў — звычайны офісны клерк, які перажывае крызіс сярэдняга ўзросту.

 

"Іванаў" — 30 верасня, ДК "МАЗ", 19.00.

 

 Таксама арганізатары раяць звярнуць увагу на спектакль Хайнера Гёбельса "Макс Блэк, ці 62 спосабы падперці галаву рукой".  У ім гук, святло і піратэхнічныя эфекты працуюць як партнёры і сааўтары таго, што ўзнікае на сцэне.

 

"Макс Блэк, ці 62 спосабы падперці галаву рукой" — 8-9 кастрычніка, ДК "МАЗ", 19.00.

 

 

Другая секцыя Міжнароднага тэатральнага форума "ТЕАРТ" — шоўкейс "Belarus Open" пройдзе з 13 па 16 кастрычніка. У яе межах пакажуць 11 пастановак з Беларусі.

 

"Мэта "Belarus Open" — каб усе прадстаўленыя тут спектаклі мелі мастацкую каштоўнасць, каб тут былі прадстаўленыя рэжысёры, якім неабходна даць шанец — шанец узляцець, шанец праваліцца, шанец ісці далей, — тлумачыць куратар секцыі, тэатральны крытык Людміла Грамыка. — Згодна з апошнімі даследаваннямі, у рэпертуары беларускіх тэатраў 76% займаюць камедыі. Але на "Belarus Open" будзе прадстаўлены Караткевіч, Чэхаў і Дастаеўскі і магчымасць разабрацца ў сабе і свеце. Гледачу будзе, пра што падумаць".

 

 

"Кар'ера Доктара Раўса" — трагікамедыя па п'есе Віктара Марціновіча рэжысёра Аляксанлра Гарцуева. 30 верасня. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. 19.00

 

penAtra (C) tion — платформа, якая дэманструе разнастайнасць беларускага перфоманса. 13 кастрычніка. Арт-прастора "Верх". 20.30.

 

"Лондан" —  гісторыя пра сантэхніка Гену, які праходзіць агонь, ваду і медныя трубы, а у выніку едзе ў Лондан на конкурс народнай творчасці паказваць свае шэдэўры ў саломпляценні. Рэжысёр — Алена Сілуціна, пастаноўка Бабруйскага тэатра.

 

Больш беларускіх спектакляў тут.

 

  Трэцяя секцыя "ТЕАРТа" — адукацыйны праект "Школа ТЕАРТ". Гэта лекцыі,  сустрэчы са стваральнікамі спектакляў і адкрытыя дыскусіі, датычныя тэатра.

 

Напрыклад, 26 верасня адбудзецца круглы стол з прадстаўнікамі беларускай тэатральнай тусоўкі. Яны будуць разважаць на тэму, што не так з беларускім тэатрам, якім ён бачыцца ў еўрапейскім кантэксце і што рабіць, каб ён станавіўся лепшым.

 




Дата стварэння навіны 22.09.2017

Возврат к списку

cashback