АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Новая версія смерці Міхала Вітушкі

Новая версія смерці Міхала Вітушкі
22.09.2017
У канцы мінулага 2016 года ў сацыяльных сетках з новай сілай разгарэлася палеміка пра ролю Міхала Вітушкі ў пасляваенным беларускім антысавецкім узброеным супраціве.

Каталізатарам стаў артыкул даследчыка Антона Рудака „Як два чалавекі прыдумалі міф пра Міхала Вітушку” апублікаваны на сайце газеты „Наша Нiва” 29 ліпеня 2017 года.


Услед за названай публікацыяй на сайце Беларускага дакументальнага цэнтра з’явілася і публікацыя гісторыка Дзмітрыя Дразда „Жывы ці мёртвы Міхаіл Вітушка?” у якім прадстаўлены фотакопіі старонак дубліката вышуковай справы Міхала Вітушкі, якая захоўваецца ў Асобым архіве Літвы, архіве былога Камітэта дзяржаўнай бяспекі Літоўскай ССР, фонд К-30 вопіс 1 справа 285. Калі абапірацца на гэтыя дакументы, то пасля навучання ў дыверсійнай школе „Дальвіц” Вітушка быў дэсантаваны ў складзе 30-асабовай групы ў лістападзе 1944 года ў раёне Вільні.  Упершыню гэтыя дакументы былі паказаны ў фільме „Праклятыя і забытыя” (Белсат) рэжысёра Антося Цялежнікава.


 Згодна ж з чэкісцкай версіяй Міхал Вітушка ў канцы снежня 1944 года з часткай сваіх людзей далучыўся да атрада Арміі Краёвай пад камандваннем Чэслава Станкевіча „Камара”, намеснікам якога пад псеўданімам „Муха” стаў сам Вітушка. У шэрагах гэтага атрада ён загінуў 7 студзеня 1945 года ў баі з падраздзяленнем НКУС у Рудніцкай пушчы ў раёне возера Кернава, што на ​​Віленшчыне. Начальнік аддзела цэнтральнага архіва КДБ РБ Ігар Валахановіч агучвае „чэкісцкую” версію смерці Міхала Вітушкі. Па версіі гісторыка Сяргея Ярша ў гэтым баі загінуў цёзка – не Міхал, а Мікалай (Мікола) Вітушка, былы маёр РСЧА, закінуты немцамі 17 лістапада 1944 г. А Міхал дэсантаваўся пазней, у ноч з 30 лістапада на 1 снежня 1944 г., i паспяхова працягваў кіраваць падполлем і партызанамі „Чорнага Ката” ледзь не да канца 1950-х гадоў.


Памёр жа ён у старэчым узросце маючы 98 гадоў 27 красавіка 2006 года ў Германіі. Фільм „Беларускі пасляваенны антысавецкі супраціў 1944-1957 гг.” (Белсат) рэжысёра Антося Цялежнікава, які зняты паводле кнігі „Беларускі рэзістанс” Сяргея Ярша і Сяргея Горбіка. Варта звярнуць увагу на даты з дубліката агентурнай справы МДБ/КДБ ЛССР Міхала Апанасавіча Вітушкі. Заведзеная яна была ўслед за асноўнай у верасні 1949 г., спынена – у снежні 1950 г., аднак перыядычна пераглядалася ў 1951, 1956, 1978 і канчаткова была спісаная ў архіў толькі ў 1985 годзе. І гэта нягледзячы на ​​тое, што ў справе маецца фотакопія савецкага пашпарта Вітушкі за 1940 г. То бок адразу напрошваецца думка, што поўнай упэўненасці ў тым, што ў 1945 годзе фігурант справы быў забіты, у чэкістаў не было.

А ў 1949 у іх з’явіліся нейкія важкія падставы заняцца яго пошукамі, якія перыядычна аднаўляліся.

У адной са сваіх публікацый у газеце „Наша Нiва” Сяргей Ёрш сцвярджае, што інфармацыя пра гібель Міхала Вітушкі ў студзені 1945 года ў Рудніцкай пушчы на Віленшчыне з’явілася дзякуючы таму, што аператыўнікі савецкай дзяржбяспекі не разабраліся ў складанай гульні, якую вялі нямецкія спецслужбы і кіраўнікі беларускай падпольнай арганізацыі „Чорны Кот”. „Некалькі гадоў МДБ СССР верыў, што Вітушкі няма ў жывых. Пасля высветлілася, што яны памыляліся. Аднак афіцыйна гэта не было прызнана, таму міф дажыў аж да нашых дзён”. Для аргументацыі савёй версіі даследчык прыводзіць сведчанні былога маёра МДБ Віктара Іванова, які ў студзені 1955 года быў арыштаваны „за здраду радзіме”, а на самой справе – за ўдзел у фальсіфікацыі крымінальных спраў у часы Берыі. Падчас следства ён распавёў шмат дзіўных рэчаў. З яго слоў, яшчэ ў час вайны на загад Л. Берыі было выраблена больш за 4600 савецкіх пашпартоў узору 1939-1940 гг., на імёны „найбольш актыўных здраднікаў”.


Адной з задач гэтай акцыі было даказаць савецкае грамадзянства асоб, якія да 1939 года жылі на тэрыторыі Польшчы Літвы, Латвіі і Эстоніі. Іваноў сведчыць, што гэтыя пашпарты падкладаліся арыштаваным, а таксама забітым „праціўнікам савецкай улады”. (Крымінальная справа Іванова Віктара Сяргеевіча №274/56-11. Архіў ФСБ, Л. 267). З верасня 1944 г. да чэрвеня 1945 г. В. Іваноў быў прыкамандзіраваны да спецгрупы МДБ на тэрыторыі БССР. Дзейнічала яна і ў сумежных раёнах Літвы. Іваноў быў удзельнікам ліквідацыі атрада АК каля возера Кернава ў студзені 1945 года. Ён сведчыць, што ўдзельнічаў у апазнанні цела Вітушкі. Апазнанне грунтавалася выключна на сведчаннях затрыманых, бо завезці труп у Менск, ці Маскву для дэталёвай экспертызы не было магчымасці. Труп быў эксгумаваны, згодна з паказаннямі некалькіх акаўцаў. Аднак у тым раёне ў той час дзейнічалі буйныя атрады АК, і чэкісты не жадалі абцяжарваць сябе трупам. В. Іваноў сведчыць, што да матэрыялаў справы быў прыкладзены пашпарт М. А. Вітушкі, які камандзір спецгрупы МДБ атрымаў у Маскве (* Там жа. Л. 321).

У красавіку 1945 гады некалькі чальцоў спецгрупы, у тым ліку і Іванова, выклікалі ў Маскву для справаздачы па факце выяўлення „М. А. Вітушкі” іншай групай МДБ і яго ліквідацыяй у канцы студзеня – пачатку сакавіка 1945-га. Сцвярджалася, што пры „затрыманым апынуліся нямецкія дакументы на імя М. А. Вітушкі”. Камісія НКДБ зверыла паказанні прадстаўнікоў спецгруп і зрабіла выснову, што дзе б ён ні скончыў жыццё, не істотна.

Усе чэкісты-аператыўнікі атрымалі вымову за „службовую халатнасць” (* Там жа, Л.326). С. Ёрш зрабіў з гэтых сведчанняў выснову пра наяўнасць двайнікоў Міхала Вітушкі і факт існавання „аперацыі прыкрыццё” сапраўднага кіраўніка „Чорнага Ката”. Пра гэта ж сведчыць і апублікаваны на нашым сайце матэрыяла Справа 1945 г. „Міхал Вітушка: хто, дзе, калі?” Уладзіслава Ахроменкі. 

Згодна з гэтай крыніцай да лета 1945 года чэкістамі вышукваліся: – Вітушка М. Пражываў у гор. Менску. З’яўляўся намеснікам старшыні галоўнай рады нацыяналістычнай арганізацыі „Беларуская народная самапомач”, створанай немцамі. (4 Матэрыял ва ўпраўленні НКДБ СССР). – Вітушка Міхаіл 1913 г. н., пражываў у Смаленску, у двары будынка был. Дзяржбанка 3 паверх кв.15. Служыў намеснікам нач. акруговай паліцэйская аховы г. Смаленска. Чалец „Нацыянальна-працоўнага саюза новага пакалення”. Прыкметы: ніжэй сярэдняга росту, бландын, нос востры. (Матэрыял УНКДБ па Смаленскай вобласці). „Алфавітны паказальнік ворагаў Савецкай улады з кампраметуючымі матэрыяламі” за чэрвень 1945 г., № 056 для НКДБ УССР за подпісам міністра МДБ СССР Мяркулава. Верагодна, што гэта адна і тая ж асоба, якую шукалі па арыенціроўках розных тэрытарыяльных органаў НКДБ, хоць у апошняга і пазначаны г. н 1913, а не 1907, як у галоўнага фігуранта справы.


На фота чальцы опергрупы 2-Н МДБ БССР пасля ліквідацыі атрада „Грыца” 25 лютага 1952 года перад вяртаннем у Менск. Вясна 1952., ваколіцы Драгічына. З ліквідацыяй падпольнай узброенай групы Лукашука („Грыца”) Беларускі акруговы провад АУН спыніў сваё існаванне як арганізацыйна-структурная адзінка антысавецкага падполля.


Хутчэй за ўсё мела месца недакладнасць у агентурных дадзеных смаленскіх чэкістаў. Пра тое, што Міхал Вітушка не быў забіты на пачатку 1945 сведчыць у сваіх успамінах, якія захоўваюцца ў сямейным архіве (апублікаваных самвыдатам у выглядзе двухтомніка накладам у 10 асобнікаў у 2007 годзе) цяпер, ужо нябожчык Іван Емяльянавіч Курбыка 1922 г. н., які нарадзіўся ў вёсцы Пагост цяперашняга Салігорскага раёна, франтавік, палкоўнік міліцыі ў адстаўцы. Пасля заканчэння ў 1950-м годзе двухгадовай школы УЦСПС у Менску ён быў накіраваны на працу ў цэнтральны апарат МДБ БССР, дзе і праслужыў да 1954 года. Як беларус з добрым веданнем беларускай мовы займаўся, у тым ліку, і перакладамі замежных беларускіх эмігранцкіх перыядычных выданняў. Пасля працаваў у Менскім аблвыканкаме. У 1959-1961 гг., – старшыня Смалявіцкага райвыканкама. У 1961-1972 гг., – служыў ва УУС Менаблвыканкама. Апошняя пасада перад сыходам на пенсію – начальнік штаба.



Мемуары „Жыццё маё і мае блізкія” напісаны ў перыяд 2002-2005 гг. З лёгкай рукі палкоўніка Ачасава, які схіляў мяне ў першай у МДБ гутаркі да ведання беларускай мовы, я і стаў пазаштатным перакладчыкам з беларускай на расейскую. Мы атрымлівалі беларускую прэсу з амбасадаў у Францыі, Англіі, Германіі ды іншых дзяржавах. Яе было не вельмі шмат з-за беднасці выдаўцоў. Я яе хутка перачытваў, інфармаваў пра матэрыялы, якія нас цікавілі, начальства і, калі было неабходна, перакладаў. І вось з Лондана пайшла рэгулярная інфармацыя пра нібыта дзеючых на тэрыторыі Беларусі беларускіх партызанаў на чале з генералам Вітушкам, якія крок за крокам вызваляюць Беларусь ад бальшавікоў і ўжо вызваліла тры чвэрці тэрыторыі.

Бальшавікі засталіся толькі ў гарадах. Мы ж нічога пра гэта не ведалі і не чулі. Аднак потым з’явіліся аднекуль дадзеныя, што чалавек такі існуе. Гэта беларус, былы афіцэр старой польскай арміі, які нібыта прайшоў нелегальна тэрыторыю ГДР і Польшчы, а далей нічога не вядома. Выходзіць, ён на тэрыторыі Беларусі. Але дзе ён і чым займаецца?

Кіраўніцтва нашага міністэрства, а потым і саюзнага пачалі нас падціскаць. Трэба знайсці гэтага Вітушку ў што б там ні стала. У той перыяд пад гарачую руку мы гэтага легендарнага і няўлоўнага генерала так і не знайшлі. Але недзе прыкладна праз паўгода была атрымана вестка ад МДБ Украіны, што пасля разгрому адной банды пры пераходзе праз Днепрабугскі канал з Беларусі ва Украіну на адным з забітых была выяўлена палявая афіцэрская сумка з дакументамі і дзённікам. Матэрыялы сведчыць, што іх уладальнік быў не бандэраўцам, а хутчэй беларускім нацыяналістам. Мы атрымалі гэтую сумку з дакументамі. Яны належалі Вітушцы.

Я заняўся перакладамі. Інфармацыя пра яго пераход у Беларусь пацвердзілася. Ён добрасумленна спрабаваў выканаць заданне. Вёў запіс праведзенай працы з указаннем хутароў і вёсак штодня. І з горыччу адзначаў, што ўсе яго намаганні аказаліся марнымі. Ён натыкаўся на неразуменне ці яўную варожасць. І ні аднаго чалавека ўцягнуць у сваю групу яму не ўдалося.


Тады ён далучыўся да адной з груп бандэраўцаў, якая пры пераходзе ва Украіну была разгромлена, а сам ён загінуў. Такі быў канец гэтай гісторыі. На фота чальцы опергрупы 2-Н МДБ БССР пасля ліквідацыі атрада „Грыца” 25 лютага 1952 года перад вяртаннем у Менск. Вясна 1952., ваколіцы Драгічына. З ліквідацыяй падпольнай узброенай групы Лукашука („Грыца”) Беларускі акруговы провад АУН спыніў сваё існаванне як арганізацыйна-структурная адзінка антысавецкага падполля. З прыведзеных матэрыялаў вынікае, што органы савецкай дзяржбяспекі „хавалі” Міхала Вітушку тройчы. Прычым і апошні раз, мяркуючы па ўсім, у іх таксама не было поўнай упэўненасці, што гэта менавіта ён. Таму аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па ім працягваліся і ў наступныя гады.

Калі такой упэўненасці не было ў чэкістаў, то цалкам верагодна, што ў апошнім выпадку (успаміны І. Е. Курбыкі, дзе зноў фігуруюць дакументы М. Вітушкі і нават яго дзённік) забіты быў зусім не ён. А знойдзеныя дакументы маглі апынуцца ў забітага партызана выпадкова ці былі сфальсіфікаваныя. Новыя факты пакідаюць больш пытанняў, чым адказаў, таму ў пытанні даты і абставінаў смерці кіраўніка беларускага антысавецкага падполля рана ставіць кропку.

па інф. радыё Рацыя


Дата стварэння навіны 22.09.2017

Возврат к списку