АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Генадзь Фядыніч: “Не трэба рабіць гвалт на ўсю краіну…”

Генадзь Фядыніч: “Не трэба рабіць гвалт на ўсю краіну…”
19.09.2017
Кіраўнік незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці распавёў як ідзе расследаванне справы аб нявыплаце падаткаў адказнымі асобамі РЭП.

– На сённяшні дзень я па-ранейшаму застаюся ў статусе абвінавачанага па гэтай справе, – гаворыць кіраўнік незалежнага прафсаюза Генадзь Фядыніч. – Скажу шчыра, адразу пасля таго, як была ўзбуджана гэтая справа, я быў вымушаны даць падпіску пра неразгалошванне яе матэрыялаў. Адзінае, што магу сказаць: за час ад пачатку жніўня, калі ўсё здарылася, мяне ні разу не выклікалі на допыты. Я наведваў праваахоўнікаў па пытанні вяртання тэхнікі, якую забралі ў нас падчас ператрусу. Дарэчы, камп’ютары пакуль так і не вярнулі.

 

– Нядаўна, згодна з рашэннем суда, бухгалтар вашай арганізацыі Ігар Комлік быў пакінуты пад вартай…

 

– На мой погляд, такое рашэнне суда негуманнае. Комлік не ўяўляе ніякай небяспекі для грамадства. Нікуды ён збягаць не планаваў і не плануе. Таму трымаць яго пад вартай няма абсалютна ніякага сэнсу. Увогуле, абвінавачанні, якія выстаўлены супраць нас за няўплату падаткаў, я не магу прызнаць. Катэгарычна! Ніводнай капейкі ў кішэню ніхто сабе не паклаў. РЭП – грамадская арганізацыя, якая рэальна адстойвае правы працоўнага чалавека. Толькі за гэты год мы дапамаглі падманутым работнікам вярнуць суму прыкладна ў паўтара мільярда недэнамінаваных рублёў. Агулам жа наша арганізацыя разглядае больш за тысячу такіх зваротаў у год. Да таго ж РЭП гучна выступіў супраць дэкрэта “аб дармаедстве”. А потым ужо з’явілася гэтая крымінальная справа…

 

Я не ведаю, каму і навошта яна патрэбна. Калі цытаваць аднаго вядомага ўсім чалавека, то скажу так: “Не трэба рабіць гвалт на ўсю краіну”. Абвінавачанне ў нясплаце падаткаў беспадстаўнае.

 

Зараз наш незалежны прафсаюз па-ранейшаму працуе ў штатным рэжыме.

 

Дарэчы, наколькі я ведаю, на сённяшні дзень ў Генеральную пракуратуру Беларусі і Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі накіраваны лісты з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі супраць нашага прафсаюза.

 

Адкрыты ліст з такім патрабаваннем адной з першых падпісала лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч. Нагадаем: упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінску і Мінскай вобласці распачало гэтую крымінальную справу 1 жніўня. Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абвінавачваюцца па фактах ухілення ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

 

Нагадаем: упраўленне дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінску і Мінскай вобласці распачало гэтую крымінальную справу 1 жніўня. Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абвінавачваюцца па фактах ухілення ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Народная воля


Дата стварэння навіны 19.09.2017

Возврат к списку