АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Стужка "Жоўты пясочак" сабрала паўтысячы гледачоў

Стужка "Жоўты пясочак" сабрала паўтысячы гледачоў
17.09.2017
У мінскім кінатэатры "Масква" адбылася прэзентацыя мастацкага фільму "Жоўты пясочак", знятага паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава.

Без аншлагу: з 700 месцаў у залі было запоўнена блізу паўтысячы. Прыйшлі найперш тыя, каму неабыякавая тэма Курапатаў і масавых рэпрэсій, перадае Свабода.


Як кажа рэжысэр стужкі Аляксей Туровіч, прэм’ера магла ня здарыцца ўвогуле. Калі ў жніўні ў офісе прадпрыемства «Кінавідэапракат» праходзіла нарада кіраўнікоў сталічных кінатэатраў, ніводзін з дырэктараў не адважыўся ўзяць на сябе такую адказнасць — паставіць у рэпертуарны плян кіно пра сталінскія рэпрэсіі. Выключэннем стаў толькі Аляксандар Літвіновіч, шматгадовы шэф кінатэатру «Масква» — аргумэнты Туровіча яго пераканалі. Праўда, пагадзіўся толькі на два сэансы, яшчэ адзін — увечары нядзелі.


Паказ драмы праходзіў на фоне закрыцьця байкерскага сэзону. Літаральна насупраць, на пляцоўцы каля Палацу спорту, больш за 5 тысяч матацыклістаў гучна разьвітваліся зь летам. Грымеў рок-канцэрт і бабахаў салют. На чале сьвята — вядомыя аматары дарагіх матацыклаў Віктар Лукашэнка, а таксама міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч. Па іроніі лёсу, супрацоўнікі менавіта гэтага ведамства ў сярэдзіне 1930-х найбольш шчыравалі ў плянавым выкрыцьці «ворагаў народу».

Тым часам на сцэне перад вялікім экранам былі ўсталяваныя тумбы з запаленымі сьвечкамі, паміж імі — партрэт мужчыны з надпісам «Мой прадзед застрэлены куляй НКВД у Курапатах». 


«Мой прадзед Мікалай Тарашкевіч, 1875 году нараджэння, які пражываў у вёсцы Сяргеевічы на Копыльшчыне, усё жыцьцё займаўся сельскай гаспадаркай, — расказаў сваяк забітага. — У адну з начэй 1937-га ён быў арыштаваны чэкістамі і вывезены ў невядомым кірунку. Больш пра яго сваякі нічога ня чулі. І толькі напачатку 1990-х у адказе на зварот у КДБ нам паведамілі: быў арыштаваны за падрыўную дзейнасьць як „кіраўнік трацкісцка-апартунісцкай групы“. За гэта асуджаны да сьмяротнага пакараньня і расстраляны ў Курапатах. Дакладна гэтак жа, як у апавяданьні і фільме „Жоўты пясочак“ аднаасобнік Аўтух».

Аляксей Туровіч перад пачаткам кінапаказу прапанаваў ушанаваць памяць бязьвінна загіблых хвілінай маўчаньня... Ён прывёў статыстыку сьмяротнага канвэеру, якой у сваёй будзёнай працы кіраваліся чэкісты — падвышаныя паказьнікі каштавалі жыцьцяў мільёнам звычайных грамадзянаў.

 

Разам з тым назваў 16 верасня «гістарычным днём»: нягледзячы на шматлікія перашкоды і адсутнасьць нават мінімальнай зацікаўленьня з боку дзяржавы, стужка пра злачынствы савецкага рэжыму выйшла на вялікі экран.

Хоць у сюжэце расказваецца пра падзеі 80-гадовай даўнасьці, аўтар правёў паралелі зь сёньняшнім днём. У краіне працуе адладжаны мэханізм пакараньня няўгодных, за краты па надуманых прычынах кідаюцца апанэнты вышэйшага кіраўніцтва. Вось і зараз адбывае чарговы адміністрацыйны тэрмін адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Ўладзімер Някляеў.

 

Калегу са сцэны падтрымаў Мікола Статкевіч, якія свае суткі адседзеў зусім нядаўна. І падзякаваў Туровічу за тое, што сваёй працай засьцерагае ад паўтарэння сталінскага цемрашальства:

 

«Калі пра гэта маўчаць, калі пра гэта забываць, то яно непазьбежна паўторыцца. На жаль, тыя, хто расстрэльваў, хто катаваў, сёньня ходзяць у героях. Іх шыкоўныя помнікі стаяць на беларускіх могілках, а супрацоўнікі КДБ і МУС на сьвяты носяць да іх кветкі. І, мабыць, кожны раз упэўніваюцца ў тым, што ўсё, зробленае іх папярэднікамі, было правільна, а значыць, трэба працягваць у тым жа духу. І тады вы таксама будзеце мець кватэры ў цэнтры, элітныя могілкі і ўдзячнасьць кіраўніцтва. Як бачым, страшная карная сыстэма самааднаўляецца... Цяжка нават палічыць, колькі мы згубілі людзей, які нават не здагадваліся пра значэньні тых словаў, па якіх іх абвінавачвалі і расстрэльвалі».

У сюжэце Васіля Быкава расказваецца, як шасьцёх зьняволеных сумнавядомай менскай турмы НКВД вязуць на расстрэл у Курапаты. Сьмяротнікі — людзі самыя розныя, у апошнія гадзіны жыцьця кожны заняты сваімі ўласнымі думкамі. Сытуацыя не пакідае выбару і нявольнікі пакорліва церпяць. Нават калі зьяўляецца магчымасьць абяззброіць адзінага вартавога — памочніка камэнданта — выштурхоўваюць загрузлы «аўтазак», каб прысьпешыць расправу і апынуцца на дне ямы з жоўтым пясочкам.

 

Павал Севярынец, сузаснавальнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, сябрам якой ад нядаўняга часу стаў Аляксей Туровіч, адзначыў, што ў любой іншай краіне трагедыя такога маштабу як курапацкая знайшла б годнае ўвасабленьне ў помніку ці мэмарыяле. І толькі беларускія ўлады дэманструюць прыхільнасьць зусім іншым каштоўнасьцям.

Пры канцы Павал Севярынец выказаў спадзяванне, што кінафільм «Жоўты пясочак» выйдзе таксама і ў беларускай агучцы. І заклікаў неабыякавых беларусаў дапамагчы ў гэтым фінансава. Аляксей Туровіч зьняў стужку цалкам на свае грошы, дзяржава не паўдзельнічала ні капейкай. На апошнім этапе рэжысёру нават давялося ўзяць крэдыт больш чым 6 тысяч даляраў, каб расплаціцца з гукарэжысёрам. Цяпер ён штомесяц выплачвае 250 даляраў за пазыку і без зьнешняй падтрымкі беларускі дубляж адтэрмінуецца на нявызначаны час.

 

Грамадзкі актывіст Марат Гаравы, дзейнасьць якога апошнія чвэрць стагодзьдзя неразрыўна зьвязаная з Курапатамі, падзякаваў усім, хто прыйшоў на прэм’еру. Па яго словах, выпадковых людзей у залі ня можа быць апрыёры:

 

«Тут людзі, якім Курапаты баляць. Сярод тых, хто сюды прыйшоў, я бачу Алеся Макрушына, які 29 гадоў таму дапамог Зянону Пазьняку і яго сябрам-археолягам адкрыць народу таямніцу Курапатаў. Я бачу Аляксея Марачкіна, які зрабіў Крыж пакутаў. Я бачу Ўладзімера Арлова, які падчас першага мітынгу на Дзяды сказаў зрабіў сваю легендарную прамову. Я бачу шмат людзей, якія адкрывалі Курапаты, баранілі і распавядалі пра іх сьвету. І вельмі добра, што зьявілася першая мастацкая стужка пра Курапаты, якая стане годным унёскам у захаваньне памяці ахвяраў злачыннага рэжыму».

На прэм’еры “Жоўтага пясочку” прысутнічалі акторы, якія ўвасобілі герояў драматычнага твору Васіля Быкава. 


Галоўныя ролі выканалі тэатральныя артысты з Мінску, Віцебску, Бабруйску. Аднаасобніка Аўтуха сыграў Міхаіл Мацьвееў, царскага афіцэра Валярʼянава — Генадзь Трацякоў, паэта Зайкоўскага — Аляксей Міхалоў, крымінальніка Фэлікса Грома — Уладзімер Лебедзеў, камуніста Шастака — Валянцін Салаўёў, следчага НКВД — Аляксей Туровіч, памочніка камэнданта — Аляксей Верашчака.

 


Дата стварэння навіны 17.09.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку