АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Пасол Украіны пра «Захад-2017»: расійцы здольныя на «маленькія паскудзтвы», беларусам давяраю

Пасол Украіны пра «Захад-2017»: расійцы здольныя на «маленькія паскудзтвы», беларусам давяраю
16.09.2017
Сёння, 16 верасня, украінскія назіральнікі за вучэннямі «Захад-2017» прыбудуць у Беларусь.

Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім распавёў у інтэрвію Свабодзе пра ўмовы дзейнасці ўкраінскіх назіральнікаў, дыпламатаў і прэсы падчас беларуска-расійскіх стратэгічных вайсковых вучэнняў «Захад-2017», якія з 14 да 20 верасня праходзяць на 7 беларускіх палігонах з удзелам 10 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку 3 тысяч — расійскіх.


— Што тычыцца інфармацыі, якая была нам дадзеная і падчас брыфінгаў, і ў прэсе, і падчас маіх сустрэч з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў Беларусі і прадстаўнікамі Міністэрства абароны, то ў прынцыпе яна дастатковая. Яны пазыцыянуюць сябе як цалкам адкрытыя для ўсіх, хто хоча ўбачыць і пачуць пра гэтыя вучэньні. І таму я магу сьцьвярджальна адказаць, што інфармацыі аб вучэньнях ў нас дастаткова, прынамсі наконт месцаў дыслякацыі войскаў, асноўных мерапрыемстваў — пра гэта і ў публічнай сфэры, і пры асабістых сустрэчах мне было сказана. І пра колькасьць войскаў і тэхнікі зьвесткі таксама даводзяцца. Таму ў мяне як пасла хапае інфармацыі, я не магу сказаць пра яе недастатковасьць.

 

Ці ёсць ва ўкраінскіх назіральнікаў і прэсы магчымасць бачыць на вучэннях тое, што сапраўды важна для Ўкраіны?

 

— Украінскія назіральнікі пачынаюць працаваць заўтра. Яны запрошаныя ў рамках Венскага дакумэнту пра ўмацаваньне захадаў даверу і бясьпекі. Яны будуць працаваць асобна, рыхтавацьмуць даклад аб гэтых вучэньнях, і мы ў амбасадзе ня будзем ведаць пра гэта да канца вучэньняў. Украінская прэса таксама прыехала ў Беларусь на вучэньні, яна акрэдытаваная пры МЗС. Тут таксама беларуская ўлада дэманструе адкрытасьць. Але што ім пакажуць, мне цяжка сказаць, таму што сапраўды галоўнае пытаньне, якое іх турбуе, што будзе паказана, якія будуць брыфінгі, куды яны будуць дапушчаныя. Але прынамсі тыя захады, пра якія я чуў ад МЗС, даюць падставы лічыць, што яны ўсё ж нешта ўбачаць.

 

На колькі гэта ўсё будзе адкрыта на самой справе, мабыць, мы зможам казаць пасьля падвядзеньня вынікаў. Нам у МЗС абяцалі, што будзе брыфінг па заканчэньні вучэньняў яшчэ ў пачатку кастрычніка, і тады паглядзім, што ж было папраўдзе. Высновы будзем рабіць ўжо пасьля.

 

— Ці можаце ўдакладніць: гаворка ідзе пра двух назіральнікаў з Мінабароны Ўкраіны, а таксама ўкраінскіх вайсковых аташэ, акрэдытаваных у Мінску?

 

— Так. У нас ёсьць вайсковы аташэ і аташэ ў пытаньнях абароны, якія будуць удзельнічаць у назіраньні, яны маюць запрашэньне, будуць прысутнічаць на брыфінгах па выніках вучэньняў.

 

Але ў іх і назіральнікаў розная праграма, розныя паўнамоцтвы і розны доступ да вучэньняў. Калі гаворка ідзе пра назіральнікаў, запрошаных у рамках Венскага дакумэнту, то ў іх зусім іншыя магчымасьці. А аташэ маюць свае задачы, свае абмежаваньні, сваю праграму.

 

Ва Ўкраіне і палітыкі, і СМІ працягваюць гаварыць пра небяспеку гэтых вучэнняў для ўкраінскіх межаў. Беларусь запэўнівае, што расійскія войскі пакінуць тэрыторыю Беларусі да 30 верасня і ад іх ня будзе ніякай пагрозы Ўкраіне. Ці дастаткова вам такіх запэўніванняў?

 

— Што тычыцца беларускага боку, то для мяне як прадстаўніка ўкраінскай дзяржавы запэўненьняў кіраўніка Беларусі, якія ён даў прэзыдэнту Ўкраіны, дастаткова для таго, каб ведаць, што зь беларускага боку ніякіх пагрозаў няма для Ўкраіны. Я не адчуваю такой пагрозы, тым больш што дэманструецца такая адкрытасьць. Што тычыцца расейскіх войскаў, якія пакінуць тэрыторыю Беларусі ці застануцца, то ў мяне такой упэўненасьці няма. Хоць я веру беларускаму кіраўніцтву і прадстаўнікам Міністэрства абароны, што расейскія войскі павінны пакінуць тэрыторыю своечасова.

 

Гэта ўжо будзе пытаньне кантролю, і гэтае пытаньне да беларускага боку, які павінен забясьпечыць такі выхад расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. І я думаю, што яны будуць рабіць усё для таго, каб гэта рэалізаваць.

 

Але што будзе на самой справе, то давайце пачакаем канца вучэньняў. У сытуацыі, якая цяпер у нас з Расеяй, у мяне няма падстаў на сто адсоткаў давяраць расейскім войскам і расейскаму кіраўніцтву. Я ня думаю, што будзе там нейкая нестандартная сытуацыя, але разнастайныя маленькія паскудзтвы яны могуць зрабіць. Таму ў мяне ўпэўненасьць будзе толькі тады, калі яны пакінуць тэрыторыю Беларусі.

 

Скажыце, а вы асабіста, акрамя гэтых брыфінгаў ў МЗС, на якія запрашаюць паслоў, нешта ўбачыце падчас вучэнняў?

 

— Не, паслоў нікуды больш не запрашаюць. І мне здаецца, што запрашэньне паслоў і палітыкаў хоць і дало б нейкую карысную інфармацы, гэта не галоўнае. Галоўнае ў тым, што вучэньні павінны назіраць, ацэньваць і рабіць высновы спэцыялісты ў гэтай сфэры, менавіта вайсковыя людзі. У палітычнай частцы мы задаволеныя тым, што ў нас ёсьць запэўніваньні найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва Беларусі, што вучэньні не нясуць пагрозы межам Украіны.

 

***

 

Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.

 

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.

 

Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.

 

Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.

 

Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.

 


Дата стварэння навіны 16.09.2017

Возврат к списку