АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

7 жартаў пра «Захад-2017» з Глыбокага — тылу «Вяйшнорыі»

7 жартаў пра «Захад-2017» з Глыбокага — тылу «Вяйшнорыі»
15.09.2017
Глыбоччына стала адной з пляцовак вайсковых вучэнняў «Захад-2017»: тут з 14-га па 20-га верасня адбываюцца манеўры, датычныя тэрытарыяльнай абароны.

 Прысяга «рэзэрвістаў»


Глыбокае — гэта тыл «Вяйшнорыі»

 

Так жартуюць глыбачане, якія нечакана аказаліся закладнікамі вучэньняў. Бо рэгіён знаходзіцца ўбаку ад тэрыторыі «актыўных вайсковых дзеяньняў», і навучацца навыкам тэрытарыяльнай абароны мусяць рэзэрвісты, выкліканыя «на службу» ў пачатку верасьня, перадае Свабода. Для іх нават інсцэнавалі цырымонію прысягі — ужо другой у жыцьці.

 

Камэнданцкі час у дождж адмяняецца

 

Гэты жарт нарадзіўся ў першы дзень вучэньняў, 14-га верасьня, калі ў Глыбокім была залева. Пра тое, што з 22-й па 6-ю гадзіну глыбачанам забаронена знаходзіцца на вуліцы бязь пільнай неабходнасьці і перасоўвацца паміж населенымі пунктамі без дакумэнтаў, паведамілі сайт райвыканкаму і мясцовая раёнка «Глыбоцкі весьнік». Вядома ж, знайшліся рызыканты, ахвочыя праверыць дзеяздольнасьць забароны. І прыйшлі да высновы: вулічныя патрулі пад дажджом ня ходзяць. Хоць могуць быць выключэньні і лепей не спакушаць уласны лёс.

КПП у Глыбокім

КПП не перашкода, калі ведаць аб’езды

 

Гэта ўжо, мабыць, і ня жарт, а правераная на практыцы стратэгія мясцовых аўтамабілістаў

 

З «Еўраопту» людзей павыводзілі, а «выбухоўку» ў паліклініцы не заўважылі

 

Гэта таксама з назіраньняў першага «навучальнага» дня. Шараговыя глыбачане таксама сталі ўдзельнікамі вучэньняў. Так, пакупнікі крамы «Эўраопт» аказаліся статыстамі ў «апэрацыі разьмінаваньня». І, вядома, задавальненьня ад эвакуацыі па трывозе ня выказалі. Кажуць, што ў раённай паліклініцы таксама была заплянаваная частка навучальнай стратэгіі: там мусілі выявіць «небясьпечную торбу» зь верагоднай «выбухоўкай». Па чутках, апэрацыя правалілася: торбу ніхто не заўважыў. Праўда гэта ці не, невядома, бо ўсё пакрыта «ваеннай тайнай». Але глыбачане жартуюць: «У паліклініцы пільнуеш, як нарэшце трапіць да лекара, а ня нейкую там «выбухоўку»!

 

Забаранілі продаж алькаголю, каб людзі не пераблыталі «фугасы»

 

Жарт, зразумелы найперш тым, хто ведае: «фугасам» аматары называюць бутэльку таннага віна аб’ёмам 0,7 л. І насамрэч, каб ня здарылася чагосьці непрадказальнага, у Глыбокім на час вучэньняў забаранілі прадаваць алькаголь. Забарона дзейнічае з 19.00 да 10.00 — у дадатак да камэнданцкага часу. Але тычыцца толькі крамаў. На разьліў спусташаць «фугасы» дазваляецца.

 


Забарона на продаж алькаголю


Тэрарысты захопяць лепшае: згушчанку, камбікорм і райвыканкам

 Так глыбачане жартуюць пра стратэгічную праграму вучэньняў у горадзе. Паводле гэтай праграмы, раённыя ўлады, кіраўніцтва малочнакансэрвавага камбінату і камбікормавага заводу мусяць прадэманстраваць гатоўнасьць супрацьстаяць тэрарыстычнаму захопу. Пакуль «тэрарыстаў» у горадзе не заўважалі, а вось старшыню райвыканкаму Алега Морхата ў вайсковай форме з палкоўніцкімі пагонамі ўжо бачылі.

 

Паводле пляну вучэньняў «Захад-2017», у Глыбокім будуць знаходзіцца толькі беларускія вайсковыя сілы. Расейскіх тут быць не павінна. Але ж глыбачане памятаюць гісторыю, калі ў 1939 годзе сюды прыйшлі «вызваліцелі з польскага прыгнёту» — савецкая ўлада. Таму сумна жартуюць:

 

«Толькі б 17-га верасня нас ізноў не прыйшлі вызваляць расійскія танкі!»


Дата стварэння навіны 15.09.2017

Возврат к списку