АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Вадзім Іосуб пра супярэчнасці ў новых заявах Лукашэнкі пра эканоміку

Вадзім Іосуб пра  супярэчнасці ў новых заявах Лукашэнкі пра эканоміку
15.09.2017
Тры супярэчнасці ў новых заявах Лукашэнкі пра эканоміку. Кіраўнік дзяржавы выказаўся пра рост коштаў, пра "дармаедскі" дэкрэт №3 і пра задачу па дасягненні сярэдняга заробку ў 1000 рублёў.

14 верасня, прызначаючы новых старшыняў райвыканкамаў, Аляксандр Лукашэнка зрабіў некалькі эканамічных заяваў. Еўрарадыё прааналізавала выступ кіраўніка краіны.


1. Рост коштаў. Дзве фразы, якія Лукашэнка сказаў амаль запар:

"Вы папярэдзьце ўсіх, хто ў вас займаецца продажамі, а потым, атрымаўшы інфармацыю, праверце і зніміце галаву тым, хто неабгрунтавана задзірае цэны".

 

"Зрабіце так, каб прадпрыемствы не згарнулі сваю працу".

- Няўжо "наверсе" зразумелі, што можна "дастрымліваць" кошты да таго, што спыняцца прадпрыемствы?

 

Вадзім Іосуб: Казаць, што ўлады нешта зразумелі, — значыць, рабіць ім неабгрунтаваны камплімент. Лозунгі аб стрымліванні неабгрунтаванага росту коштаў гучаць ужо два з лішнім дзесяцігоддзі. На іх фоне ў нас амаль заўсёды была рэкордная інфляцыя і для рэгіёну Усходняй Еўропы, і на фоне краінаў СНД.

 

Займацца непасрэдна коштамі — гэта ні да чаго не прывядзе. Ну, можа стварыць дэфіцыт. Займацца трэба перадумовамі ў манетарнай сферы, якія прыводзяць да росту коштаў. І за апошнія два гады мы бачым нядрэнныя вынікі — інфляцыя сапраўды зніжаецца. Але не дзякуючы таму, што камусьці забаранялі падымаць кошты. Манетарныя ўлады сталі праводзіць прадуманую палітыку з гледзішча працэнтнай стаўкі, спынілі друкаваць грошы і гэтак далей. А рыторыка ўладаў захавалася — і словы "неабгрунтавана задзірае" на месцы, і спасылкі на тое, што пытанне коштаў мусіць рэгулявацца "зверху".

 

 

- А што яшчэ дзяржава можа тут зрабіць, акрамя адказнай грашова-крэдытнай палітыкі?

 

Вадзім Іосуб: Можа спрыяць фармаванню канкурэнтнага асяроддзя. Чым больш прадпрыемстваў, чым больш яны адзін з адным канкуруюць — тым ніжэй кошты. А прамой кантроль за цэнамі ніколі ні да чаго добрага не прыводзіў: ні ў Беларусі, ні ў Венесуэле, ні ў апошнія гады існавання СССР. Гэта вялікае глупства.

 

Але пасыл-та супрацьлеглы. Лукашэнка кажа не пра рост колькасці прадпрыемстваў, а пра тое, каб у сувязі з захадамі, якія збіраецца прадпрымаць дзяржава, іх колькасць хоць бы не скарацілася!

 

Вадзім Іосуб: Эканамічны сэнс папулісцкіх заяваў губляецца. Улады разумеюць, што людзям падабаюцца словы пра стрымліванне коштаў. Але мне здаецца, што за 20 гадоў у людзей выпрацаваўся імунітэт. І такія заявы ўжо паспелі надакучыць.

 

2. Дэкрэт №3. Дзве фразы, якія Лукашэнка сказаў амаль запар:

"Кожны чалавек павінен мець магчымасць працаваць і зарабляць".

 

"Вы павінны з імі [тымі, каго датычыцца дэкрэт. — Еўрарадыё] разабрацца. Вось і ўсё вырашэнне пытання. Тады яны не будуць хадзіць і крычаць "гвалт". Некаму трэба дапамагчы, некага трэба за руку прывесці на працу, некага перапрафіляваць, навучыць новым спецыяльнасцям, а некага проста нахіліць".

 

- Дык усё ж гаворка пра магчымасць працаваць ці пра тое, каб каго-небудзь нахіліць?

 

Вадзім Іосуб: З Канстытуцыі абавязак чалавека працаваць не вынiкае, і больш за тое: прымусовая праца ў нас у краіне забаронены. І вось гэтае "проста нахіліць" — асноўная прэтэнзія да дэкрэту яшчэ з абмеркавання яго праекта. І мы бачым, што ў рыторыцы Аляксандра Лукашэнкі нічога не змянілася.

 

3. Сярэдні заробак у 1000 рублёў. Што сказаў Лукашэнка:

"Калі мы гэтага ўзроўню дасягнем, мы можам спакойна любому чалавеку з 10 мільёнаў сказаць: мы вам дапамаглі, каб вы маглі паесці і сям'ю накарміць, ну а далей ужо напружвайцеся і працуйце самі".

 

- Хіба і праўда можна будзе так бы сказаць?

 

Вадзім Іосуб: Адзін чалавек можа зарабляць 1700 рублёў, другі — 300 рублёў, а сярэдні заробак атрымаецца — 1000 рублёў. Ну і паспрабуйце сказаць чалавеку, які атрымлівае 300 рублёў, каб ён далей напружваўся... Сярэдні заробак — няўдалы паказчык. Бо многія не будуць атрымліваць 1000 рублёў, нават калі сярэдні заробак дасягне гэтага ўзроўню. А ўжо за межамі Мінска дык і наогул большасць не ўбачыць гэтай тысячы. У той момант, калі кіраўнік дзяржавы абвесціць з экранаў тэлевізараў, што ўрад выканаў задачу і даў усім па тысячы, людзі зазірнуць у свае гаманцы і пераканаюцца, што гэта не праўда.


Дата стварэння навіны 15.09.2017

Возврат к списку