АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Вячаслаў Хараненка: "Калі паміраць, дык з гірай у руках…"

Вячаслаў Хараненка: "Калі паміраць, дык з гірай у руках…"
10.09.2017
Зусім нядаўна вядомы беларускі асілак, "кароль гір" Вячаслаў Харанека перанёс дзве сур’ёзныя аперацыі. Медыкі забаранілі атлету даваць лішнюю нагрузку на ногі, але гэта не перашкаджае 56-гадоваму спартсмену і далей займацца любімай справай.

На наступным тыдні ў Віцебску пройдзе трэцяя сусветная Алімпіяда па гіравым спорце, на якой Харанека паспрабуе ўсталяваць сёмы ў сваёй кар’еры рэкорд для Кнігі рэкордаў Гінеса. На гэты раз лежачы. І для гэтага яму спатрэбіцца ўсяго за адну гадзіну ўзняць над галавой у агулам вагу ў 70 тон.

 

Пра бліжэйшы старт Вячаслаў Харнека расказаў сайту "Народнай Волі":

 

– Прызнаюся вам: першы раз у жыцці я чагосьці баюся, – гаворыць Вячаслаў Васільевіч. – У мяне няма той упэўненасці, якая была раней. Пасля таго, як трапіў “пад нож” і перанёс дзве аперацыі па замене суставаў на нагах, медыкі параілі мне паберагчы сябе, пазбягаць непатрэбных нагрузак. Таму зараз я не ўздымаю гіру стоячы, прыходзіцца ляжаць. Але кідаць любімую справу не хочацца, таму і пагадзіўся на ўдзел у трэцяй сусветнай Алімпіядзе па гіравым спорце.

 

– Які рэкорд паспрабуеце пабіць на гэты раз?

 

– Іх некалькі. Планую ўстанавіць новыя сусветныя рэкорды ў кароткіх дысцыплінах – штурхаючы двухпудовую гіру 15 і 30 хвілін запар. Гэта задача мінімум. Але галоўны старт, на які я збіраюся выйсці ў Віцебску, – гэта гадзінны марафон, падчас якога буду ўздымаць гіру вагой 24 кілаграмы. Збіраюся замахнуца на сёмы ў сваёй кар’еры рэкорд сусветнай Кнігі рэкордаў Гінеса. На сённяшні дзень маё прозвішча значыцца там шэсць разоў. І ўсе тыя рэкорды я зрабіў стоячы. У Віцебску будзе спроба паставіць першы рэкорд лежачы. Але для гэтага мне прыйдзецца “паміраць” на памосце. Для таго каб пабіць рэкорд, мне трэба будзе за 60 хвілін узняць над галавой 72 тонны. Задача складаная, улічваючы тое, што маё асабістае дасягненне ў гэтай намінацыі выглядае на сённяшні дзень больш чым сціпла. За гадзіну я раней уздымаў усяго 35 тон. Вось і лічыце самі: каб рэкорд адбыўся, мне трэба пераўзысці самога сябе больш як у два разы.

 

– Як адчуваеце, сілы на гэта ёсць?

 

– Калі вы намякаеце на мой узрост, а ў гэтым годзе мне споўнілася 56 гадоў, то адкажу так: я не бачу сябе ў жыцці без любімай справы. Як бы пафасна гэта ні прагучала, але калі праміраць, дык з гірай у руках. Таму проста памаліцеся за мяне на наступным тыдні – з Божай дапамогай у нас усё павінна атрымацца.

 

Трэцяя сусветная Алімпіяда па гіравым спорце пройдзе ў Віцебску з 14 па 17 верасня на базе Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу. Удзел у спаборніцтвах возьмуць атлеты з 25 краін свету.


Дата стварэння навіны 10.09.2017

Возврат к списку