АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Марына Мулявіна — пра асабістую перапіску бацькі з маці

Марына Мулявіна — пра асабістую перапіску бацькі з маці
10.09.2017
Дачка легендарнага кіраўніка ансамбля "Песняры" Уладзіміра Мулявіна распавяла пра кнігу, якую яна напісала разам з Вольгай Брылон.

Мы сустрэліся з Марынай Уладзіміраўнай выпадкова — у дзень святкавання 950-годдзя Мінска ў самым цэнтры беларускай сталіцы – ля Ратушы. Менавіта тут выступаў ансамбль салістаў аркестра імя Жыновіча пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі Аляксандра Крэмко.

 

У рэпертуары гэтага калектыва з’явілася шмат кампазіцый, якія ў свой час адкрыў для шырокай публікі Ўладзімір Георгіевіч Мулявін.

 

Выступленне ансамбля, без перабольшання, выклікала сапраўдны фурор сярод прыйшоўшых.

 

Пагадзіцеся, рэдкі выпадак, калі гледачы не адпускаюць калектыў са сцэны, замаўляючы паўтарыць выкананне ўжо прагучаўшых песен. І пакуль саліст Ян Жанчак у другі раз выконваў “Вераніку” на словы Максіма Багдановіча, дачка Ўладзіміра Мулявіна падпісвала кнігу і размаўляла  з карэспандэнтам “Народнай Волі”.

 

—Па-першае, я хачу павіншаваць мінчан са святам горада, — сказала Марына Уладзіміраўна. — І прыйшла я сёння сюды, каб разам з усімі паслухаць тыя песні, якія былі ў рэпертуары «Песняроў». Мне вельмі падабаецца, як іх выконвае ансамбль пад кіраўніцтвам Аляксандра Крэмко. Заадно, так атрымалася, вось падпісваю людзям кнігу, якая прысвечана майму бацьку. Яна называецца “Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недасказанае”. Напісана яна ў творчым тандэме з музыказнаўцай Вольгай Брылон. Кніга мае тры часткі. Першая: біяграфія Уладзіміра Мулявіна ад нараджэння да службы ў войску, другая – ўспаміны пра бацьку, трэцяя – перапіска Мулявіна і ягонай першай жонкі – маёй мамы — Лідзіі Кармальскай.

- Як доўга вы рыхтавалі кнігу да выхаду?

— Шчыра кажучы, ідэя ўзнікла амаль адразу пасля татавай смерці. Аднак, я ўсё не наважвалася брацца за падрыхтоўку кнігі, як-ніяк, а перапіска —  справа двух людзей, справа інтымная. Я не хацела гэта выносіць на суд публікі, мне здавалася, што гэта толькі маё, асабістае…

Але ўрэшце рэшт наважылася. Праца над выданнем заняла прыкладна год. Зараз у продажы засталіся лічаныя экзэмпляры, бо наклад кнігі невялікі, — усяго 500 асобнікаў. Некалькі з іх я прынесла сёння сюды, яшчэ частка ёсць у сталічнай “Акадэмкнізе”. Каму цікава – набывайце, калі ласка. Я не ведаю, ці будзе яе перавыданне.

 


Дата стварэння навіны 10.09.2017

Возврат к списку