АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Міхась Варанец: «Мы дыхалі паветрам свабоды»

Міхась Варанец: «Мы дыхалі паветрам свабоды»
08.09.2017
На момант стварэння Міністэрства абароны Беларусі ў траўні 1992 года ў беларускім войску сярод афіцэраў сапраўднай службы беларусаў было толькі 11%, а ў самім Міністэрстве абароны – 3%.

25 год назад, 8 верасня 1992 года, падчас святкавання Дня беларускай вайсковай славы, Беларускае згуртаванне вайскоўцаў правяло ў Мінску акцыю прыняцця вайсковай прысягі на вернасць народу Беларусі. 

Але будзе цікава ведаць, што пачатак гэтай акцыі быў паложаны пад Воршай, на Крапівенскім полі, дзе ў верасні 1514 года адбылася знакамітая Аршанская бітва. Менавіта там 5 верасня 1992 года адбылося першае прыняццё прысягі на вернасць Беларусі, якое правеў маёр Міхась Варанец. Прапануем урывак з яго ўспамінаў.


Па ініцыятыве БНФ, БЗВ і іншых дэмакратычных сілаў 8 верасня 1992 года ў Мінску на плошчы Незалежнасьці вайскоўцы сапраўднай службы і ў запасе прынялі прысягу на вернасць народу Беларусі. Гэта быў сімвалічны акт, каб прыспешыць прыняццё вайсковай прысягі ўсім беларускім войскам.


Розгалас у войску пра маючую адбыцца прысягу быў вялікі. Многія вайскоўцы, ураджэнцы Беларусі, былі гатовыя прыняць удзел у гэтай акцыі. Але напярэдадні Міністэрства абароны правяло кампанію запалохвання афіцэраў сапраўднай службы. Да мяне ў вучэбны цэнтр у Печах, што пад Барысавам, прыязджаў палкоўнік з Міністэрства абароны, угаворваў не ехаць у Мінск на прысягу.



 1992 год. Крапівенскае поле

 І Міністэрства абароны, па вялікаму рахунку, дабілася свайго. Людзі пабаяліся. Ужо разваліўся Савецкі Саюз і ва Узброеных Сілах Беларусі пачалося скарачэнне…. Абстаноўка была вельмі напружаная. З дзеючых вайскоўцаў прыйсці ў форме адважыліся толькі два афіцэры са Слуцка і 8 актывістаў БЗВ ў параднай форме, якія папярэдне запэўнілі Міколу Статкевіча, што будуць на прысязе (усяго ў параднай форме было 12 актывістаў БЗВ – афіцэраў сапраўднай службы і ў запасе).


Недзе ў канцы жніўня 1992 года ў Мінску было пасяджэнне аргкамітэту па падрыхтоўцы акцыі і Мікола Статкевіч сказаў, што 5 верасня на Крапівенскім полі будзе фэст з нагоды угодкаў бітвы пад Воршай, і было б добра, каб нехта з сябраў БЗВ, хто яшчэ служыць і жыве бліжэй да Воршы, паехаў туды. Самім бліжнім да Воршы быў я. У падмогу мне выдзелілі маладога хлопца Іосіфа Бурко, сябра БЗВ і БНФ (на здымку ў белай кашулі і афіцэрскай плашч-накідцы).


Да Воршы мы ехалі электрычкай і дабраліся на поле недзе к абеду. Народу там яшчэ было мала – некалькі дзясяткаў чалавек. Ужо быў актывіст БНФ (і адзін з заснавальнікаў БЗВ) Віктар Івашкевіч з малым сынам. Было нязвыкла, але вельмі прыемна чуць, як сын Віктара, хлопчык здаецца гадоў васьмі а то і меней, гаворыць са сваім татам па-беларуску.

Віктар замешваў раствор, рабіў пастамент для памятнага знака. Дапамога яму была непатрэбная, і мы з Іосіфам проста гулялі, знаёміліся з іншымі. Бліжэй да вечара сабралася досыць шмат народу. Пэўна больш за 200 чалавек. Было весела, настрой ва ўсіх выдатны. Музыка, танцы, спевы. Былі дзяўчаты з Мінску, магчыма з Інстытута культуры, бо таньчылі паганскія танцы. І мы з Іосіфам танцавалі. Быў фэст бардаўскай песні, пераможцам якога стаў Віктар Шалкевіч.

 

Да нас з Іосіфам было добрае стаўленне як да сябраў БЗВ і як да беларускамоўных: да нас падыходзілі, размаўлялі, запрашалі ў свае намёты і частавалі. Канешне, значэнне тут мела і тое, што я быў у вайсковай форме. Патлумачу. На момант стварэння Міністэрства Беларусі ў траўні 1992 года ў беларускім войску (па вялікаму рахунку, беларускім толькі па назве) сярод афіцэраў сапраўднай службы беларусаў было толькі 11%, а ў самім Міністэрстве абароны – 3% (праз некаторы час у Міністэрстве абароны палічылі ўсіх машыністак, прыбіральшчыц і абвесцілі, што ў Мінабароны 19% беларусаў). Таму з боку ўдзельнікаў фэсту была і ўвага і, можна сказаць, пашана да беларускамоўнага афіцэра.

На фэсце было шмат новых знаёмстваў. Найперш запомнілася знаёмства з ужо згаданым Віктарам Шалкевічам і яго калегам-бардам Андрусём Мельнікавым, з мастаком з Віцебска Алесем Пушкіным. Знаёмствы гэтыя мелі працяг. Так, у 1993 годзе я запрасіў В.Шалкевіча на святкаванне дня Волі ў Слоніме, дзе ён бліскуча выступіў са сваімі песьнямі і гумарэскамі. Дарэчы, святкаванне адбылося ў глядзельнай зале Слонімскага тэатра з дазволу галоўнага рэжысёра і дырэктара тэатра Мікалая Варвашэвіча, і ні ў якія выканкамы я не звяртаўся… 


Цяпер ужо не памятаю дакладна ў які момант, здаецца, ужо пасля заканчэння асноўнай праграмы, арганізатары далі слова мне. Я назваўся, коратка расказаў сутнасць справы і стаў зачытваць прысягу. А ўдзельнікі фэсту падняліся і паўтаралі за мною словы прысягі. Потым людзі падыходзілі, запісвалі сваё імя, прозвішча і распісваліся, што прынялі прысягу. Вось гэты момант і захаваны на фота. Не памятаю, колькі чалавек распісаліся. Пэўна, што не некалькі чалавек і не некалькі сотняў, а, хутчэй за ўсё, некалькі дзясяткаў.

Вядома, на фэсце былі розныя людзі, пэўна хтосьці і скептычна паставіўся да акцыі прыняцця прысягі (хаця тады мне здавалася, што ва ўсіх такі ж эмацыйны стан, як у мяне), але нас аб’ядноўвала галоўнае – мы дыхалі паветрам свабоды.

 

Па інф. orshatut.by

Дата стварэння навіны 08.09.2017

Возврат к списку