АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Перадайце Лукашэнку: Ганчар не прадаецца». 12 фактаў пра зніклага палітыка, якому сёння было б 60

Перадайце Лукашэнку: Ганчар не прадаецца». 12 фактаў пра зніклага палітыка, якому сёння было б 60
07.09.2017
7 верасня вядомаму палітыку, дэпутату Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканняў, былому віцэ-прэмʼеру, экс-старшыні ЦВК споўнілася б 60 гадоў. 16 верасня 1999 году ён бясследна знік разам з сябрам, бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім.

7 верасня вядомаму палітыку, дэпутату Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканняў, былому віцэ-прэмʼеру, экс-старшыні ЦВК споўнілася б 60 гадоў. 16 верасня 1999 году ён бясследна знік разам зь сябрам, бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім.

 

Свабода з дапамогай паплечнікаў, сяброў сабрала 12 фактаў пра Віктара Ганчара.

 

Паходзіў з вёскі

1. Нарадзіўся ў пасёлку Радзішчава Слуцкага раёну. З чырвоным дыплёмам скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, з адзнакай — аспірантуру. У аспірантуры і пазнаёміўся з жонкай Зінаідай, па спэцыяльнасьці біёлягам. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Ўнутрыгаспадарчы разлік у прамысловасці (Прававая арганізацыя)». Да абраньня дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня выкладаў у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. І прыхільнікі, і праціўнікі высока цанілі ягоную адукаванасьць, кампетэнтнасць, харызматычнасць, аратарскія здольнасці.

 

Кажуць, што ў якасці ўзору Ганчар выкарыстоўваў вобраз ленінградзкага прафесара-юрыста, дэпутата Анатоля Сабчака, і Ганчаровы прыхільніцы-пэнсіянэркі, паглядзеўшы па тэлевізары трансьляцыю паседжаньня Вярхоўнага Савету, казалі: «Наш Віця Сабчак!»

 

Сябраваў з Аляксандрам Лукашэнкам

 

2. На пачатку сваёй палітычнай карʼеры даволі блізка сябраваў з Аляксандрам Лукашэнкам, той нярэдка гасьцяваў у маці Ганчара Валянціны ў пасёлку Першамайскім, а таксама часьцяком наведваўся і ў кватэру Віктара і Зінаіды Ганчароў. Маці Віктара Ганчара, спадарыня Валянціна, потым узгадвала: «Вось тут сядзеў Аляксандар, называў мяне мамай, гладзіў па руцэ і казаў: «Я Віктара ніколі ня кіну». Пасьля знікнення сына ў 1999 годзе маці звярталася да Лукашэнкі: «Узгадайце маю дабрыню, прастату і гасціннасьць у адносінах да Вас. Дапамажыце вярнуць мне сына!»

 

Будаваў «Горад сонца»

 

3. Разам з Генадзем Карпенкам спрабаваў ператварыць Маладэчна ў «горад сонца». На пачатку 1990-х дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Генадзь Карпенка стаў мэрам Маладэчна, Віктар Ганчар — ягоным намеснікам. Яны перайменавалі большасьць вуліц, якія насілі савецкія назвы. Пры іх насупраць помніка Леніну ў 1993 годзе ўзвялі помнік беларусам, якія сталі ахвярамі розных рэжымаў — тут зьявіўся валун з надпісам «Пакутнікам за волю й незалежнасьць Беларусі».

 

Спрыяў прыходу Лукашэнкі да ўлады

 

4. Дзякуючы найперш Віктару Ганчару і Дзмітрыю Булахаву ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніжнюю планку ўзросту для прэтэндэнта на прэзыдэнцкі пост знізілі з 40 да 35 гадоў. (Аляксандру Лукашэнку ў 1994-м не хапала да 40 пару месяцаў, а парлямэнцкая фракцыя «Беларусь», якая мела большасць у парламэнце, «прасоўвала» свайго кандыдата — тагачаснага прэмʼера Вячаслава Кебіча). Дэпутат Віктар Ганчар з трыбуны Вярхоўнага Савету запытаўся: «Каго маўляў, баіцеся — Лукашэнкі?» І дэпутаты прагаласавалі за тое, што прэтэндаваць на прэзідэнцтва можна з 35 гадоў.

 

Ня быў задаволены атачэннем Лукашэнкі

 

5. Насуперак агульнапрынятай думцы, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году Ганчар быў у камандзе Лукашэнкі, сам ён гэта адмаўляў. Як сведчыць Аляксандар Фядута, «Ганчар проста здаў імя напракат“, даў магчымасць Лукашэнку эксплуатаваць сваё вядомае імя». Віктар Ганчар ніколі ня быў задаволены атачэннем Лукашэнкі.

 

Працаваў віцэ-прэмерам

 

6. У верасні 1994 году пагадзіўся заняць пасаду віцэ-прэмʼера ўраду па гуманітарных пытаннях, але вельмі хутка зразумеў, што насамрэч усё ў краіне вырашае адна асоба. Як чалавек адказны і патрабавальны, працалюбны, доўга на такой намінальнай пасадзе ён не пратрымаўся: пасля таго як прэзыдэнт не прыняў яго адразу, бо заняты быў з Ціцянковым прымеркай гарнітура, — падаў у адстаўку. Адстаўка была імгненна прынятая. Сышоў на даволі спакойную і «хлебную» пасаду — старшыні Эканамічнага суду СНД.

 

Абстралялі машыну

 

7. 14 чэрвеня 1995 году каля дома Віктара Ганчара абстралялі ягоную машыну, у якой былі калегі-супрацоўнікі — памочнік дэпутата Кацярына Антонік і начальнік аддзелу Эканамічнага суду СНД Яўген Лычоў. На заднім сядзенні, дзе звычайна ездзіў Ганчар, у той час сядзела Кацярына Антонік — яе параніла. Стралялі супрацоўнікі міліцыі, якія, паводле афіцыйнай вэрсіі, падумалі, што ў машыне могуць знаходзіцца злачынцы. Аўтамабіль, з  якога стралялі, належаў Службе бяспекі прэзідэнта.

 

Выступаў супраць рэфэрэндуму 1996 году



Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 года. На фота - Віктар Ганчар, саршыня ЦВК

8. У 1996 годзе Віктар Ганчар узначаліў Цэнтральную выбарчую камісію і быў апантаным праціўнікам рэфэрэндуму, навязанага краіне Аляксандрам Лукашэнкам з мэтай узурпацыі ўлады. І ўжо на першай прэсавай канфэрэнцыі пасьля прызначэньня заявіў, што не падпіша вынікі рэфэрэндуму, бо Канстытуцыйны Суд прызнаў яго не адпаведным Канстытуцыі. 14 лістапада 1996 году Лукашэнка даў каманду тагачаснаму начальніку Службы бяспекі прэзыдэнта Ўладзімеру Навумаву і былому калегу Ганчара па дэпутацкім корпусе палкоўніку Міхаілу Цесаўцу адхіліць Віктара Іосіфавіча ад пасады і больш не пускаць у памяшканьне ЦВК. АМАП фактычна захапіў памяшканьне ЦВК, якая тады месьцілася на вуліцы Кастрычніцкай, 5. Туды не пусьцілі нават тагачаснага старшыню Вярхоўнага Савету 13 склікання Сямёна Шарэцкага — фактычна другая асоба дзяржавы вымушана была выступаць перад журналістамі ў фае:

 

«У краіне пачаўся захоп улады неканстытуцыйным шляхам. Каля ЦВК выстаўлена ахова невядома якімі людзьмі. Вось для чаго створана служба аховы прэзыдэнта — для захопу  ўлады», — заявіў Шарэцкі.

 

Быў ініцыятарам імпічмэнту Лукашэнкі

 

9. Віктар Ганчар адным з першых паставіў свой подпіс за імпічмэнт прэзыдэнта. Імпічмэнт быў правалены — частка дэпутатаў пад ціскам і пагрозамі адклікалі свае подпісы пад зваротам у Канстытуцыйны Суд. Адразу ж пасля рэфэрэндуму дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 склікання арганізавалі следчую камісію па вывучэньі парушэнняў прэзідэнтам Канстытуцыі. Кіраўніком камісіі стаў Ганчар. Былі прааналізаваныя практычна ўсе ўказы, якія разглядаліся Канстытуцыйным судом, яны былі прызнаныя незаконнымі. Што да лістападаўскага рэфэрэндуму, камісія зрабіла заключэньне, што ён таксама ня можа быць прызнаны законным, а гэта азначае, што адбыўся захоп дзяржаўнай улады Аляксандрам Лукашэнкам. З гэтай заявай Ганчар выступіў публічна з парламэнцкай трыбуны. Заяву ён разаслаў ва ўсе дзяржаўныя органы Беларусі, дыпламатычныя прадстаўніцтвы, міжнародныя структуры. За гэта на Ганчара пракуратура завяла крымінальную справу паводле артыкула 128 — паклёп. Справа да суду не дайшла.

 

Правёў альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта

 

10. Увосень 1998 году Ганчар ачоліў альтэрнатыўны Цэнтравыбаркам па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, адноўлены Вярхоўным Саветам 13 склікання. У краіне зьявілася два ЦВК. Калі Ганчар пачаў кампанію па арганізацыі альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў з удзелам Зянона Пазьняка, Міхаіла Чыгіра (Генадзь Карпенка адразу ад такой прапановы адмовіўся), да яго прыехалі пасланцы ад улады з чамаданчыкам-дыпляматам. У дыплямаце — 300 тысяч даляраў, з простай умовай-прапановай: ён сыходзіць з палітыкі. Пра гэты эпізод Свабодзе паведаміў Анатоль Лябедзька. На гэта Віктар Ганчар адказаў: «Вы сурёзна думаеце, што гэта мая цана? Перадайце Лукашэнку, што Ганчар не прадаецца. Ганчар робіць тое, у што верыць».

 

Трымаў сухую галадоўку

 

11. 25 лютага 1999 году ў кавярні «Калізэй» адбылося паседжаньне альтэрнатыўнага ЦВК, пасля якога Ганчара затрымалі. 1 сакавіка за зачыненымі дзьвярыма, таемна, у пастарунку судзьдзя Валянціна Зянькевіч асудзіла яго на 10 сутак арышту. Віктар Ганчар адразу ж абвясьціў сухую галадоўку. І ў пастарунку, і ў ізалятары часовага ўтрыманьня яго катавалі, жорстка зьбівалі. На шосты дзень галадоўкі турэмны лекар Мікуліч паспрабаваў гвалтоўна Ганчара пакарміць — не атрымалася. Тады паспрабаваў увесьці раствор глюкозы. Віктар Ганчар не паддаўся. Адседзеў тэрмін цалкам. Каб паплечнікі не сустрэлі каля СІЗА, у дзень вызваленьня Віктара доўга вазілі па горадзе і выкінулі ў сумёт.


Бясследна знік


12. Віктар Ганчар рыхтаваў на 19 верасьня 1999 году пашыранае паседжанне Вярхоўнага Савету 13 склікання з удзелам лідэраў апазыцыйных партый, прафсаюзаў, на якім плянаваў выступіць з дакладам і прапанаваць мэханізм вываду Беларусі з эканамічнага і палітычнага крызісу. Не паспеў — 16 верасня прыкладна а 23-й гадзіне на выхадзе з лазьні, што на вуліцы Фабрычнай, 20 быў гвалтоўна выкрадзены разам з бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім. На месцы выкрадання на асфальце былі сляды крыві, сляды тармажэньня аўтамабіля, аскепкі разьбітага шкла. Грамадзкасьць, сваякі зніклых, міжнародная супольнасьць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя з палітычных матываў, і падазраюць, што да іх выкраданьня маюць дачыненне вышэйшыя службовыя асобы краіны.



Дата стварэння навіны 07.09.2017

Возврат к списку