АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

«Шукаю мужа» - налепка і знаходка жанчыны за рулём

«Шукаю мужа» - налепка і знаходка жанчыны за рулём
06.09.2017
Мінчанка шукае новага мужа з дапамогай налепкі на машыне.Жадаючыя тэлефануюць па тры разы на дзень.

У сацсеткі прасачыліся фотаздымкі з машынай маркі «Альфа Рамэа», на якую наляпілі цікавую абвестку: «Шукаю мужа». Мы звязаліся з уладальніцай аўто, каб высветліць, наколькі такі незвычайны спосаб дапамагае ў наладжванні спраў сардэчных.

 

Кіроўцай машыны аказалася 39-гадовая Віталіна Ненарокамава.

 Жанчына працуе seo-спецыялістам у кампаніі, якая займаецца коўкай. Яна расказала «НН», што яшчэ і не развялася з былым мужам, але яны не жывуць разам ужо як паўгода, таму яна пачала шукаць новага: «Наш шлюб — толькі фармальнасць».

 

«Налепку з аб'явай і маім нумарам тэлефона я заказала тыдзень таму. Маленькая дачка, канешне, мяне не разумее, усё пытаецца: «Мама, навошта ты шукаеш новага тату?». Але я ўжо бачу, што такі метад вельмі эфектыўны. Можаце так і напісаць: гэта выдатны спосаб пазнаёміцца з новымі людзьмі і павялічыць канцэнтрацыю мужчын у сваім жыцці. Каб у жанчыны быў выбар і ёй не прыходзілася пагаджацца на першага сустрэчнага».

 

Наколькі такі спосаб знаёмстваў эфектыўны? Мяркуйце самі: у сярэднім жанчыне тэлефануюць тры разы за дзень. Кожны вечар яна ходзіць на новае спатканне. Сярод патэнцыяльных жаніхоў трапляліся і неадэкваты: так, п'яная кампанія на чале з альфа-самцом-вахцёрам спрабавала падрэзаць Віту на «Жыгулях»: прапанову рабілі прама на хаду. Але жанчына іх адшыла: «Хочацца знайсці калі не прынца, то дакладна не рабочага-алкаголіка, таго, хто можа пачаставаць кубачкам кавы».

 

Віта прызнаецца, што нават калі не знойдзе жаніха, то новыя знаёмствы — гэта якраз тое, чаго ёй у жыцці не хапала.

 

Жанчына мае акаўнты і ў сацсетках, але адзначае, што ў хлопцаў, якія там сядзяць, мала ініцыятывы.

«Як паказвае практыка, мужчыны з інтэрнэту сядзяць дупай на канапе і толькі на перапіску здольныя. На спатканне яны запрашаюць зрэдку, а вось мужчыны, якія тэлефануюць, клічуць зганяць на каву амаль адразу. Можа, працуе атмасфера дарогі, руху?», — мяркуе жанчына.

 

Часцей астатніх ёй за гэты час тэлефанавалі маладыя людзі да 37 гадоў. Віта кажа, што гэта таму, што ім падабаюцца авантуры.

Праўда, спланаваць сустрэчу нармальна яны не могуць: пакідаюць гэты абавязак за жанчынай. Адзін раз нумар набраў 50-гадовы начальнік, але сустракацца чамусьці пасаромеўся. Цікава, што мужчын не пужае дзіцячае ружовае крэсла ў машыне: знак, што ў кіроўцы ёсць дзіцё. «Для некаторых мужчын гэта нават бонус», — лічыць Віта.

 

Праўда, пакуль ні адзін з гэтых джэнтльмэнаў гераіні не спадабаўся, таму здымаць з машыны налепку яна не думае, хоць яе крэатыў не ацаніў нават начальнік з працы.

Пошукі ідэальнага кандыдата працягваюцца.

па інф. НН


Дата стварэння навіны 06.09.2017

Возврат к списку