АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Па "фене ботаюць" ці на мове размаўляюць у беларускай турме

Па "фене ботаюць" ці на мове размаўляюць у беларускай турме
06.09.2017
Расказваюць былыя вязні. Афіцыйнай мовай беларускай турмы лічыцца расійская. Наколькі часта гучыць за кратамі першая дзяржаўная мова краіны — беларуская?

Ці бяспечна ў няволі размаўляць па-беларуску і якія шанцы авалодаць матчынай мовай у турэмнай установе?

 

На гэтыя пытанні Свабода папрасіла адказаць колішніх вязьняў беларускіх калёніяў ды турмаў.

 

1. Васіль, журналіст: «Беларускай мовы за кратамі ня чуў, а ў якасьці расійскай там гучаў моўны мікст»


Журналіст Васіль Сямашка беларускай мовай валодае пасіўна, у штодзённым жыцьці карыстаецца расейскай. У другой палове 1990-х, калі ў краіне назіраўся ўсплёск нацыянальнага адраджэньня, быў асуджаны за хуліганства. Сядзеў на Акрэсьціна, «Валадарцы», у былой менскай калёніі на Кальварыйскай. У 2000-я наведаў беларускія папраўчыя ўстановы ўжо як карэспандэнт незалежных СМІ. Кажа, што ў 1990-я за кратамі беларускай мовы ня чуў. Таксама ня чуў, каб хто размаўляў на ёй і ў 2000-я, калі ў вязьніцах сядзела нямала палітвязьняў:

 

— Пры мне ўсе, як зэкі, так і турэмнікі, размаўлялі на так званай расейскай. Або моўным міксьце з савецкай турэмнай тэрміналёгіі (кшталту таго ж слова „зэк“ — „ЗК“ — „ЗаКлюченный“), мату, блатных выразаў („феня“) ды невялікай колькасьці нэўтральнай, а калі размова ішла пра крымінальныя справы — юрыдычнай расейскай лексыкі. Па сутнасьці, у турме гучыць такая ж мова, што і на волі, з тым жа беларускім акцэнтам.

 

— Калі б хто зь вязьняў пачаў раптам гаварыць па-беларуску, як бы да гэтага паставіліся?

 

— Цалкам літаратурнай тая б мова быць не магла. Яе носьбіту так ці інакш у мэтах паразуменьня прыйшлося б выкарыстоўваць тэрміны з турэмнага арго: «прымыльнік» (рукамыйнік), «прадол» (турэмны калідор), «зашчолак» (дзьверы ў камэру) і многае іншае. Напэўна, калі б сярод вязьняў знайшоўся чалавек, які б пачаў размаўляць на добрай беларускай мове, зэкі паставіліся б да яго як да дзівака. Калі б так чалавек зьвярнуўся па-беларуску да кантралёра, то, думаю, той адрэагаваў бы на гэта спакойна і адказаў бы, зразумела, па-расейску. Для іх галоўнае, каб асуджаны не перашкаджаў жыць навакольным. Калі б зьняволены пачаў патрабаваць, каб турэмнікі размаўлялі зь ім па-беларуску, то, мяркую, што ў 99% гэта было б успрынята як зьдзек з боку ЗК з рознымі наступствамі, якія адгэтуль вынікаюць.

 

2. Вадзім, праграміст: «Каб пакончыць з турэмным мінулым, пільнуй культуру мовы»


26-гадовы Вадзім працуе лінгвістам-праграмістам. За краты трапіў пасьля чатырох курсаў унівэрсытэту. Выйшаў на волю летась пасьля пяцігадовай адседкі. Падчас зьняволеньня на дадатак да базавай ангельскай самастойна вывучыў беларускую, польскую ды партугальскую мовы. Усе іх выкарыстоўвае ў працы і лічыць, што менавіта моўныя заняткі, а таксама пільнасьць што да культуры мовы дапамаглі яму рэсацыялізавацца і не выдаваць сваё турэмнае мінулае.

 

«Культура мовы — як своеасаблівы гігіенічны фактар для жыцьцёвага посьпеху. Яго наяўнасьць ня надта моцна павышае верагоднасьць посьпеху, але ж калі моўнай культуры няма, такая верагоднасьць рэзка зніжаецца».

 

Так званую «расійскую» мову беларускай турмы Вадзім называе проста жахлівай:

 

«Турэмныя насельнікі — гэта збольшага маладыя людзі ад 18 да 30–35 гадоў, пераважна з глыбінкі, зь няпоўнай сярэдняй адукацыяй. Дэградацыя адбывалася на вачах. Калі на пачатку тэрміну яны размаўлялі на трасянцы, у якой адчуваўся добры беларускі калярыт, то зь цягам часу, абсьмяяныя больш дасьведчанымі крымінальнікамі ды турэмнікамі, яны пачыналі саромецца сваіх беларускіх словаў ды выразаў, і ў той жа час як губка ўбіралі ў сябе рознае моўнае сьмецьце, якое гучала ў тым асяродзьдзі. Расейская мова ў выніку станавілася яшчэ больш прымітыўнай, аднак беларуская фанэтыка пры вымаўленьні як была, так і застаецца. Пра пісьмовую расейскую ўвогуле маўчу. Тут памылкі ледзь ня ў кожным слове».


Паводле Вадзіма, калі б нешта залежала ад ягонай волі, ён паспрабаваў бы ўвесьці для за кратамі выкладаньне беларускай мовы, хаця б на факультатыўнай аснове:

 

«Упэўнены, што пры добрым выкладаньні навучаньне беларускай далося б той моладзі значна лягчэй, чым расейскай. Гэтыя людзі зь дзяцінства валодаюць аўтэнтычным беларускім вымаўленьнем, маюць дастатковы слоўнікавы запас, хоць з часам гэта ўсё больш асядае на самым дне іх памяці».

 

Былы асуджаны ўзгадвае, што на просьбу сулягернікаў ён пакінуў у калёніі некаторыя кнігі на беларускай мове, што яму перадавалі з волі. Сярод іх кніжка з сэрыі «Бібліятэка Свабоды» — «Турма і здароўе» лекара і палітвязьня Юрыя Бандажэўскага, выдатныя пераклады з ангельскай твораў Артура Конан Дойля ды іншае. Пазьней адзін са знаёмых сядзельцаў напісаў Вадзіму, што ягоную беларускамоўную літаратуру зачыталі ня толькі зэкі, але і ахоўнікі, ды прасіў даслаць за краты яшчэ што-небудзь такое, бо выбар у мясцовай бібліятэцы ня надта разнастайны.

 

3. Мікола, анархіст: «Цікаўныя да беларускай за кратамі знайшліся б»

 

Былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок на волі ўжо два гады. З 2010 па 2015 утрымліваўся ў розных беларускіх калёніях ды турмах. Падчас зьняволеньня размаўляў па-беларуску зь беларускамоўнымі вязьнямі, аднак такіх за ўвесь час ягонага зьняволеньня былі адзінкі. Актыўна карыстацца беларускай мовай пачаў пасьля вызваленьня.

 

Мікола Дзядок ня памятае, каб за кратамі здараліся якія канфлікты з прычыны таго, што нехта зь вязьняў раптам пачаў бы гаварыць па-беларуску. У любым выпадку, праяваў дыскрымінацыі ў сувязі з мовай ён ня памятае. Адзінае, чаго можна чакаць як з боку сядзельцаў, так і з боку кантралёраў, — дык гэта неразумення, але ня больш за тое.

 

«Калі б за кратамі пачалі выкладаць мову, то, думаю, знайшліся б цікаўныя, хаця б таму, што няма чаго рабіць, — кажа Мікола Дзядок. — Напрыклад, беларускамоўныя газэты, што мне прыходзілі, чытала нашмат больш за дзясятак людзей, у тым ліку зь іншых атрадаў. Падыходзілі самі, прасілі. Напачатку многія сапраўды скардзіліся, што „цяжка чытаць па-беларуску“, але ўсе роўна бралі і чыталі. Галоўнае — зьмест таго, што чытаеш, і тады ўсё пачнеш разумець, а беларуская мова стане нечым неабходным».

 

4. Зьміцер, эмігрант: «Усё гэта ідзе ад таго, як ставяцца да падобных пытаньняў ва ўладзе»


Зьміцер Вольны за кратамі правёў гадоў дваццаць з сваіх сарака, збольшага на строгім і нават на асаблівым рэжыме. Кажа, што матчынай мовы там ня чуў ніколі. Пасьля апошняга вызваленьня зьехаў далёка за межы краіны. Сацыялізаваўся. У той краіне, дзе цяпер жыве, турэмны слэнг, які ён засвоіў у вязьніцах, нікому не патрэбны. А вось беларуская мова ў яго такая ж актыўная, што і ангельская — Зьміцер сябар беларускай суполкі. Грунтоўна вучыць матчыну мову пачаў толькі на чужыне.

 

«Калі ўзяць мову сучасных беларускіх зняволеных, то, пагаджуся, гэта збольшага мова неадукаванага чалавека з малым слоўнікавым запасам, Вельмі сумна, што ў нашых турмах бракуе гуманітарнай адукацыі, ня вучаць мовам, у тым ліку і матчынай, а таксама гісторыі, традыцыям, культуры роднага народу. Такія веды вельмі працуюць на самаацэнку асобы. Ведаю нямала хлопцаў, якія за кратамі разумелі, як ім бракуе базавых школьных ведаў, ішлі ў школы пры калёніях. Аднак узровень выкладаньня там традыцыйна невысокі. Зразумела, усё гэта ідзе ад таго, як ставяцца да падобных пытаньняў ва ўладзе», — кажа Зьміцер Вольны.

 

Ён мяркуе, што калі б у Беларусі на тым жа строгім рэжыме нейкі асуджаны пачаў размаўляць па-беларуску, то «зэкі, калі б убачылі ў ім чалавека шчырага, паставіліся б да гэтага вельмі нармальна»:

 

«Магчыма, і ня ўсе, але бальшыня дакладна. А вось наконт мянтоў ня ўпэўнены. Нават на адрас тых, з чыіх вуснаў гучалі асобныя сакавітыя выразы на беларускай, ад аховы можна было пачуць: „Разгаварывай на нармальнам языке“ ды іншыя абразьлівыя заўвагі. Такое дазвалялі сабе, вядома, ня ўсе, але бальшыня дакладна. Лічу, што вязень павінен быць вельмі ідэйным чалавекам і, безумоўна, асобай, каб размаўляць у вязьніцы па-беларуску. Калі гэта такі вязень, то нават у тых умовах ён ня будзе саромецца сваёй матчынай мовы, а будзе ўдасканальваць яе».

 

5. Мікола, бізнэсовец: «Спатрэбілася апынуцца за кратамі, каб зразумець, хто ты ёсьць»

 

Двойчы палітвязень Мікола Аўтуховіч пачаў грунтоўна займацца беларускай мовай падчас сваіх адседак, хоць у дзяцінстве і размаўляў па-беларуску. Кожнае лета ён праводзіў у вёсцы ў бабулі, а потым дома яшчэ доўга паўсюль карыстаўся матычнай мовай. Але зь яго ўсе сьмяяліся і абзывалі калгасьнікам. Так ставіліся да кожнага, хто гаварыў не як абсалютная большасьць. Зразумела, людзі саромеліся ды пачыналі размаўляць «нармальна».

 

Шмат пазьней, трапіўшы ў няволю, Мікола ў сваіх лістах сябрам пісаў: «Спатрэбілася апынуцца за кратамі, каб зразумець, хто ты ёсьць... Мы беларусы, мы нарадзіліся не ў 1917 годзе. Нам не патрэбна гісторыя камуністаў... Мы ўжо ведаем пра сваіх продкаў...». Ён вдзначаў, што ў знак павагі да іх трэба «вярнуць сваю мову, культуру ды традыцыі».

 

Паводле палітвязьня, усё гэта ён адкрыў для сябе менавіта ў вязьніцы, а гады, праведзеныя ў турме, сталі для яго парою «запойнага чытаньня».

 

Беларускамоўных за кратамі Аўтуховічу давялося сустракаць надзвычай рэдка. Разьвіцьцё моўных навыкаў, лічыць ён, залежыць ад таго, як шмат чалавек за кратамі чытае і наколькі ён можа займацца самастойна. Паводле палітвязня, які падчас другой адседкі ўтрымліваўся ня толькі ў калёніі, але і на турэмным рэжыме ў Горадні, «у турме не атупець цяжэй, чым у калёніі, бо вязень знаходзіцца ў чатырох сьценах. Аднак калі ўсё добра з галавой, чалавек сам сабе вызначыць нейкі плян жыцця ў камэры».

 

Паводле спадара Міколы, у гарадзенскай турме ён «налёг» на беларускую клясыку. Грунтоўнае вывучэньне мовы пачалося з твораў Караткевіча. Першымі кнігамі гэтага аўтара сталі «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ды «Каласы пад сярпом тваім». Напачатку чыталася вельмі цяжка. Шмат было незнаёмых слоў, даводзілася неаднойчы перачытваць, каб зразумець. Палітвязень нават склаў уласны слоўнік да твораў Караткевіча.

 

«Чытаў і нават адчуваў, што бачу там сябе вось у тыя гады. І вельмі б хацелася ў тым часе пажыць. Праз тыя кнігі і прыйшоў да мовы».

 

6. Зьміцер, палітык, цясьляр: «Корань нацыянальнага нігілізму— у нас саміх»

 

Двойчы палітвязень Зьміцер Дашкевіч размаўляў па-беларуску за кратамі ўвесь час, з усімі без выключэньня вязьнямі ды турэмнікамі. Скаргі ў вышэйшыя інстанцыі таксама пісаў толькі на беларускай мове. Тычыліся яны ў тым ліку і ягонай моўнай дыскрымінацыі ў Жодзінскім СІЗА. Зьдзекі ды абразы ў гэтай сувязі ён сустракаў ня раз як ад турэмнікаў, так і ад сядзельцаў. У лепшым выпадку гэта былі прапановы-папярэджаньні: «Я цябе разумею, але гавары на нармальнай мове». У сваім турэмным апавяданні «Гумовы тапак» ён расказаў пра выпадак, які здарыўся зь ім на пачатку 2011 году ў адной з камэраў «Валадаркі». Размаўляючы з сукамэрнікам Валодзем па-беларуску, а не на «нармальнай мове», ён атрымаў ад яго моцны ўдар па твары.

 

Зьміцер Дашкевіч задаецца пытаньнем: «Дык дзе ж, дзе корань нацыянальнага нігілізму?» — і адказвае: «Корань — у нас саміх!.. Перш за ўсё самі і вінаватыя ў бяспамяцтве гэтым. Падумаць сабе: толькі за апошні месяц толькі ў гэтай камэры сядзелі тры барацьбіты за новае жыцьцё (уключна з кандыдатам на прэзыдэнта — рэд.), і ні ад кога — ні ад кога зь іх! — не пачуў Валодзя беларускага слова!

 

Дык а чаго мы патрабуем ад людзей паспалітых? Мы дамагаемся іншых законаў, канстытуцыйных фармулёвак і нават улады, прыкрываючы ўсё гэта ідэаламі адраджэньня Бацькаўшчыны, тады як для адраджэньня Бацькаўшчыны ня трэба нічога — ні законы, ні Канстытуцыя, ні нават улада. Для адраджэньня Бацькаўшчыны трэба толькі адно — каб патрыёты мовы пачалі на гэтай мове размаўляць. І ўсё! І з гэтым лічыліся б і тыя, хто Беларушчыну ненавідзіць... Аднак якой можна трызьніць беларусізацыяй, калі самыя пасьвячоныя адважваюцца на геройства размаўляць па-беларуску толькі ў партыйных офісах?! Дзіка? Дзіка. Дзічэй і не прыдумаць».


Дата стварэння навіны 06.09.2017

Возврат к списку