АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

Для чаго нам патрэбныя дэпутаты? Чым апазіцыйны дэпутат адрозніваецца ад звычайнага, лаяльнага да ўлады?

Для чаго нам патрэбныя дэпутаты? Чым апазіцыйны дэпутат адрозніваецца ад звычайнага, лаяльнага да ўлады?
04.09.2017
Памочнікі дэпутата Канапацкай: «Мы вучым людзей падымацца з каленяў».

Ці сапраўды дэпутат можа вырашыць праблемы і пытанні грамадзян? 

Пра гэта карэспандэнт сайта vybiraj.by пагутарыў з памочнікамі дэпутата Ганны Канапацкой Дзянісам Ціханенкам і Віктарам Янчурэвічам.

 

Даведка: Дзяніс Ціханенка скончыў ЕГУ (Еўрапейскі гуманітарны універсітэт, Літва), па адукацыі палітолаг, працуе памочнікам дэпутата на аплочваемай пасадзе.

Віктар Янчурэвіч скончыў юрыдычны факультэт ГрДУ (Гродзенскі дзяржаўны універсітэт), юрыст, працуе памочнікам дэпутата без афіцыйнага заробку.


У прыёмнай Ганны Канапацкой, размешчанай у ЖЭС № 1 па вул. Кіжаватава, 66 г. Мінска, дзверы адчыненыя для ўсіх выбарцаў. Ды і тым, хто прыйшоў з пытаннем па старой памяці ў ЖЭС, таксама дапамогуць вырашыць праблему. Калі Ганна Канапацкая працуе ў парламенце, то прыём вядзе Дзяніс Ціханенка, часта да яго падключаецца і Віктар Янчурэвіч.

 

“Грамадзяне сталі больш пільнымі і неабыякавымі”

 

—  Хто можа звярнуцца ў прыёмную дэпутата? Па якіх пытаннях звяртаюцца грамадзяне?

Віктар Янчурэвіч: У асноўным праблемныя пытанні — гэта пытанні па Дэкрэтце № 3 пра «дармаедаў», і пытанні жыллёва-бытавога характару: затапілі, капітальны рамонт кватэр з парушэннямі і пр. Часцей звяртаюцца людзі старэйшага ўзросту, якія падчас вырашэння сваіх праблем па ўладнай вертыкалі і хаджэння па інстанцыях страцілі ўсякую надзею на вырашэнне пытанняў.

Дзяніс Ціханенка: Грамадзяне не разумеюць, што функцыі дэпутата парламента — гэта не рашэнне бытавых праблем, а ўвасабленне ў рэальнасць заканадаўчых ініцыятыў, паляпшэнне законаў, якія закліканы зрабіць наша жыццё лепш. Бытавыя пытанні вырашаюць ЖЭСы. Мясцовыя Саветы дэпутатаў займаюцца пытаннямі развіцця раёнаў: бюджэт, будаўніцтва дзіцячых пляцовак, добраўпарадкаванне паркаў, будаўніцтва басейнаў, крам і інш. Але жыхары раёнаў маюць права вырашаць гэтыя пытанні і праз дэпутатаў парламента.

—  Атрымліваецца, што грамадзяне не зусім падзяляюць і разумеюць функцыі, якія павінны выконваць дэпутаты?


Дзяніс Ціханенка: Так, на жаль менавіта так. Мабыць менталітэт у нас такі, ці так склалася гістарычна, што адзіны спосаб дамагчыся рашэння па сваім пытанні —  гэта звярнуцца да тых, хто валодае ўладай, набліжаны да вярхоў. Нас часта просяць зладзіць праз Г.Канапацкую сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, таму што толькі ён можа вырашыць пытанне асабістага характару. І ўсё гэта з-за сістэмы, якая непаваротлівая і не жадае мяняцца.

Віктар Янчурэвіч: Але разам з тым у некаторых пытаннях грамадзяне сталі больш актыўныя і пільныя. Гэта тычыцца пытанняў горадабудаўніцтва. Раней рэгулярна ўзнікалі сітуацыі, калі сайты выканкамаў ніхто не праглядаў на прадмет грамадскага абмеркавання па пытаннях будаўніцтва новых дамоў, ўшчыльнення, зносу і людзі проста аказваліся перад фактам будаўніцтва і рашэннямі, якім ужо немагчыма даць зваротны ход. Сёння сітуацыя мяняецца: людзі ўважліва сочаць за палітыкай ўшчыльнення сталіцы, зносу старых раёнаў і г.д. Бо гэта непасрэдна тычыцца іх звыклага ўкладу жыцця. Новы дом — гэта не проста будынак, а гэта новыя людзі, машыны, павялічэнне чэргаў у крамах, паліклініках, дзіцячых садках і школах, гэта новы нязвыклы шум і новыя паркоўкі.


—  Як часта звяртаюцца да вас грамадзяне? Ці вядзецца запіс на прыём? Якім чынам рэгламентуецца час?


Віктар Янчурэвіч: Можна сказаць мы пастаянна ў кантакце з нашымі выбаршчыкамі, і тымі, хто ў нас верыць. Да нас жа прыязджаюць па дапамогу з усёй Беларусі.

Дзяніс Ціханенка: Вы ж бачыце, дзверы нашага кабінета не зачыняюцца. У першы час пасля выбараў Г. Канапацкой перад намі стаяла рэальная праблема заканчэння прыёму, яшчэ не было дамоўленасці з ЖЭСам, які закрываўся ў 18.00, і мы маглі да 21.00 абмяркоўваць праблемы з выбарцамі на вуліцы. Думалі нават ўвесці рэгламент і запіс на прыём, але летні перыяд трохі скараціў колькасць зваротаў, і пакуль мы не вядзем запіс.

 

—  Увогуле, з-за бяздзейнасці мясцовых уладаў і дэпутатаў мясцовых саветаў дэпутату парламента прыходзіцца значную частку свайго часу траціць на рашэнне прыватных пытанняў, а не тых, якія ўваходзяць у непасрэдную кампетэнцыю (заканадаўчыя функцыі). Як знайсці баланс паміж адраснай дапамогай выбаршчыку і першачарговымі задачамі дэпутата?

Дзяніс Ціханенка: Гэта няпростае пытанне. На самай справе мясцовыя Саветы дэпутатаў фактычна не працуюць, вельмі часта дэпутат мясцовых саветаў бярэ самаадвод альбо яго практычна не знайсці. Гэта ж прызначаны чалавек, яму і справы няма да даручанага яму раёна. Тэхнічна ЦВК павінен прызначаць давыбары, але практычна гэтага ніколі не робіцца. Вось дэпутаты парламента і займаюцца прыватнымі праблемамі грамадзян, якія ў кампетэнцыі дэпутата мясцовых саветаў.


Віктар Янчурэвіч: Вядома, мы разумеем, што ўпускаем магчымасці вырашаць тыя пытанні, якія ў кампетэнцыі памочнікаў дэпутатаў Нацыянальнага сходу. Для нас дапамога выбарцам — гэта якасць нашай працы. Мы хочам паказаць, што апазіцыйны дэпутат — гэта не дэпутат, які проста будзе лаяць уладу, а дэпутат, які заклікае да адказнасці ў прыняцці рашэнняў, у дзеяннях датычна выбаршчыкаў. Для нас як для памочнікаў дэпутата — гэта магчымасць праявіць сябе на мясцовым узроўні, каб далей вылучаць сябе ў якасці кандыдатаў у дэпутаты. Рашэнне лакальных задач — гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з выбарцамі, даведацца, чым яны жывуць і дыхаюць.

 

“Усё, што тычыцца кантролю за выкананнем рашэнняў — пакрыта цемрай”

 

—  Якім чынам размяркоўваюцца абавязкі ў камандзе? Як кантралюецца працэс вырашэння пытанняў грамадзян?

Дзяніс Ціханенка: Калі дэпутат вылучаецца ад партыі (Ганна Канапацкая вылучалася ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі — рэд.), то ён мае значна больш шырокія магчымасці, чым дэпутат ад улады, бо можа дапамагчы ў вырашэнні розных пытанняў. Партыя —  гэта крыніца сіл і магчымасцяў. Кампетэнцыі дэпутата ад партыі значна вышэй, таму што за ім стаяць партыйцы —  гэта каманда аднадумцаў, якая мае розныя прафесійныя кампетэнцыі: хтосьці юрыст, хто-то разбіраецца ў адукацыі, хтосьці эканаміст, а хто-то дасведчаны ў медыцыне і т. в. Дэпутат ад улады такой камандай не валодае. Ёсць магчымасць абмеркаваць праблему ўнутры партыі і затым выйсці на парламенцкі ўзровень з заканадаўчай ініцыятывай. Гэта рэальна, не супер складана.


Рашэнні па пытаннях выбарцаў адсочваем асабіста. Па папяровых —  цягам 15 дзён, усё як мае быць. Галоўнае, каб яны тычыліся нашых кампетэнцый, тады мы гэта вырашыць можам, гэты масток добра наладжаны.


—  Якія «правалы» вы бачыце ў працэсе прыняцця рашэнняў у Беларусі?

Віктар Янчурэвіч: У нас існуюць дыскусійныя пляцоўкі пры Міністэрствах. Яны створаны на паперы, але ў якасці ініцыятыў, прасоўвання здаровых ідэяў яны не працуюць, ніхто нічога не прапануе і не жадаюе прасоўваць новае. Нават ад саміх дэпутатаў не зыходзіць ініцыятыў. Як казаў мне ў прыватнай гутарцы міністр ЖКГ (А. Церахаў): за гады сваёй дзяржаўнай службы ён не бачыў ні аднаго дэпутата з законапраектам або ініцыятывай. Гэта і зразумела, бо адзін чалавек не ў сілах напісаць законапраект, фінансава яго абгрунтаваць і прайсці цэлую лесвіцу узгадненняў.


Дзяніс Ціханенка: Рашэнні прымаюцца зверху і выконваюцца па вертыкалі — гэтая схема ўсім знаёмая. Усё, што тычыцца кантролю за выкананнем прынятых рашэнняў — гэта пакрыта цемрай. У нас адказнасць надыходзіць тады, калі кагосьці пасадзілі, знялі, звольнілі. Мы толькі бачым, як прэзідэнт тасуе калоду і спрабуем рабіць нейкія прагнозы, але на самой справе публічнай палітыкі няма, і што там унутры адбываецца зусім незразумела. Чыноўнікі толькі рапартуюць, вось свежы прыклад: урад прыходзіць у парламент і кажа, што мы прынялі на працу на 40 тыс. больш, чым звольнілі. Гучыць прыгожа, але тое, што ў папярэднія месяцы быў адмоўны баланс на 200 тыс. ужо забыта. Так чаму радавацца? Г. Канапацкая звяртае на гэта ўвагу. І кажа: маўляў, паглядзіце што сітуацыя рэальна зусім іншая. Нашы міністры маўчаць, альбо кажуць, што той хто хацеў, той працу знайшоў. Гэта ж не адказ. І як можна падтакваць словам Н. Качанавай (кіраўніцы Адміністрацыі прэзідэнта), якая кажа, што доктар, які атрымлівае 60 даляраў у месяц, значыць вось такі доктар, столькі зарабіў. Але гэта ж бюджэтная сфера і грошы размяркоўвае ўрад!

—  Ці рэальна рэалізаваць перадвыбарчую праграму ў нашых палітычных умовах?

Дзяніс Ціханенка: У праграме Г. Канапацкой «Мільён новых працоўных месцаў» выразна прапісана, што трэба рабіць. З гэтай часткай нашай праграмы нават пагадзілася ўлада, хоць і абвінавачвалі нас у папулізме і ў тым, што яна старая, і прапанаваў яе ў 2010 Яраслаў Раманчук. Гэтыя абвінавачванні смешныя, праграма будзе актуальнай да таго часу, пакуль не адбудуцца змены ў дзяржаве, бо ўлада дзейнічае па-старому. Улада сама дапамагае рэалізаваць праграму, дырэктыўна спусціўшы указ аб 70 тысячах працоўных месцаў у месяц. Гэта нават больш чым наш мільён за 7 гадоў — улада быццам бы вырашыць пытанне за паўтара года. Але ніхто не кажа аб фальшывых заяўках і вакансіях: гэта рашэнне — фікцыя.

 

“Нам трэба паказваць значна большыя вынікі працы, чым паказваюць праўладныя памочнікі і дэпутаты”

 

—  Вы каму-небудзь адмаўляеце ў вырашэнні праблем?

Дзяніс Ціханенка: Мы дапамагаем усім. Камусьці дастаткова падказаць алгарытм дзеянняў, кагосьці суправадзіць ў вырашэнні пытання, а для каго-то патрэбныя прывілеі дэпутата — хуткасць рашэння пытанняў.

— Як змянілася Ваша жыццё ў якасці памочнікаў дэпутата Ганны Канапацкай?

(Абодва памочнікі ўсміхаюцца, пачуўшы гэтае пытанне)

Дзяніс Ціханенка: Жыццё змянілася карэнным чынам: цяпер мы ведаем, што на нас глядзяць, на нас арыентуюцца, нам давяраюць і вельмі важна не страціць гэты крэдыт даверу.

Віктар Янчурэвіч: Таму нам трэба паказваць значна большыя вынікі працы, чым паказваюць праўладныя памочнікі і дэпутаты. Для таго, каб да наступных выбараў у насельніцтва сфармаваўся давер да апазіцыйных дэпутатаў, і ў выніку парламент стаў бы рэальным законатворчым органам, а не прыдаткам пры Адміністрацыі прэзідэнта.


Дзяніс Ціханенка: Калі казаць сумленна і адкінуць пафас, то праца памочніка дэпутата — гэта фактычна валанцёрская дзейнасць з заробкам у 470 руб. Асабіста ў мяне ўмовы працы пагоршыліся. Некаторыя дэпутаты працуюць зусім без памочнікаў, бо ніхто не хоча ісці на гэтую працу. Ёсць памочнікі дэпутатаў —  гэта работнікі выканкамаў, некаторыя яшчэ з першага склікання працуюць на паўстаўкі памочнікам дэпутата. Такія дэпутаты нават не выбіраюць сабе памочнікаў, яго даюць ім, прызначаюць. Калі будзе такі заробак, то не будзе матывацыі ў высокакваліфікаваных людзей ісці на гэтыя пасады, працаваць на кіруючых дзяржаўных пасадах. Гэта дрэнна, прыходзяць лайдакі, прайдзісветы, якія могуць выкарыстоўваць сваё становішча, ўладную вертыкаль у карыслівых мэтах. Вынікам становяцца карупцыйныя скандалы.

— Дык што тады матывуе Вас на гэтую працу?

Дзяніс Ціханенка: Як ні банальна, але: хто, калі не мы? Мы хочам зрабіць жыццё нашых грамадзян лепш, больш справядлівым, празрыстым і сумленным. Мы павінны навучыць людзей саміх ўставаць на ногі, падняцца з каленяў. Пакуль людзі гэтага не зразумеюць, змяніць будзе нешта складана.


Дата стварэння навіны 04.09.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку