АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Рэха вайны: у Франкфурце — найбуйнейшая эвакуацыя з часоў Другой сусветнай вайны

Рэха вайны: у Франкфурце — найбуйнейшая эвакуацыя з часоў Другой сусветнай вайны
03.09.2017
У нямецкім Франкфурце-на-Майне абвясцілі найбуйнейшую за ўсю пасляваенную гісторыю Германіі эвакуацыю з-за выяўленай у горадзе 1500-кілаграмовай брытанскай авіябомбы.

 Яе знайшлі падчас будаўнічых работ ва Універсітэце Гётэ, паведамляе Бі-бі-сі.

 

Чакаецца, што ўсяго будуць эвакуіраваныя каля 65 000 чалавек, у тым ліку персанал і пацыенты двух бальніц. Больш за 100 пацыентаў ужо пераведзеныя ў іншыя медыцынскія ўстановы, нават пацыенты рэанімацыі.

 

Таксама эвакуацыя закране 20 дамоў састарэлых, оперны тэатр і будынак Цэнтрабанка Германіі - Бундэсбанка - у якім захоўваецца палова залатога запасу краіны.

 

Сапёры плануюць ажыццявіць кіраваны падрыў боепрыпасу, які, па іх словах, мае такую магутнасць, што можа знішчыць цэлую вуліцу.

 

Жыхарам загадалі пакінуць свае дамы раніцай у нядзелю і не вяртацца да сканчэння аперацыі.

 

Раёны эвакуацыі будуць патруляваць паліцэйскія верталёты з цеплавізарамі для выяўлення людзей, якія ўсё ж вырашылі застацца. Усіх, каго там знойдуць, паліцыя паабяцала затрымаць.

 

Каб звесці да мінімуму нязручнасці для насельніцтва, гарадскія ўлады арганізавалі некалькі пунктаў, дзе эвакуіраваны жыхары змогуць перачакаць аперацыю.

 

Акрамя таго, шматлікія музеі паабяцалі бясплатна пускаць усіх ахвотных.

 

Эвакуацыі насельніцтва з-за выяўлення авіябомбаў часоў Другой сусветнай здараюцца ў Нямеччыне рэгулярна — так, толькі 2 верасня ў Кобленцы эвакуіравалі 22 000 чалавек. Аднак эвакуацыя ў Франкфурце стане найбуйнейшай па маштабах.

 

Падчас Другой сусветнай вайны авіяцыя саюзнікаў скінула на Германію паўтара мільёна тон бомбаў. Многія з іх мелі ненадзейныя выбухоўнікі і не падарваліся да гэтага часу.

 

З-за гэтага ў краіне знаходзяць тысячы неразарваных авіябомбаў. Праблема настолькі вострая, што ў Нямеччыне нават стварылі для ліквідацыі такіх боепрыпасаў асобную сапёрную службу.


Дата стварэння навіны 03.09.2017

Возврат к списку