АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У Мінску толькі адзін клас поўнай інтэграцыі для першакласнікаў

У Мінску толькі адзін клас поўнай інтэграцыі для першакласнікаў
31.08.2017
Каб сын-першакласнік пайшоў у інтэграцыйны клас, яго бацькам прыйшлося пераехаць.

1 верасня Сяргей павінен пайсці ў першы клас. Сяргею патрэбная спецыяльная адукацыя, бо ў хлопчыка дзіцячы аўтызм. Нечакана свята першага вучэбнага дня апынулася пад пагрозай, бо ў Кастрычніцкім раёне сталіцы школы не набралі дзяцей для фарміравання класа поўнай інтэграцыі, паведамляе Еўрарадыё.

 

Мама Вольга змагла знайсці ў Мінску толькі адзін клас поўнай інтэграцыі для першакласнікаў, і той у іншым раёне. Для таго каб яе сын у яго хадзіў, ім прыйдзецца пераехаць у гэты раён: "Знайшлі школу, дзе ёсць клас поўнай інтэграцыі, але з нашай кватэры да гэтай школы дабірацца паўтары гадзіны. Мне сёння тэлефанавалі з Міністэрства адукацыі і сказалі, што гэта адзіны варыянт. Збіраемся туды пераязджаць".

 

Клас поўнай інтэграцыі — гэта невялічкія групы ад 3 да 6 дзяцей, з якімі ўвесь час займаюцца кваліфікаваныя педагогі-дэфектолагі, у дзяцей свая навучальная праграма, і навучаюцца яны ў пачатковай школе пяць гадоў, замест чатырох.

 

Спачатку Вольга па рэкамендацыі Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання падала дакументы сына ў школу №30. Але за тыдзень да пачатку навучальнага году яе апавяшчаюць, што ў школе не хапае заявак. Першага класа не будзе:

 

"У нас ёсць класы поўнай інтэграцыі, якія ўжо вучацца два і больш год, —распавядае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Рагатко. — У гэтым годзе таксама планаваўся такі клас, аднак двое бацькоў напісалі адмову".

 

Упраўленне адукацыі Кастрычніцкага раёна пацвердзіла, што нічым дапамагчы не можа: "Планаваліся два поўныя інтэграцыйныя класы для першакласнікаў у Кастрычніцкім раёне, але не прыйшлі бацькі, хоць, паводле папярэдніх спісаў, яны павінны былі быць".

 

Вользе прапанавалі аддаць сына ў клас няпоўнай інтэграцыі, што ўяўляе сабой звычайны школьны клас са звычайным педагогам. А з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця толькі пасля заняткаў будзе займацца дэфектолаг і гэтых заняткаў будзе ўсяго чатыры гадзіны на тыдзень, замест 20 гадзін, як было б пры поўнай інтэграцыі.

 

Яшчэ варыянт — пайсці ў школу, дзе ёсць клас поўнай інтэграцыі для першакласнікаў.

 

Начальнік упраўлення адукацыі Кастрычніцкага раёну Тамара Антонаўна Дудкіна адразу кажа, што калі ў навучанні не было адмоўлена, то ні пра якое парушэнне закона гаворкі быць не можа: "Яму ж не адмаўляюць у навучанні, але гэта будзе клас няпоўнай інтэграцыі. А калі нехта хоча, каб была поўная інтэграцыя, то гэта ж не ад нас залежыць. Дырэктар можа казаць, што ў нас толькі адно дзіця, і гэта будзе няпоўная інтэграцыя".

 

Але ці патрэбныя гэтыя класы? І ці не з'яўляюцца яны толькі нейкім падабенствам рэзервацыі для дзяцей з асаблівасцямі развіцця? Каб яны былі ў школе, але асобна ад іншых дзяцей. Еўрарадыё распытала наконт гэтых класаў спецыяліста з Офіса па правах людзей з інваліднасцю:

 

"Інтэграваныя класы — першы прыклад і спроба таго, каб дзеці з асаблівасцямі развіцця вучыліся ў школе, а не сядзелі дома. Але ў падыходу ёсць шэраг недахопаў: там набіраліся асобныя класы, у іх асобныя праграмы, асобныя настаўнікі. Адпраўка такіх дзяцей толькі да дэфектолага — гэта ўжо атрымліваецца нейкая сегрэгацыя. Да поўнай інклюзіўнасці яшчэ далёка. Цяпер галоўнае для нас пытанне ў тым, як зрабіць школу агульнадаступнай і эфектыўнай для ўсіх. І вось тут узнікаюць пытанні да праграмы і да фармату навучання, да месцаў навучання, да фарміравання класаў, да кампетэнтнасці выкладчыкаў, да даступнасці падручнікаў і іх разнастайнасці, — тлумачыць дырэктар офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі. — І самае галоўнае — пытанне да адміністрацыі школы. Часцей за ўсё, яны не вельмі актыўныя ў гэтых пытаннях. Мы сутыкаемся з тым, што менавіта пасіўнасць адміністрацыі школы з'яўляецца вызначальным фактарам. Напрыклад, калі бацькі звяртаюцца ў адміністрацыю школы, каб ім патлумачылі, як гэта адаб'ецца на іх дзіцяці, то адміністрацыя мае выбар — падрабязна ўсё растлумачыць і развеяць усе страхі або адмахнуцца і сказаць, каб вырашалі самі".

 

На сёння ў Беларусі 139 Цэнтраў карэкцыйна-развіваючага навучання. Па афіцыйных дадзеных, у 2016-2017 навучальным годзе ў Беларусі было 5049 спецыяльных і інтэграваных класаў (як поўнай, так і няпоўнай інтэграцыі), арганізаваных ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, навучалася ў іх каля 150 тысяч вучняў з асаблівасцямі развіцця.


Дата стварэння навіны 31.08.2017

Возврат к списку