АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Лукашэнка паказвае, што здаваць уладу Маскве ён не збіраецца»

«Лукашэнка паказвае, што здаваць уладу Маскве ён не збіраецца»
31.08.2017
Чаму беларускія ўлады прад’явілі надзвычай суровыя абвінавачанні публіцыстам Regnum’у – тлумачаць экспэрты з Мінска і Кіева.

Следчы камітэт Беларусі прад’явіў афіцыйнае абвінавачаньне тром публіцыстам расійскага інфармацыйнага агенцтва Regnum. Юрыю Паўлаўцу, Дзмітрыю Алімкіну й Сяргею Шыптэнку інкрымінуюць «распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, здзейсненае групай асобаў», паведамляе Польскае радыё. Публіцысты Regnumʼу мелі расейскія нацыяналістычныя погляды, аднак крымінальная справа супраць іх узбуджаная па палітычных матывах – кажуць беларускія экспэрты. Навошта Аляксандар Лукашэнка вырашыў пакараць прыхільнікаў «русского мира»? Справу камэнтуюць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец і аналітык Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.


Выкладчыка БДУІР Юрыя Паўлаўца, ахоўніка дзіцячага садка Дзьмітрыя Алімкіна і галоўнага рэдактара часопісу «Новая эканоміка» Сяргея Шыптэнку арыштавалі ў студзені мінулага году. Раней для расійскага інфармагенцтва Regnum пад псэўданімамі яны публікавалі тэксты, у якіх ставілі пад сумнеў існаванне беларускай нацыі і мэтазгоднасць існавання незалежнай беларускай дзяржавы.


Пасьля 8 месяцаў зьняволеньня траім публіцыстам прадставілі афіцыйнае абвінавачаньне паводле часткі 3 артыкулу 133 Крымінальнага кодэксу Беларусі – «распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, здзейсненае групай асобаў». Алімкіну, Паўлаўцу і Шыптэнку пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Як паведаміла афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА, у гэтай крымінальнай справе ёсьць яшчэ адзін фігурант – гэта рэдактар парталу Regnum Юрый Баранчык. Публіцыста, які знаходзіцца ў Расіі, Мінск аб’явіў у міжнародны вышук.

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец падкрэсьлівае, што не пагаджаецца з пазыцыяй аўтараў Regnum’у, але лічыць пакараньне непрапарцыянальным. Складу злачынства ў тэкстах, якія сталі падставай для абвінавачаньня, няма – кажа Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец: У тэкстах, якія былі прадстаўленыя публічнасьці, няма ніякіх падставаў для прымяненьня ў дачыненьні да аўтараў Regnum’у тых сродкаў, якія праваахоўныя ворганы выкарыстоўваюць – пачынаючы ад 8-месячнага ўтрыманьня пад вартай, заканчваючы ўзбуджэньнем крымінальнай справы.


Больш за тое, абвінавачаньне аўтарам адыёзнага расійскага рэсурсу можа быць выкарыстанае й супраць любых недзяржаўных беларускіх журналістаў – лічыць Андрэй Бастунец.

Андрэй Бастунец: Такім чынам любых журналістаў можна абвінаваціць у групавой супрацьпраўнай дзейнасьці. Маўляў, усе яны працуюць з рэдактарам, таму атрымліваецца група – незалежна ад таго, ці знаёмыя яны паміж сабою, ці не.

Справа, несумненна, мае палітычны характар – кажа аналітык Украінскага інстытуту будучыні, беларускі палітоляг Ігар Тышкевіч. Аляксандар Лукашэнка хоча паказальна пакараць прыхільнікаў расейскага нацыяналізму, якія адмаўляюць беларускай дзяржаве ў праве на існаваньне. Аўтарытарны кіраўнік Беларусі хоча прадэманстраваць як Маскве, так і прыхільнікам «русского мира» ў Беларусі, што не збіраецца губляць кантролю над краінай.


Ігар Тышкевіч: Гэтая крымінальная справа зьбівае гістэрыю наконт таго, што Лукашэнка, маўляў усё зараз здасьць Расіі, і пра незалежнасьць Беларусі можна будзе забыцца. Мінск дэманструе зубы. Ключавым аспэктам гэтай справы зяўляецца тое, што Мінск аб’яўляе ў міжнародны вышук Юрыя Баранчыка, які знаходзіцца ў Маскве й якога Масква выдаваць не зьбіраецца. Гэта даволі сур’ёзны і рэзкі крок з боку Мінска.

Беларусь не зьяўляецца прававой дзяржавай, таму прысуд публіцыстам Regnum’у будзе залежаць ад разьвіцьця стасункаў паміж Масквой і Мінскам. Калі гэтыя адносіны пацяплеюць, то справу могуць перакваліфікаваць, і абвінавачаныя могуць атрымаць нават умоўныя тэрміны – не выключае Ігар Тышкевіч.

Як да прысуду прыхільнікам «русского мира» трэба ставіцца тым, хто прытрымліваецца дэмакратычных каштоўнасцяў, выступае за прававую дзяржаву і падтрымлівае сувэрэнітэт Беларусі?

Незалежна ад поглядаў, якія маюць аўтары Regnum’у, іх справа зьяўляецца палітычнай, а заключэньне пад варту нельга назваць ні прапарцыйным, ні неабходным – заяўляюць як прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі «Рэпарцёры без межаў», так і Беларускай асацыяцыі журналістаў.


Выразна іншую пазыцыю займае палітоляг Ігар Тышкевіч, які пражывае ва Ўкраіне. «Я ўсьведамляю, што прысуд ня будзе ляжаць у прававым полі, але дзеяньні аматараў «русского мира» заслугоўваюць суровага пакараньня – лічыць Ігар Тышкевіч. – Трэба ўсведамляць, што калі «русский мир» прыдзе ў Беларусь у такой форме, у якой ён прыйшоў ва Ўкраіну – не паздаровіцца ўсім: і патрыётам Беларусі, і непатрыётам. «Русский мир» – гэта ГУЛАГ. Рэгнумаўцы змагаліся за ГУЛАГ, яны ГУЛАГ і атрымалі», – жорстка заявіў палітоляг.


Дата стварэння навіны 31.08.2017

Возврат к списку