АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Чаму паміраюць дзеці? Сям'я распавяла падрабязнасці

Чаму паміраюць дзеці? Сям'я распавяла падрабязнасці
28.08.2017
Летам у Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы было зафіксавана некалькі дзіцячых смерцяў.


Як стала вядома «Нашай Ніве», некаторыя бацькі не маюць прэтэнзій да дактароў і кажуць, што супраць лёсу не пойдзеш.

Іншыя — прынамсі, адна сям'я, — вінавацяць дактароў у абыякавасці ды непрафесіяналізме і настроены ісці да канца.

Як мінімум па адным факце смерці ў дадзены момант праводзіцца следчая праверка — заяву падала сям'я Доўганяў: у іх у гэтай бальніцы ў першыя дні жніўня пры незразумелых абставінах памерла 11-месячная дачка.

 

Вось як нам апісала сітуацыю яе маці, Ларыса Доўгань:

«Пры канцы ліпеня ў Евы паднялася тэмпература да 38 градусаў. Прэпараты, што выпісала тэрапеўт, нам не дапамаглі. Тэмпература трымалася. Праз пару дзён мы выклікалі хуткую. У бальніцы праверылі на энцэфаліт, менінгіт, пнеўманію: нічога не пацвердзілася. Праз тое, што дзіця нарадзілася неданошаным, мы вырашылі не пакідаць яе ў бальніцы — каб выключыць рызыку дадатковай інфекцыі. Доктар прыёмнага аддзялення выпісаў антыбіётык «Сумамед» у сіропе, але яго ў аптэках горада не было. Раніцай наступнага дня мы выклікалі свайго тэрапеўта, каб выпісаць рэцэпт на аналаг — ён жа настойваў на шпіталізацыі».

 

Далей, сцвярджае жанчына, пачаўся «трэш»:

 

«Прыехалі ў бальніцу. Я папярэджвала медыкаў, што ў дзіцяці глыбока схаваныя вены, што катэтар будзе цяжка паставіць. Яны ж паўтары гадзіны катавалі дзіця — гэты час Ева была без вады, але з прынятымі жарапаніжаючымі, — і толькі калі пачаліся ненатуральныя выгібанні цела, закатванне вачэй, дзіцяці ўрэшце паставілі катэтар у ярэмную вену. Гэтай кропельніцай збілі тэмпературу з 39,8 да 38. Пасля да нас у палату паклалі дарослую жанчыну з тэмпературай і горлам. Гэта як? У дзіцяці пачаліся сутаргі, але дактары казалі, што гэта рэакцыя на прарэзванне зубоў. Раніцай наступнага дня пачала западаць грудзіна пры дыханні, на посце рэанімацыйнага аддзялення не было доктара. Пасля маіх крыкаў доктар знайшоўся, вырашана было падключыць апарат вентыляцыі лёгкіх, а мяне адправілі дадому. Па тэлефоне не адказвалі пра меры лячэння — што ў гэты час было з дачкой, я не ведаю. Праз два дні мяне выклікалі для далейшага догляду. Гэта быў шок. У Евы на галаве быў пролежань, яна ляжала ў калавых масах — у адпаведных месцах на целе палопалася скура».


«Я таксама пакідала цэлы спектр дзіцячага харчавання, але ёй нічога з гэтага не далі — кармілі бальнічнай грэчкай. Катэтар не мянялі — ён пачаў трамбавацца. Мы прасілі пра перавод у Мінск у цэнтр «Маці і дзіця», але нам адказвалі, маўляў, там няма месцаў і будзе такое ж самае лячэнне. Але якое лячэнне? Нам давалі «Ібупрафен», свечы «Цэфекон» і зрабілі літычную ін'екцыю. Хірург да нас не прыйшоў — я сама з дачкой падымалася на яго на пяты дзень, каб зняць шоў ад гідраторакса. На шостыя суткі запрасілі дзяжурнага рэаніматолага Снарскага, які, урэшце, пацвердзіў факт сутаргаў. На просьбы іх купіраваць доктар аддзялення не рэагаваў. Загадчыца аддзялення працягвала лячэнне жарапаніжаючымі, мяняючы прэпараты і дазіроўкі. Канчатковага дыягназу да гэтага часу не было, толькі працоўная версія — энцэфаліт.


 Пасля чарговага кансіліуму быў прызначаны «Дапакін» для зняцця сутаргаў. Праз дзень у дзіцяці пачаўся флебіт, яго перавялі ў рэанімацыю. Калі ж мы ўрэшце настаялі на пераводзе ў Мінск, то рэаніматолаг паведаміў нам, што перавод наўрад ці адбудзецца, бо пачаўся ацёк лёгкіх. Дачка памерла. Яна месяц гарэла ад тэмпературы, без адпаведнага лячэння або перавода да больш кампетэнтных спецыялістаў», — расказала нам жанчына.

 

Згаданыя ёй прозвішчы дактароў нервова ўспрымалі іншыя людзі, з якімі мы звязаліся. Але мала хто больш захацеў афішаваць сябе і расказваць акалічнасці знаходжання сваіх дзяцей у бальніцы.

 

«Гэта проста шок. Мы таксама там ледзь не згубілі дзіця: гэтак жа абыякава паставіліся да нас, не было дыягназу. Але Бог, відаць, дапамог перавесціся ў Мінск. Там вылечылі. Чую гісторыю Доўганяў і жахаюся, што і ў нас так усё магло скончыцца», — сказала нам яшчэ адна маці, Яўгенія.

 

Загадчыца інфекцыйнага аддзялення Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы Таццяна Палійчук адмовілася ад каментароў, сказаўшы, што не прадастаўляе статыстыку па смяротнасці і не інтэрпрэтуе яе.

 

«Пошукам адказаў на вашыя пытанні займаюцца следчыя, больш не магу нічога дадаць», — сказала Палійчук.

 

Як паведамілі «Нашай Ніве» ў Следчым камітэце, ведамства праводзіць праверку па дзвюх смерцях у Брэсце.

«Брэсцкім міжраённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь праводзіцца праверка па заяве ад 23 жніўня 2017 года жыхаркі г. Брэста, 1978 года нараджэння, аб правядзенні разгляду па факце смерці 17 жніўня 2017 года ў рэанімацыйным аддзяленні Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы яе малалетняй дачкі, 2016 года нараджэння. Выяўлена, што 27 ліпеня 2017 года ў дзяўчынкі павысілася тэмпература да 39 градусаў, у сувязі з чым яна была шпіталізаваная ў бальніцу, дзе пазней памерла.

 

Таксама 15 жніўня 2017 года ў тэрытарыяльнае падраздзяленне паступіла заява па факце смерці дзяўчынкі, 2016 года нараджэння, якая памерла 29 чэрвеня 2017 года ў Брэсцкай абласной бальніцы. Дзіця было шпіталізаванае ва ўстанову аховы здароўя 22 чэрвеня 2017 года.

Прававая ацэнка дзеянням персаналу аб характары аказання медыцынскай дапамогі будзе дадзеная па завяршэнні комплексу праверачных мерапрыемстваў і экспертных даследаванняў, накіраваных на высвятленне ўсіх прычын і ўмоў, якія пацягнулі за сабой гібель дзяцей», — распавяла афіцыйны прадстаўнік УСК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова.



Дата стварэння навіны 28.08.2017

Возврат к списку

cashback