АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Андрусь Горват пра «нахраністаў»

Андрусь Горват пра «нахраністаў»
27.08.2017
Нататкі Горвата па тэме і не толькі. "Калі я чытаю беларускія навіны, то гляджу на каляндар і лічу, колькі дзён засталося ў Беларусі".

Калі я чытаю беларускія навіны, то гляджу на каляндар і лічу, колькі дзён засталося ў Беларусі.

Дзе-небудзь у Германіі ці Швейцарыі на запраўцы да мяне, галоднага, але свабоднага і шчаслівага, падыдзе жылісты дальнабойшчык, піша НН. Дальнабойшчык пакажа фотаздымак і скажа:

 

— Гэта мой дома.

 

На фотаздымку будуць яго прыгожы дом, прыгожая жонка і прыгожыя дзеці.

А я раскажу дальнабойшчыку пра Беларусь. Раскажу пра абсурд і маразм. Раскажу з іроніяй. Я буду вышэй за тое, пра што раскажу. Тады дальнабойшчык сплюне сліну з нікацінам, кіслатой і смоламі, скажа:

— А што ты зрабіў, каб было лепей?

Я раскажу, што многа ўсяго пачынаў рабіць. Але ў нас для гэтага няма ўмоў.

Ён яшчэ раз сплюне і яшчэ раз запытае:

— Дык што ты зрабіў, каб былі ўмовы?

 

Я скажу, што не зрабіў нічога.

 

Дальнабойшчык скажа:

 

— От.

 

Так і скажа — от.

 

Ён вернецца ў прыгожы дом, да прыгожай жонкі і прыгожых дзяцей.

 

Я сяду дзесьці збоку. Будзе пахнуць свабодай і бензінам.

 

Успомню, як сказаў дзядзьку ў Прудку:

 

— А давайце пераймянуем вуліцу Дзяржынскага. Назавём вуліцай Палуяна. Дзяржынскі забіраў з гэтай вуліцы людзей на руднікі. Не сам забіраў, вядома. А Палуян хадзіў гэтай вуліцай і расказваў людзям, што яны маюць годнасць. Сам хадзіў. Лагічна перайменаваць. Лагічна пісаць на канвертах імя героя, а не злодзея.

 

Дзядзька памаўчаў, падумаў. Затым паглядзеў на мяне, як на дзібіла, і адказаў:

 

— Нахрана?

 

Я разумею Федарэнку — чаму яго герой не вытрымаў і з'ехаў («Нічога гэтага Васкевіч ужо не чуў і не бачыў, у паўцёмным вагоне ён шукаў сваё месца»). Я разумею Стася — чаму ён не хоча нават спрабаваць размаўляць з дзядзькамі і цёцькамі.

 

Кожнае «многа ўсяго пачынаў рабіць» разбівалася не аб абсурд і маразм. Амаль заўсёды яно разбівалася аб «нахрана». Абсурд і маразм у нас адзін, а нахрана — дахалеры.

 

Гэтае «нахрана» застыла ў вачах дзяцей, якіх я марыў вучыць у школе. Яно напісана на тварах цётак, якія ў канторах ляніва ядуць салаты з пластыкавых кантэйнераў, чытаюць мой фэйсбук і думаюць: «Ідзіот какой-та самы настаяшчы». Іх дзеці таксама стануць цёткамі і будуць есці салаты. Ім не трэба ні спазнаць Космас, ні хаця б проста праверыць: а што я — адна беларуская цётка — магу змяніць, каб стала лепей? Ніхрана. То нахрана?

 

Я не разумею людзей без свабоды і амбіцый. Я нямы перад імі. Я «дурак самы настаяшчы» для іх.


Дата стварэння навіны 27.08.2017

Возврат к списку