АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Асамблея патрыятычных сілаў папрасіла кіраўнікоў ЗША і ЕС падтрымаць «Белсат» і «Свабоду»

Асамблея патрыятычных сілаў папрасіла кіраўнікоў ЗША і ЕС падтрымаць «Белсат» і «Свабоду»
27.08.2017
У звароце адзначаецца, што грамадзтва Беларусі цяпер перажывае «трывожныя часы» ў сувязі з заплянаванымі беларуска-расійскімі вучэньнямі «Захад −2017» на тэрыторыі Беларусі.

Асамблея патрыятычных сілаў Беларусі просіць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, дзяржаўнага сакратара ЗША Рэкса Тылерсана і кіраўніка Еўрапейскай камісіі ЕС Жан-Клёда Юнкера падтрымаць тэлеканал «Белсат» і «Радыё Свабода». Пра гэта гаворыцца ў звароце ўдзельнікаў асамблеі, якая адбылася 26 жніўня ў Мінску, паведамляе Свабода.

 

 «Наш аналіз становішча паказвае, што з боку Масквы рыхтуюцца дзеянні, якія могуць пагражаць сувэрэнітэту Беларусі і суседніх краінаў ЕС», — гаворыцца ў дакумэнце.

 

Агрэсіўная палітыка Пуціна супраць Украіны і іншых суседзяў Расіі, адзначаецца ў звароце, суправаджаецца «маштабнай інфармацыйнай вайной супраць Захаду і краінаў Усходняй Еўропы», а «пуцінскай антызаходняй прапагандай праз радыё і тэлебачаньне бесперашкодна пакрытая амаль уся Беларусь».

 

У звароце гаворыцца пра складанае становішча тэлеканалу «Белсат». У прыватнасьці адзначаецца верагоднае скарачэньне яго фінансаваньня, што на думку ўдзельнікаў асамблеі «будзе азначаць закрыцьцё беларускага вольнага тэлебачаньня якраз у вельмі крытычны час, калі праўдзівая інфармацыя ў Беларусі патрэбная як паветра». Таксама гаворыцца аб спыненні кароткахвалёвага вяшчаньня «Радыё Свабода», «што пакінула тысячы людзей у беларускай правінцыі без праўдзівай крыніцы інфармацыі».

 

Удзельнікі асамблеі зьвяртаюцца асабіста да Трампа, Тылерсана і Юнкера «з надзеяй на падтрымку фінансавання вольнага беларускага тэлебачання «Белсат» і на вяртанне радыёвяшчаньня беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» ў кароткахвалёвым дыяпазоне трансляцыі.

 

Акрамя таго ўдзельнікі асамблеі віталі актыўную ролю Амэрыкі ў нераспаўсюджаньні ядзернай зброі. «Беларусь добраахвотна адмовілася ад ядзернай зброі, што было зафіксавана ў Будапэшцкім мэмарандуме 1994 году. Злучаныя Штаты ў адпаведнасьці з мэмарандумам засьведчылі сябе гарантам сувэрэнітэту Беларусі, калі паўстане пагроза яе незалежнасьці. Гэтая пагроза цяпер надыходзіць. Мы спадзяемся, што моцны голас Амэрыкі прагучыць, і гэта зробіць уплыў на стрымліваньне агрэсіі і пагрозаў для сьвету ва Ўсходняй Еўропе», - гаворыцца ў звароце.


Дата стварэння навіны 27.08.2017

Возврат к списку