АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Патрабуем, каб у кожным горадзе стварылі як мінімум адну беларускую школу

Патрабуем, каб у кожным горадзе стварылі як мінімум адну беларускую школу
25.08.2017
Група дзеячаў культуры выступіла са зваротам.

Да грамадзянаў Беларусі, шчырых патрыётаў нашай краіны, якія па-сапраўднаму шануюць нацыянальную гісторыю і культуру, родную мову, спавядаюць нацыянальныя гістарычныя сымбалі, піша НН.

 

Дарагія суайчыньнікі, любоў да роднай зямлі дапамагла нам захаваць незалежнасць Беларусі, тым не менш многія з нас з-за гэтага па волі ўладаў аднесеныя да гэтак званай апазіцыі. Але нашыя пастулаты грунтуюцца на шматвекавых традыцыях нашага народу, якія складаліся ў глыбіні гісторыі.

 

Дык хто да каго ў апазіцыі?

Па сутнасці, апазіцыя — гэта тыя, хто выракся нашых нацыянальных пастулатаў, нашых сапраўдных культурных традыцыяў, нашае крынічнае беларускае мовы, хто разбурыў беларускую школу і беларускае тэлебачанне, хто выгнаў беларускую мову з усіх сфераў жыцьця. А каб беспакарана праводзіць антынацыянальную палітыку, яны адгарадзіліся ад народу ахоўнікамі, колькасьць якіх у 3-5 разоў большая, чым у еўрапейскіх краінах, — вось у чым сакрэт «народнай падтрымкі» антынацыянальнай палітыкі. Вельмі яскрава тыя ахоўнікі прадэманстравалі вобраз «народнай дзяржавы» у чарговы раз 25 сакавіка 2017 г., калі, як чужынцы-акупанты, у чорных вопратках са схаванымі тварамі, не маючы на тое ніякага, ні маральнага, ні юрыдычнага права, у святы для беларусаў дзень хапалі нас, нашых дзяцей і ўнукаў, здзекаваліся са старых заслужаных людзей, збівалі іх палкамі, нагамі. Адныя «праваахоўнікі» хапалі і збівалі патрыётаў, якія выйшлі на мірны пратэст супраць дзеянняў уладаў, а другія, у судзейскіх мантыях, сімулюючы правасуддзе, рабілі вінаватымі невінаватых грамадзянаў і каралі іх штрафамі, каб папоўніць збяднелы бюджэт беларускай дзяржавы на халяву. І тут жа аб’явілі амаль паўмільёна незарэгістраваных беспрацоўнымі жыхароў краіны плацельшчыкамі падатку і дармаедамі.

 

А мы, большасць жыхароў краіны, жывём на мяжы жабрацтва. Ці заробак, ці пенсія ў 200-300 руб. ужо на трэці дзень знікаюць. Усё дарагое: харчы, лекі пры «бясплатнай» медыцыне, вопратка, абутак і іншае. Вялікая колькасць моладзі не можа здабыць нармальнай працы, а многіх проста не бяруць на працу, як даведаюцца, што маладзіца мае дзіця. Гэта дзяржаўная бюракратыя стварыла для нас такія ўмовы жыцця і беспрацоўя. Але ні адзін з іх не выстаўлены на паказ перад народам і ні адзін не адказаў за сваю бяздарную працу. Яны ж прысылалі «лісты шчасця» нават мёртвым душам! Тэлебачанне і ўслужлівыя СМІ напярэдадні і 25 сакавіка выдавалі ў эфір і на старонках газет хлусню і недаказаную «віну» удзельнікаў і няўдзельнікаў пратэстаў і святочнай акцыі. Праўдай тут было адно, што мерапрыемства не дазволена ўладамі. Але незаконна, у парушэнне Канстытуцыі краіны.

 

Дарагія суграмадзяне! Мы ўпэўненыя — вы разумееце, што матэрыяльныя нястачы, жабрацтва і галеча, у якую нас загнаў рэжым, мы перажывём. Нашаму народу такое жыццё не ўпершыню. Мы перажылі не адну акупацыю, высяленні, масавы бальшавіцкі тэрор і антыбеларускі генацыд, пасляваеннае падбальшавіцкае жыццё. Але мы выстаялі і выжылі. І мову нашу захавалі. Але яе давёў да небяспекі знішчэння цяперашні акупанцкі рэжым. І гэта страшней за рэпрэсіі 25 сакавіка! Знішчэнне нашае мовы адбываецца штодня. Вы ж бачыце, што рэжым выгнаў нашу мову з усіх сфераў ужытку. Кожны год у Беларусі зачыняюцца беларускія школы. Зачынены Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Да ліквідацыі ліцэя далучыўся былы прэм’ер-міністр Сідорскі. Амаль кожны міністр адукацыі вылучыўся закрыццём беларускіх школ. Кожны год у дзяржаве адчыняецца каля 100 новых школ, і ўсе — рускамоўныя. Гэта робіцца без запыту народа! І за нашыя падаткі! Недарэчнасць? Не. Так ажыццяўляецца асэнсаваная антыбеларуская палітыка русіфікацыі. Пакуль беларускамоўнай адукацыяй ахоплена ўсяго 13% школьнікаў, а ў 1994 г. — звыш 70% вучняў. І тыя грамадзяне Беларусі, у якіх аднялі родную мову ў 1995-1996 гг., сёння ўжо не ведаюць сваю мову зусім!!! Гэта (і не толькі гэта) сведчыць пра тое, што беларуская мова ў суверэннай (?) Беларусі знаходзіцца пад пагрозаю вынішчэння.

 

Але мы выжывем як нацыя, калі захаваем нашу мову, калі нашых дзяцей і ўнукаў навучым роднай мове. Родная мова — наша культура, наш сродак культуры, санітарны кардон ад усялякай набрыдзі, якая цягнецца ў нашую краіну, таму што тут можна не вучыць і не ведаць беларускую мову. Наша мова — гарантыя выжывання нацыі, гарантыя будучыні народа.

 

Беларускае тэлебачанне ў нас фактычна знішчанае. Толькі беларуская, усімі любімая «Калыханка» для нашых дзетак і ўнукаў па-ранейшаму гучыць. Але пасля «Калыханкі» ідуць рускамоўныя мульцікі, тады, калі дзеці ўжо спяць. А беларускіх зусім няма. І ніякіх беларускіх перадач для дзяцей няма. Ды і вінаватых за адсутнасць перадач і мультфільмаў для дзяцей таксама няма.

 

Дзіцячы беларускі канал вымагае вялікай інтэлектуальнай і творчай працы. А Г.Давыдзька бярэ чужое, гатовае і гвалтам упіхвае ў праграму Нацыянальнага тэлеканала. Ён яшчэ ў 5-м класе сам глядзеў той самы «Ералаш». А для чаго нам глядзець?! Трэба мець адмысловы талент, каб жыць на ўсім чужым і самому нічога не прыдумляць.

 

А ў выніку роднай мовы няма ні для дзяцей, ні для дарослых, ні ў дзіцячых садах, ні ў школах, ні ва ўніверсітэце, ні на працы.

 

Савет Міністраў Беларусі прыняў дзеля сваіх незразумелых інтарэсаў, але антынародны па сваёй сутнасьці, Указ, паводле якога нашая мова на этыкетках беларускіх прадуктаў харчавання дыскрымінуецца на карысць «раўнапраўнай» рускай мовы. І гэта далёка не ўсе інтэграцыйныя навіны антыбеларускага рэжыму. Так ён рыхтуе нас да ўступу ў «рускі мір».

 

Вось таму мы павінны аб’яднацца дзеля адраджэння роднай мовы, каб зусім не загінуць. Класік беларускай літаратуры Францішак Багушэвіч даў нам запавет яшчэ ў 1891 г.: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі». Таму што са смерцю мовы духоўна і фізічна памірае нацыя. Таму адраджэнне мовы важней за ўсякія паборы нібыта з дармаедаў, бо наша мова памірае кожны дзень.

 

Пачнем адраджэнне нашай мовы, нашай культуры, нашай гістарычнай сутнасці!

 

Бацькі дзетак, якія ідуць у першы клас, запісвайцеся абавязкова ў клас з беларускай мовай навучаньня. Гэтак могуць рабіць бацькі і двух- і трохкласнікаў. Яшчэ не позна. Ніколі не позна патрабаваць справядлівасці аж да ўзросту 10 класаў. У нас іншага шляху няма. Толькі нашай воляй на навучанне на роднай мове мы можам прымусіць улады адчыняць беларускія класы напачатку, а затым і школы. Як складзецца 2017 год — будзе зарукай далейшага поступу. Многія з вас начуюць у чэргах, каб запісаць сваіх дзяцей у беларускія гімназіі, і гэта наіўна. Можа пашанцаваць двум-тром, але ж такім чынам становішча не выправіш. Трэба патрабаваць адкрыцця беларускіх школ ці гімназіяў — новых, у розных раёнах Менску і ў іншых гарадах.

 

Гэта і мы патрабуем!

 

Каб у кожным раёне Менску ў бягучым 2017 годзе адчынілі дзверы новыя гімназіі ці школы.

 

Каб у кожным горадзе стварылі хоць адну беларускую школу як мінімум. А ўжо самі выпускнікі патрабуйце заснавання Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта. Ведайце, што беларуская грамадскасць працуе над гэтым пытаннем.

 

Мы разумеем, што кіраўніцтва краіны не будзе вырашаць гэтыя праблемы, таму бярэмся за працу самі. Мы багатыя талентамі: пісьменнікі, мастакі, музыкі, навукоўцы і іншыя. Мы здольныя самі ўсё зрабіць. Мы больш не можам за нашыя падаткі вучыць дзяцей на чужой мове, бачыць, як замбуюць наш народ праз расейскія тэлеканалы. Стварайма беларускія садкі, класы, стварайма беларускія школы, універсітэт, беларускае тэлебачаньне. І мы будзем трымаць моцныя сувязі з усім беларускім грамадствам. Гэтыя нашыя ініцыятывы павінны пашырыцца на ўсю краіну. А калі ў вашай вёсцы ці другім населеным пункце беларуская школа ўсё ж захавалася — беражыце яе, усяляк яе падтрымлівайце і не дазваляйце русіфікаваць. Палепшыць школу заўсёды можна, гэта лепш, чым пачынаць з нуля. А калі што горшае задумалі ўлады, паведамляйце ў рэдакцыю газеты, якая надрукуе гэты матэрыял. Нам усім неабходна двухбаковая сувязь. Усім грамадствам, разам, мы пераможам.

 

Дык усе разам — за працу — дзеля нашай Радзімы!

 

Мікола Савіцкі, прафесар

Леанід Лыч, прафесар, доктар гістарычных навук

Мікола Купава, сябра БСМ

Тамара Кароткая, філолаг

Сяргей Бахун, супрацоўнік выдавецтва

Віталь Абакановіч, інжынер


Дата стварэння навіны 25.08.2017

Возврат к списку