АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

23 гады таму, у жніўні 1994-га, у Беларусі адбылася першая за час незалежнасці краіны дэнамінацыя.

23 гады таму, у жніўні 1994-га, у Беларусі адбылася першая за час незалежнасці краіны дэнамінацыя.
22.08.2017
З таго часу кожны рубель узору 1992 года, больш вядомы як “зайчык”, пачаў раўняцца… рублю. А да гэтага ён чамусьці быў роўны дзесяці. Давайце ўспомнім, як так атрымалася і якія яшчэ грашовыя рэформы адбываліся ў нашай стабільнай краіне.

Першыя ўласныя грошы з’явіліся ў Беларусі ўжо на наступны год пасля распаду СССР, піша budzma.by  Адразу ж атрымаўшы трапную мянушку “зайчык”, стабільнасцю новая валюта не вылучалася. Настолькі не вылучалася, што хуткае абясцэньванне эканамісты прадказалі яшчэ на этапе друкавання грошай. І прапанавалі даволі дзіўнае рашэнне — на першым часе кожны рубель лічыць роўным дзесяці. Нямала беларусаў ламала галаву, чаму раптам купюра наміналам 50 капеек (з вавёркай на адным баку) роўная, аказваецца, пяці рублям, а “траячка” з бабрамі — трыццаці. Але жыццё працягвалася, у, мякка кажучы, небагатых жыхароў РБ былі праблемы, важнейшыя за фокусы з наміналам, і мала-памалу ўсе прывыклі.

 

А тут і гіперінфляцыя падаспела. Цяперашняе абясцэньванне рубля наўрад ці можа паспрачацца з тагачасным: так, толькі за 1994 год рубель “асеў” да даляра ў 15 разоў, а з моманту з’яўлення ў звароце па 1995 год — у 900 (!) разоў.

Лагічна, што ў такіх выпадках дэнамінацыя была неабходная. І першая грашовая рэформа здарылася, як мы ўжо пісалі вышэй, 20 жніўня 1994 года. Дэнамінацыя аказалася спецыфічнай: новых грошай не завезлі, проста ў купюр прыбралі той самы уяўны нулік, які і рабіў з рубля дзесяць.

 

Ці варта казаць, што пры наяўных тэмпах інфляцыі змена намінальнага кошту ўсяго ў 10 раз дапамагла мала? Рубель абясцэньваўся, друкаваліся ўсё больш і больш буйныя купюры, і ў 1999 годзе ў звароце з’явіліся банкноты ў рэкордныя 5 мільёнаў рублёў. То бок 5 баксаў. Нехта нават сцвярджаў, што на той момант беларускі рубель быў самай таннай валютай свету, але пацверджанняў мне знайсці не ўдалося. Цэннікі радавалі вока астранамічнымі сумамі, у памяці засталася барабанная ўстаноўка за 2 мільярды рублёў у адной з мінскіх музычных крамаў. Відавочна патрабавалася новая дэнамінацыя.

 

І яна адбылася 1 студзеня 2000 года.

 

Гэтым разам адным нулікам не абышлося — былі выпушчаныя новыя купюры, падобныя на старыя, але ў 1000 разоў таннейшыя.

На месца мільёнаў прыйшлі тысячы, найбуйнейшая купюра цяпер склала 5000 рублёў. Уладальнікі старых купюр, зрэшты, маглі расплачвацца імі да канца года, а абмяняць іх на новыя — да канца 2003 года.

 

Час ішоў, і беларуская эканоміка пачала патроху ажыўляцца. З’явіліся ў вольным звароце даляры (да гэтага валюту даводзілася часам даставаць спецыфічнымі спосабамі — напрыклад, купляць праз знаёмых у аддзеле канфіскату РАУС). Атрымалася крыху ўтаймаваць інфляцыю — за першыя 10 гадоў пасля рэформы рубель абясцэніўся да даляра “ўсяго” ў тры разы, з 1000 і мяжы стагоддзяў да 3000 да канца 2010 года. Беларусы пачыналі верыць, што абяцанае яшчэ камуністамі шчаслівае жыццё не за гарамі.

 

Прыйшоў 2011 і ўсё расставіў па сваіх месцах.

За паўгода рубель абрынуўся ўтрая, да 8680 рублёў за даляр. Знікла валюта ў абменніках, вярнулася ўжо прызабытая сістэма двух курсаў — “афіцыйнага” і “рэальнага”. Не паспела збяднелае насельніцтва аддыхацца, як канфлікт ва Украіне, санкцыі супраць Расіі і падзенне цэнаў на нафту пахіснулі ўжо “вялікага брата” — расійскі рубель, што зноў ударыла па беларускім. У выніку даляр замер на адзнацы каля 20 000 рублёў — абясцэньванне нашай шматпакутнай валюты з мая 2011 па лістапад 2015 склала 5,75 разу. Да мільённых купюр не дайшло, але банкноты ў 200 тысяч ужо хадзілі на ўсю моц.

 

Трэцяя дэнамінацыя, якая стартавала 1 ліпеня 2016, была самай амбіцыйнай з усіх. Валюта “палягчэла” адразу на чатыры нулі, і жарты пра беларусаў-мільянераў засталіся ў мінулым. Калі ў першую рэформу не надрукавалі нават новых грошай, а ў другую абмежаваліся купюрамі, то цяпер вырашылі, што “пацягнем” банкноты, падобныя на еўра, і манеты. Калі спрасціць, гэта можа сведчыць пра большую веру кіраўніцтва краіны ў сілу нацыянальнай валюты. На чым яна грунтуецца ў сучасных рэаліях, праўда, не вельмі зразумела.

 

Праз год, зрэшты, новая валюта паказала сябе нядрэнна. Даляр нават злёгку патаннеў да рубля, хоць цяпер зноў палез уверх. Што будзе далей — пакажа час.

 

 

 


Дата стварэння навіны 22.08.2017

Возврат к списку