АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Піянткоўскі: Разлік Крамля, што Захад ня абароніць Лукашэнку

Піянткоўскі: Разлік Крамля, што Захад ня абароніць Лукашэнку
18.08.2017
У чым асабістыя амбіцыі Лукашэнкі супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі беларускага народу.

 Госць перадачы «Інтэрвію тыдня» на Радыё Свабода, расійскі публіцыст Андрэй Піянткоўскі, тлумачыць, як новыя амэрыканскія санкцыі могуць прывесьці да палітычных пераменаў у Расіі, прагназуе, як можа разьвівацца «гібрыдная эскаляцыя» з боку Крамля, і канстатуе, у чым асабістыя амбіцыі Лукашэнкі супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі беларускага народу.

 

Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

 

— Як у стратэгічным сэнсе мяняюць адносіны ЗША і Расеі новыя антырасейскія санкцыі ЗША? Гэта проста больш востры працяг тых санкцыяў, якія былі раней, ці кардынальная зьмена ў дачыненьнях Масквы і Вашынгтону?

 

— Гэта прынцыповая зьмена палітыкі ЗША да Расіі. Гэта ўдар у самую сарцавіну рэжыму. Закон зьмяшчае шэраг сур’ёзных санкцыяў у галіне эканомікі, энэргетыкі — гэта дастаткова балючы для расейскай эканомікі крок.

 

Але гэта не галоўнае. Галоўнае тое, што амэрыканцы зрабілі ўпершыню — гэта спэцыяльны разьдзел аб пэрсанальных санкцыях, па сутнасьці, супраць усяго расейскага кіраўніцтва. Там сказана, што фінансавай выведцы ЗША даручана цягам 180 дзён апублікаваць дадзеныя аб актывах на Захадзе ўсіх, як яны пішуць, «алігархаў і дзяржаўных дзеячоў, блізкіх да Пуціна» — гэта значыць, практычна пра ўсе расейскія вярхі — 20-30 мільярдэраў, якія кіруюць цяпер Расеяй. Бо ўся эканамічная «сыстэма» расейскай клептакратыі была заснаваная на тым, што ўлада і чыноўнікі — людзі, прызначаныя алігархамі, — крадуць у Расіі, але акумулююць свае багацьці на Захадзе.

 

Гэта магло працягвацца з маўклівай згоды Захаду. Акрамя ўсяго, Крэмль карумпаваў заходнюю эліту. Дастаткова прыгадаць Шрэдэра, які ўпрыгожыў сваю ганебную біяграфію тым, што днямі яго ўключылі ў Раду дырэктараў «Роснефти». Але Захад цярпеў да пары да часу, пакуль Крэмль не зрабіўся нахабным да такой ступені, што запатрабаваў ад Захаду ня толькі прыняць іх як найбагацейшых людзей Захаду, але і нейкай новай Ялты, падзелу сьвету, свайго поўнага кантролю над постсавецкай прасторай. І ня толькі запатрабаваў, але пачаў і рэалізоўваць праз агрэсію ва Ўкраіне. Магчыма, падобныя крокі плянуюцца і ў дачыненьні Беларусі. У Вашынгтоне вырашылі, што досыць. І нанесьлі ўдар, які ламае ўсю гэтую сыстэму.

 

— Добра, апублікуюць вынікі расьсьледаваньня фінансавай выведкі ЗША, і што далей? Хіба магчыма ў законным парадку канфіскаваць гэтыя актывы, гэта ж парушэньне права на ўласнасьць?

 

— Калі гэта будзе апублікавана, то, паводле амэрыканскага заканадаўства аб барацьбе з адмываньнем грошай, здабытых злачынным шляхам, гэтыя актывы будуць замарожаныя. А ў дачыненьні гэтых людзей будзе распачаты крымінальны перасьлед. Гэта ўдар ня толькі па актывах, гэта ўдар па ўсім ладзе жыцьця расейскіх вярхоў. Яны ж не ўяўляюць свайго існаваньня без заходняй мэдыцыны, заходняй адукацыі для сваіх дзяцей і ўнукаў, нерухомасьці на Захадзе і гэтак далей. Яны ня могуць бяз гэтага існаваць.

 

І гэта будзе мець вельмі сур’ёзныя ўнутрыпалітычныя наступствы ў Расіі. Бо для гэтых ста мільярдэраў чым быў каштоўны Пуцін? Тым, што ён гарантаваў бясьпеку іхных актываў на тым самым Захадзе. Улада ў Расеі ніколі не вырашалася на выбарах. І зараз яна ня будзе вырашацца не ў сакавіку 2018-га, яна вырашаецца цяпер «за кулісамі». І мы гэта бачым па процьме інсайдэрскіх працёкаў з атачэньня Крамля. Пытаньні ставяцца самыя фундамэнтальныя — а што далей? Ясна, што пераважная большасць гэтых мільярдэраў і чыноўнікаў хоча спыненьня эскаляцыі стасункаў з Захадам. І разам з тым разумеюць, што пры жывым палітычна Пуціну гэта немагчыма. Усё гэта стварае сур’ёзную ўнутрыпалітычную напружанасць.

 

— І як Пуцін і Крэмль можа рэагаваць на гэты выклік? Вы якраз пісалі пра два варыянты — першы, нейкая пачэсная капітуляцыя і другі, наадварот, эскаляцыя.

 

— Я называў гэта гібрыднай капітуляцыяй і гібрыднай эскаляцыяй. Дарэчы, найлепшы час для гібрыднай эскаляцыі — гэта так званыя сумесныя вучэньні «Захад-2017». Гібрыдная эскаляцыя — гэта варыянт спробы чымсьці напалохаць Захад, каб той пагадзіўся на прымальныя для Масквы ўмовы выхаду з крызісу. Зноў жа, ядзерны шантаж пуцінскі, чаму ён навучыўся ў трох пакаленьняў Кімаў? «Трымайце мяне, я хворы на падучку, я магу ядзернай слінай плюнуць».

 

Але Пуцін не разумее, што Захад стаў іншым. Прыняцьцю гэтага закону папярэднічала традыцыйная канфэрэнцыя ў пытаньнях бясьпекі ў Аспэне, на якой прысутнічалі ўсе прадстаўнікі сілавых структураў ЗША. І яны ў адзін голас гаварылі зусім новай мовай пра стасункі з Расіяй. Яны зразумелі, што Пуцін вядзе вайну супраць іх, спрабуючы навязаць ім новы падзел сьвету. І яны маюць намер навесьці яму ў гэтай вайне паразу.

 

І гэта не залежыць ад таго, што б там ня думаў Трамп, і якім бы ён ня быў залежным ад Крамля. Трамп фактычна адхілены ад замежнай палітыкі на расейскім кірунку, усе гэтыя санкцыі ён ня можа зняць без рашэння Кангрэсу.

 

— Вы ўжо двойчы згадалі вучэньні «Захад-2017» як нагоду для гібрыднай эскаляцыі. Што вы маеце на ўвазе? Што Масква можа выкарыстаць гэтыя вучэньні для… Як гэта правільна назваць — захопу, акупацыі Беларусі?

 

— Называйце як заўгодна, прысутнасьць расійскіх войскаў у Беларусі ўжо прадугледжаная сцэнаром гэтых вучэньняў. Тут двайная магчымасьць для эскаляцыі. Адно — гэта акружэньне Ўкраіны, пагроза ўдарыць па ёй зь другога флянгу. Але гэта ўсё асуджана. Гэта адразу выкліча перадачу Ўкраіне вельмі эфэктыўнай лятальнай зброі, што рэзка падвысіць цану для Масквы.

 

Другі варыянт… Ні для кога не сакрэт, што Масква даўно і фундамэнтальна незадаволеная Аляксандрам Рыгоравічам і аддала б перавагу больш паслухмянай фігуры на ягоным месцы. Так што нейкія рухі ў гэтым кірунку ня выключаныя.

 

— Але сам Аляксандар Лукашэнка неаднаразова выказваўся ў тым сэнсе, што калі «расійскія браты» сунуцца ў Беларусь, то беларусы будуць ваяваць за кожны шматок сваёй зямлі. Вы лічыце гэта блефам ці Лукашэнка сапраўды кантралюе свае войскі і сілавыя структуры і яны будуць у выпадку чаго выконваць ягоныя загады, а не загады сваіх расійскіх калегаў?

 

— Тымі заявамі, якія вы справядліва працытавалі, Лукашэнка апэлюе да нацыянальных пачуццяў беларусаў. І тут значна больш важная не пазыцыя асобных генэралаў у беларускіх сілавых структураў (мяркую, там дастаткова ёсьць расійскіх агентаў), а тое, ці знойдзе гэта падтрымку ў пераважнай большасці беларускага народу. І я ўяўляю, як успрынялі такія заявы Лукашэнкі ў Крамлі.

 

Авантура, на якую можа пайсьці Крэмль, яе выключаць нельга. Тым больш адным з разьлікаў Крамля можа быць наступнае: «Ладна, з Украінай не атрымалася, там вялікая падтрымка Захаду. А хто будзе абараняць на Захадзе апошняга дыктатара Эўропы?» Але яны недаацэньваюць, што ўсім у Эўропе дастаткова зразумела, што самым небясьпечным для яе дыктатарам зьяўляецца Пуцін.

 

Таму мне здаецца, што ўкраінская і беларуская авантуры, якія, вядома, разглядаюцца ў Генеральным штабе Расіі, палітычна скончацца для Пуціна катастрофай.

 

— Але разам з тым Лукашэнка даволі часта робіць заявы, якія можна назваць «прагінам» перад Расіяй — пра расійскую мову, вечнае братэрства, пра тое, што Беларусь ніколі ня пойдзе на Захад. Так ён проста імкнецца прадухіліць крымскі варыянт ці гэта ягонае натуральнае імкненьне заставацца з Расіяй?

 

— Ён перш за ўсё імкнецца застацца кіраўніком незалежнай дзяржавы. У гэтым пляне асабістыя амбіцыі Лукашэнкі супадаюць з нацыянальнымі інтарэсамі беларускага народу. Стаць менскім «сакратаром абкаму» (як яго Расія прымушае яго ўжо гадоў 20) ён яўна ня хоча. За гэтыя 20 гадоў манэўрамі, хітрасьцямі, падманам ён супраціўляецца паглынаньню Беларусі Расіяй.

 

І я вас пераконваю, што Масква моцна шкадуе, што яна ў свой час падтрымала пераварот і паставіла на Лукашэнку. Бо ён змяніў не дэмакратаў, не Пазьняка ці Шушкевіча. Яму Масква аддала перавагу перад такімі намэнклятурнікамі, як Кебіч ці Шарэцкі. Вось гэтых людзей Масква даўно б зламала і ўцягнула б сілай у Расію. А Лукашэнка супраціўляецца. І вось наступае момант ісьціны — апошняя спроба Крамля зацягнуць Беларусь у свой «руский мир».


Дата стварэння навіны 18.08.2017

Возврат к списку