АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Суд апраўдаў Алеся Меха

Суд апраўдаў Алеся Меха
17.08.2017
Яго затрымалі пасля таго, як знайшоў праслухоўку ў кватэры. Суддзя Кобрынскага раённага суду Ала Богнат палічыла тлумачэнні міліцыянта недастатковымі.

 Грамадзкага актывіста з Кобрыні Алеся Меха судзілі за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, аднак у судзе ягоная віна даказаная не была і яго не пакаралі.


У часе працэсу Аляксандар Мех даводзіў, што ніякага непадпарадкаваньня міліцыянтам ён не аказваў, бо і фізычна ня мог гэтага зрабіць, бо яго імгненна скруцілі «людзі ў масках», паклалі тварам долу і накінулі кайданкі за спінай.

 

Сведка міліцыянт жа казаў, што Алесю Меху і яго знаёмаму Дзмітрыю Чарніцкаму ў часе іх выхаду з пад’езду прадставіліся міліцыянты і паказалі пасведчанні, пасля чаго Мех, маўляў, і пачаў супраціўляцца.

 

Аляксандар Мех і Дзмітры Чарніцкі былі затрыманыя раніцай 15 жніўня, калі яны выходзілі з пад’езду Дзмітрыя. Затрыманых завезлі ў РАУС, на іх склалі пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі, а на Чарніцкага — яшчэ і за брыдкаслоўе.

 

Дзмітрыя Чарніцкага адразу ж завезлі ў суд, дзе прысудзілі 22 базавыя велічыні штрафу (506 рублёў). Аляксандр Мех у судзе запатрабаваў адваката і паседжаньне перанеслі на 16 жніўня.

 

Перад затрыманнем знайшлі праслухоўку ў разэтцы

 

У часе паседжання Аляксандар Мех назваў прычыну гэтага брутальнага затрыманьня — незадоўга да яго актывісты знайшлі ў кватэры Чарніцкага прылады, падобныя да праслухоўкі, якія былі падлучаныя да разэткі.

 


Алесь Мех паказвае разэтку, дзе ён выявіў праслухоўку


Яны сфатаграфавалі гэтыя прылады ды вырашылі сысьці з кватэры, але на выхадзе іх скруцілі невядомыя.Як распавёў Аляксандар Мех, калі пасьля суду ім вярнулі тэлефоны, на іх былі выдаленыя здымкі сфатаграфаваных прылад.

 

Нестыкоўкі з санкцыяй пракурора

 Сведка-міліцыянт даводзіў, што непадпарадкаваньне адбылося, калі ён з двума АМАПаўцамі пасьля 9-й гадзіны раніцы прыйшоў да Чарніцкага на ператрус з санкцыяй пракурора. Аднак, бацькі Дзмітрыя Чарніцкага засьведчылі, што дакумэнт з санкцыяй яны разам зь міліцыянтамі чакалі яшчэ каля чатырох гадзінаў пасьля таго, як міліцыя затрымала Меха і Чарніцкага, і ўвесь гэты час бацькоў у кватэру не пускалі.

 

Алесь Мех растлумачыў гэта тым, што «ў гэты час з хаты прыбіралася праслухоўка і замазвалася сьцяна, у якой пад шпалерамі ішлі драты таго абсталяваньня»:

 

«Увечары, калі мы патрапілі ў кватэру, дзірка ў сьцяне, адкуль мы выдзерлі драты была замазаная, а шпалеры акуратна заклееныя,» — распавёў Алесь Мех.


Алесь Мех будзе судзіцца з міліцыянтамі, якія яго затрымлівалі

 

Як распавёў у судзе Алесь Мех, затрыманьне было вельмі жорсткім, ён ня мог нават словамі аказваць супраціўленне, бо яму здушылі шыю. Дзьмітры пры затрыманьні стукнуўся падбародзьдзем і каленямі аб падлогу, на целе засталіся сляды.


Алесь Мех схадзіў у лякарню і зафіксаваў пабоі — ад кайданак, чырвонае вока:

 

«Вока пачырванела не ад таго, што білі ў вока, а з-за таго, што здушылі шыю, я літаральна ня мог дыхаць,» — кажа Алесь Мех.


 Спадар Мех кажа, што будзе скардзіцца на міліцыянтаў, якія яго затрымлівалі:

 

«Пойдзем яшчэ ў судмедэкспэртызу, і безумоўна, паспрабуем прыцягнуць гэтых людзей да адказнасьці. Міліцыя за апошнія дзесяць год забыла што такое закон. Яна дзейнічае, як нейкія апрычнікі. Яны думаюць, што ў іх ёсьць усе магчымасьці дзейнічаць беззаконна і беспакарана. І грамадзтва павінна супрацьстаяць гэтаму».


па інф. радыё Свабода


Дата стварэння навіны 17.08.2017

Возврат к списку