АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Са славутым дырэктарам музея ў Завоссі не працягнулі кантракт

Са славутым дырэктарам музея ў Завоссі не працягнулі кантракт
16.08.2017
Анатоль Еўмянькоў - легенда музея, 11 гадоў стаяў на чале дома-музея Адама Міцкевіча ў Завоссі. З 1 верасня сядзібу перададуць у іншыя рукі.

Анатоль Еўмянькоў праводзіў захапляльныя экскурсіі ў Завоссі, часам – пераапрануўшыся ў шляхціча, кастрычнік 2015 года. Фота: Аляксандр Кораб


Навіну пра звальненне Анатоля Еўмянькова ў сваім Фэйсбуку паведаміў вядомы журналіст Глеб Лабадзенка.

 

«Хто з вас хоць раз быў у Завоссі, у доме-музеі Адама Міцкевіча, той назаўжды запомніў дырэктара Анатоля Еўмянькова. На маю думку, гэта найлепшы дырэктар музея ў Беларусі. Ягоныя экскурсіі – геніяльныя і непаўторныя. Бо ён не толькі ведае сваю тэму, ён ёю жыве, яна яму баліць, ён яе бясконца любіць. Складаецца ўражанне, што ён – пазашлюбны праўнук самога Адама Міцкевіча, – напісаў Глеб Лабадзенка. – Анатоль Еўмянькоў – унікальны чалавек, які павінен застацца на сваім месцы, у музеі, куды ён уклаў душу і здароўе. Біце ва ўсе званы, дасяжныя вам, – і, магчыма, розум возьме верх».


 Што здарылася

 

Пенсіянерам Анатоль Еўмянькоў стаў чатыры гады таму, аднак працягваў справу жыцця – даглядаў і развіваў музей, не шкадуючы, укладаў у яго сілы і душу. Захоўваў, даглядаў, нават песціў даручаную яму сядзібу беларускага паэта, піша intex-press.by


  – Часта людзі сюды прыязджалі проста адпачыць, кветкамі палюбавацца, па сцежках паблукаць. Зразумела, што я і далей працаваў бы, але калі не патрэбен раптам стаў, дык хай так і будзе, няхай звальняюць. У мяне добрая сям’я, унукі ёсць, знайду чым займацца, – разважае пра сваю будучыню спадар Анатоль.

 

Гэтыя быццам бы аптымістычныя словы дысануюць з нотамі крыўды і нават роспачы ў голасе. Сам спадар Анатоль лічыць, што прычына яго звальнення – спрэчка з Анатолем Лісам, губернатарам Брэсцкай вобласці.

 

– На нарадзе мяне несправядліва абвінавацілі ў кепскай працы. Я маўчаць не стаў, прама выказаўся, што гэта няпраўда, – успамінае Анатоль Іванавіч. – Адразу пасля той размовы з губернатарам мяне папярэджвалі, што проста так для мяне гэта не скончыцца. Калегі пыталі, чаму не змаўчаў, навошта спрачаўся, хіба не разумееш, што можа цяпер быць? А што там было разумець, калі ўжо адразу на тым жа паседжанні з яго вуснаў зляцела прапанова наконт майго далейшага лёсу. Яны ўжо даўно хацелі б мяне зволіць, але не маглі, відаць, пакуль кантракт не скончыўся. Гэта сістэма: усіх, хто спрабуе ісці супраць, яна з’ядае.



 Анатоль Іванавіч Еўмянькоў. Фота: Глеб Лабадзенка


«Няпроста будзе знайсці яму замену»

 

Былыя калегі, знаёмыя, тыя, хто ведаў Анатоля Іванавіча як кіраўніка музея ў Завоссі, не хаваюць свайго расчаравання сыходам спадара Анатоля з пасады дырэктара.

 

– З Анатолем Іванавічам мы знаёмыя дастаткова даўно, некалі разам працавалі. Я ведаю яго як разумнага, граматнага чалавека, – распавядае пра калегу Тамара Мікульская, вядучы метадыст раённага метадычнага цэнтра. – Менавіта падчас яго працы сядзіба Адама Міцкевіча расцвіла. Ён душой хварэў за гэты музей, не пераставаў займацца яго добраўпарадкаваннем. Менавіта Анатоль Іванавіч пераўтварыў яго ў духмяны квітнеючы куточак, дзе ад паху кветак аж галава ішла кругам. Менавіта падчас яго працы ў музеі з’явілася шмат новых экспанатаў. Я ведаю некалькі прыкладаў, калі на месца вось такога хворага душой за нейкую справу чалавека прыходзіў іншы, не такі апантаны. Зразумела, усё змянялася, і, зразумела, не ў лепшы бок. І ніхто зараз не можа адказаць, што будзе ў Завоссі, калі адтуль сыдзе Анатоль Іванавіч.

 

Сваімі развагамі наконт хуткага сыходу Анатоля Еўмянькова з музея з Intex—press падзяліўся баранавіцкі паэт Аляксей Белы.

 

– Шкада, што ён больш не будзе там працаваць. Ён сапраўдны прафесіянал, цудоўна праводзіць экскурсіі менавіта на беларускай мове. Падчас яго экскурсій можна было адчуць, што мы сапраўды ў Беларусі, што Адам Міцкевіч – наш зямляк, наш паэт, – гаворыць Аляксей Белы. – Не думаю, што проста будзе знайсці яму раўназначную замену. Наўрад ці хтосьці зможа яго замяніць.

 

Афіцыйна

 

У Міністэрстве культуры, дзе Intex-press спрабавала атрымаць каментар наконт звальнення Анатоля Еўмянькова, адказалі, што разбірацца трэба з той установай культуры, філіялам якой з’яўляецца музей-сядзіба. У міністэрстве адзначылі, што спыніць працоўныя зносіны можа як супрацоўнік, так і наймальнік.

 

– Калі ў чалавека скончыўся кантракт, яго могуць не працягваць і пры гэтым не называць ніякіх прычын, – распавялі ў Міністэрстве культуры.

 

У дзяржаўным жа музеі беларускай літаратуры, філіялам якога з’яўляецца музей у Завоссі, Intex-press, на жаль, не змагла атрымаць аператыўны каментар, які б праясніў сітуацыю: там паведамілі, што адказваць будуць толькі на пісьмовы запыт.


Дата стварэння навіны 16.08.2017

Возврат к списку