АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

"Русский солдат, иди домой". У Беларусь пачалі прыбываць расійскія вайскоўцы

"Русский солдат, иди домой". У Беларусь пачалі прыбываць расійскія вайскоўцы
15.08.2017
Тры выдуманыя краіны і 13 тысяч вайскоўцаў. Галоўнае пра вучэнні «Захад-2017».

На здымку: Акцыя супраць правядзення вучэнняў «Захад 2017» на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 7 ліпеня 2017.

 

Расійскія вайскоўцы правядуць падрыхтоўку перад асноўным этапам вучэнняў.

Колькі расійскіх жаўнераў прыяжджаюць на папярэднія вучэньні і навошта?

 

Невядома, піша сайт радыё Свабода. Па афіцыйнай інфармацыі, папярэднія беларуска-расейскія вучэньні пройдуць у Беларусі 21–25 жніўня. У іх возьмуць удзел «органы вайсковага кіраваньня і злучэньні тылавога і тэхнічнага забесьпячэньня». Фактычна гэта асобныя ад «Захаду 2017» вучэньні. Мінабароны Беларусі паведаміла, што на іх будуць адпрацоўваць прыкрыцьцё стратэгічных аўтамабільных дарог, разгортваньне часовых трубаправодаў, трэніраваць схему запраўляння вайсковай тэхнікі палівам.

 

У якіх мясцовасцях будуць праходзіць гэтыя вучэньні, таксама не паведамляецца. Няма інфармацыі і пра тое, ці застануцца расейскія вайскоўцы, задзейнічаныя ў вучэннях 21–25 жніўня, на вучэнні «Захад 2017».

 

Калі і як пройдуць вучэнні «Захад 2017»?

 

З 14 па 20 верасьня. Вучэньні пад агульнай назвай «Захад» праводзяцца войскамі Беларусі і Расеі раз на два гады, пачынаючы з 2009, калі паміж кіраўніцтвам краін было падпісана адпаведнае пагадненьне. У тым жа годзе адбыліся першыя вучэнні «Захад 2009», Расею на іх прадстаўляў Дзьмітры Мядзьведзеў.

 

Афіцыйная падстава правядзення вучэнняў «Захад» — трэніроўка абароны тэрыторыі Саюзнай дзяржавы ад магчымага нападу, а таксама паляпшэньне ўзаемадзеяння паміж вайсковым камандаваннем абедзьвюх краін. Вучэньні маюць статус стратэгічных. То бок гэта мадэляванне паўнавартаснай вайны. Гэтым «Захад» адрозьніваецца ад менш маштабных вайсковых мерапрыемстваў.

 

 

Акцыя супраць правядзення вучэнняў «Захад 2017» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 7 ліпеня 2017.

 

Колькі расійскіх вайскоўцаў будуць удзельнічаць у вучэннях «Захад 2017»?

 

3000 чалавек, паводле заяў міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова. Агулам на тэрыторыі Беларусі ў вучэньнях «Захад 2017» будуць удзельнічаць 10200 вайскоўцаў, зь іх 7200 — беларусы. Вучэньні часткова будуць праходзіць таксама на тэрыторыі Расеі, там плянуюць задзейнічаць яшчэ каля 3000 вайскоўцаў.

 

Разам з тым у сярэдзіне ліпеня генэральны сакратар НАТО Енс Солтэнбэрг паведаміў, што рэальная колькасьць вайскоўцаў, задзейнічаных у вучэньнях «Захад 2017», можа быць большай, чым афіцыйная.

 

«Зыходзячы з досьведу папярэдніх вучэньняў, мы маем падставы лічыць, што ў вучэньнях будзе ўдзельнічаць большая колькасьць войскаў, чым заяўлена афіцыйна», — сказаў генэральны сакратар НАТО.

 

Наколькі большай можа быць іх колькасьць, Енс Солтэнбэрг не ўдакладніў.

 

3000 расійскіх вайскоўцаў у Беларусі — гэта шмат ці не?

 

Гледзячы з чым параўноўваць. Ва Ўзброеных сілах Беларусі служыць каля 65 тысяч чалавек, зь якіх 48 500 — вайскоўцы, а 16 500 — цывільны пэрсанал. У працэсе далучэньня Крыму да Расеі ўдзельнічала, па розных ацэнках, ад 10 да 12 тысяч расейскіх вайскоўцаў. У вайсковых вучэньнях НАТО «Анаконда 2016», якія праходзілі летась на тэрыторыі Польшчы, удзельнічала каля 31 тысячы вайскоўцаў.

 

Якая тэхніка будзе выкарыстаная?

 

Да 70 самалётаў і верталётаў, а таксама 680 адзінак сухапутнай тэхнікі — каля 100 танкаў, 150 адзінак артылерыі, устаноўкі «Град», «Сьмерч» і «Ўраган». Такія зьвесткі падаюць афіцыйныя крыніцы.

 

Для параўнаньня — у вайсковым парадзе да Дня Незалежнасьці сёлета ўдзельнічала 280 адзінак тэхнікі. Падрабязнай інфармацыі пра тое, колькі расейскіх танкаў і БТРаў прыбудзе ў Беларусь, няма.

 

Дзе будуць праходзіць вучэнні «Захад 2017»?

 

На шасьці вайсковых палігонах: пад Лепелем, Барысавам, на палігоне Ласьвіда каля Віцебску, каля Асіповічаў, на палігонах вайскова-паветраных сілаў каля Ружанаў і Даманава. Таксама паведамляецца, што вучэньні заплянаваныя «на адным участку мясцовасьці каля населенага пункта Дрэтунь».

 

Чаму будуць вучыцца расійскія і беларускія вайскоўцы?

 

Сцэнар вучэнняў «Захад 2017» часткова раскрыў 12 ліпеня на форуме АБСЭ ў Вене намеснік кіраўніка генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі генэрал-маёр Павал Муравейка. Паводле яго, на вучэньнях будзе распрацаваная мадэль канфлікту паміж «Паўночнымі» (Беларусь і Расея) і «Заходнімі» (кааліцыя трох дзяржаў-агрэсараў: Вейшнорыі, Весбарыі і Лубеніі). Па сцэнары, «Заходнія» спрабуюць раскалоць саюз Беларусі і Расеі, пагоршыць сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў першай, дамагчыся там зьмены кіраўніцтва і, выкарыстоўваючы ўсё гэта, захапіць частку Беларусі і стварыць там дзяржаву пад назвай «Вейшнорыя». Пасьля чаго «Заходнія» зьбіраюцца ўвесьці свае войскі на тэрыторыю ўсёй краіны. «Паўночныя», адпаведна, павінны гэтым плянам супрацьстаяць.

 

 

​Як рэагуюць краіны-суседзі?

 

Найбольш непакояцца Літва і Ўкраіна.

 

«Мы з насьцярогай чакаем вучэньняў „Захад-2017“, падчас якіх канцэнтруюцца вельмі шматлікія і агрэсіўныя сілы, ідзе дэманстратыўная падрыхтоўка да вайны з Захадам», — заявіла прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

 

А спікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэй Парубій выказаў меркаваньне, што падчас вучэньняў «Захад 2017» расейскія войскі могуць перайсьці беларуска-ўкраінскую мяжу:

 

«Ня варта выключаць горшы сцэнар: выкарыстаньне вучэньняў як мінімум для дыскрэдытацыі Беларусі, а як максымум — ажыцьцяўленьня прамой агрэсіі або дывэрсійнай падрыўной дзейнасьці супраць нашай дзяржавы».

 

Генэральны сакратар НАТО Енс Солтэнбэрг у ацэнках больш стрыманы. Ён заклікае ўлады Беларусі і Расеі выконваць міжнародныя дамоўленасьці і правесьці вучэньні як мага больш адкрыта.

 

Што на гэта адказваюць беларускія ўлады і расійскія вайскоўцы?

 

Што ўсё будзе добра і ў межах міжнародных пагадненяў.

 

«Мы нічога не хаваем і хаваць не павінны. Калі натаўцы хочуць прысутнічаць на нашым вучэньні, калі ласка», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

 

Кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шайгу падкрэслівае мірны характар падзеі:

 

«Дадзенае мерапрыемства праводзіцца раз на два гады па сумесным рашэньні прэзыдэнтаў Расіі і Беларусі і носіць выключна абарончы характар».


Дата стварэння навіны 15.08.2017

Возврат к списку