АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У Каменнай Горцы хлопчыка ўкусіла гадзюка: ён трапіў у рэанімацыю

У Каменнай Горцы хлопчыка ўкусіла гадзюка: ён трапіў у рэанімацыю
13.08.2017

Няшчасны выпадак здарыўся ў аўторак, і толькі цяпер, калі жыццю хлопчыка нічога не пагражае, бацька вырашыў паведаміць пра гэта СМІ.

«Майго сына Яна ўкусіла змяя», — паведаміў «НН» яго бацька Даніла Лях.

  

Яну 10 гадоў, ён навучэнец 23-й гімназіі. У аўторак днём хлопец выйшаў з пад’езда ў двор вуліцы Кунцаўшчына, і адразу ўбачыў дзяцей, якія згуртаваліся ў адным месцы і нешта разглядаюць. Ён таксама зацікавіўся, падышоў — проста перад пад’ездам ляжала змяя. Дзеці яе штурхалі, гуляліся. Янка таксама прыняў удзел у агульнай забаве, аднак як толькі паднёс да змяі палец, тая яго ўджаліла.

Хлопчык вельмі перапалохаўся, прыбег дамоў, плакаў: з указальнага пальца сачылася кроў. Спачатку маці вырашыла дзяжурна адвесці яго ў паліклініку, але па дарозе туды яму стала дрэнна: Ян збялеў і перастаў бачыць. Тады ўжо бацькі выклікалі хуткую і МНС.

 

«Ніхто не чакае сустрэць гадзюку на прыступках свайго дома ў горадзе. Гэта ж не лес. Таму для нас гэта быў форс-мажор, а Янка не ведаў, як трэба сябе паводзіць са змяёй», — каментуе здарэнне бацька.

 

 

Хлопчыка прывезлі ў рэанімацыю 3-й гарадской дзіцячай бальніцы, дактары якой спачатку сумняваліся, што ўкусіць малога ў горадзе магла гадзюка, маўляў, адкуль яна ўзялася ў Мінску? Усе былі ўпэўненыя, што гэта мядзянка. І толькі калі МНС вынеслі вердыкт — гэта гадзюка звычайная, бо вочы ў яе з вертыкальным разрэзам, спрэчка спынілася.

 

Яну ўвялі сываратку-супрацьяддзе, некалькі дзён ён правёў у рэанімацыі. Цяпер яго стан стабільны, хлопчык адчувае сябе добра. Праўда, да гэтага часу уджаленая рука застаецца ў ацёках і гематомах. У бальніцы ён правядзе яшчэ мінімум тыдзень. Бацькі вельмі ўдзячныя дактарам і спадзяюцца, што ніякіх наступстваў для арганізма атрута мець не будзе.

 

Віноўніцу ж здарэння амаль адразу адлавілі супрацоўнікі МНС, хаця яна спрабавала збегчы, змясцілі ў слоік і ізалявалі.

  Нагадаем, 3 жніўня супрацоўнікі МНС ліквідавалі гадзюку ў сталічнай кватэры на вуліцы Ландара: тая затаілася ў пліце. У чэрвені змяя таксама ўкусіла мужчыну каля Драздоў. Лічыцца, што такая гіперактыўнасць змей назіраецца ў сувязі з мокрым летам. 


Дата стварэння навіны 13.08.2017

Возврат к списку