АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Беларусь — самая гарадская краіна рэгіёну

Беларусь — самая гарадская краіна рэгіёну
12.08.2017
Нямногія і ў Беларусі, і за мяжой уяўляюць сабе, наколькі сённяшняя краіна ўрбанізаваная.

Доля гарадзкога насельніцтва ў Беларусі вышэйшая, чым ва ўсіх суседзяў, вышэйшая, чым у Чэхіі, вышэйшая, чым у такіх грандаў Еўропы, як Італія і Нямеччына, паведамляе Свабода.

Амаль уся клясычная беларуская літаратура ХІХ—ХХ стагодзьдзяў — пра вёску. Першы і пакуль апошні прэзыдэнт Беларусі — селянін па паходжаньні. У прамовах ён увесь час спасылаецца на вясковы досьвед жыцьця. Пра сябе як пра вясковую нацыю самі беларусы гавораць вельмі часта.

 

Тое, што гэта, прынамсі арытмэтычна, ужо даўно ня так, усе ведаюць. Насамрэч, паводле статыстыкі, паваротным пунктам быў 1976 год, калі колькасьць гараджанаў зраўнялася з колькасьцю сялянаў.

 

Але мяркую, што нямногія і ў Беларусі, і за мяжой уяўляюць сабе, наколькі сёньняшняя краіна ўрбанізаваная, асабліва ў параўнаньні з бліжэйшымі і далёкімі суседзямі. Пра гэта дае ўяўленьне наступны графік. На графіку няма, скажам, Сынгапуру, дзе доля гараджанаў — ступень урбанізацыі — складае 100%. Няма і афрыканскай краіны Бурундзі, дзе гараджанаў усяго 12%. Але на ім пададзеныя звесткі пра найбольш важныя краіны свету, прынамсі, найбольш важныя для Беларусі.

 

 

Крыніца: Кніга фактаў ЦРУ ЗША (CIA World Factbook), 2015

 

Зьвесткі гэтага графіку ўражваюць. Доля гарадзкога насельніцтва ў Беларусі вышэйшая, чым ва ўсіх суседзяў. Вышэйшая, чым у Чэхіі. Вышэйшая, чым у такіх грандаў Эўропы, як Італія і Нямеччына. Далей на Захад бліжэйшая краіна, у якой доля гарадзкога насельніцтва вышэйшая, чым у Беларусі, — Бэльгія.

 

Тут няма прамой залежнасьці ад дабрабыту. Шмат якія краіны, у якіх доля сялянаў большая, чым у Беларусі, значна багацейшыя за Беларусь, скажам, тыя ж Нямеччына і Італія. Хоць пэўная карэляцыя і назіраецца: як правіла, чым большая ступень урбанізаванасці краіны, тым вышэйшы яе дабрабыт.

 Аднак у любым выпадку гэты графік паказвае, наколькі недарэчнае ўяўленьне пра беларусаў як пра сялянскую, вясковую нацыю.

 

Наступны графік дае ўяўленне пра тое, як імкліва Беларусь урбанізавалася ў ХХ стагодзьдзі. 


На пачатку ХХ стагоддзя доля гарадзкога насельніцтва зьмянялася нязначна. На мяжы 20-х гадоў адбыліся істотныя тэрытарыяльныя змены. Зьмяншэньне насельніцтва з 1913 па 1926 гады — вынік ня толькі Першай усясьветнай вайны, але і Рыскай дамовы паміж Масквой і Варшавай. Але і гэтыя драматычныя падзеі не зьмянілі суадносін паміж гараджанамі і вяскоўцамі, прынамсі ў савецкай частцы Беларусі, у БССР.

 

Другая ўсясьветная, забраўшы велізарную колькасьць жыцьцяў жыхароў Беларусі, таксама не паўплывала на ступень урбанізаванасьці. Але ў другой палове стагоддзя павольны рост долі гараджанаў зьмяніўся выбуховым. У 1950–1990, на працягу 40 гадоў, ступень урбанізаванасьці Беларусі павялічвалася на 10 адсоткавых пунктаў кожнае дзесяцігоддзе. Толькі пасля здабыцьця незалежнасьці тэмп росту долі гараджанаў запаволіўся. Яшчэ на 10 пунктаў з 1990 году гэтая доля вырасла не за 10, а за 25 гадоў.

 

Можна меркаваць, што далейшы рост калі і будзе адбывацца, то ўжо не такімі тэмпамі, як гэта было ў 50–90-я гады ХХ стагодзьдзя. Уласна, такімі тэмпамі яму ўжо і няма куды расьці. Яшчэ плюс 10 адсоткавых пунктаў долі гараджанаў — і Беларусь стане адной з самых урбанізаваных краінаў Еўропы і сьвету.

 

І ўсё ж самаўяўленьне пра сябе як пра сялянскую, вясковую нацыю не пазбаўленае рацыі. Гэта вынік той самай імклівай, фарсіраванай урбанізацыі. Яна адбывалася так хутка, што самаўсьведамленьне не паспявала за рэальнымі зменамі.

 

Акрамя таго, за такі гістарычна кароткі час далёка ня ўсе гараджане сталі гараджанамі і ў сэнсе іх сьвядомасьці. Аднак гэты працэс няўхільны. Няма ніякіх прыкметаў таго, што ў выніку якіх бы там ні было нягодаў ці вялікага шчасьця доля гараджанаў у Беларусі пачне зьмяншацца. А значыць, беларускі горад будзе ўсё болей і ўсё далей вырабляць са сваіх жыхароў гараджанаў.


Дата стварэння навіны 12.08.2017

Возврат к списку