АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Польшча выбірае добрыя адносіны з Летувой, чым электрычнасць з БелАЭС

Польшча выбірае добрыя адносіны з Летувой, чым электрычнасць з БелАЭС
10.08.2017
Чаму Варшава адмаўляецца купляць энэргію з Беларускай АЭС – тлумачаць польскія і беларускія экспэрты ў энэргетычнай галіне.

Польшча ня будзе купляць электраэнэргію зm Беларускай атамнай электрастанцыі, бо на ёй выкарыстоўваюцца «небясьпечныя тэхналёгіі» – заявіў у інтэрвію расейскаму інфармагенцтву РИА «Новости» міністар замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі. Выказваньне польскага дыплямата імгненна выклікала рэакцыю Мінска. 

Як піша Польскае радыё, амбасадар Польшчы Конрад Паўлік быў «выкліканы на размову» ў Мініcтэрства замежных справаў Беларусі. Чаму Польшча не жадае купляць электраэнэргію з Астравецкай АЭС і куды Беларусь будзе яе экспартаваць? Пра гэта Аляксандар Папко запытаўся ў польскіх і беларускіх экспэртаў у энэргетычнай галіне.
Ад пачатку будовы атамнай электрастанцыі У 2011 годзе Беларусь вяла перамовы з суседзямі наконт экспарту электраэнэргіі – кажа беларускі эканаміст Таццяна Манёнак. Астравецкая АЭС у адзіночку здольная забясьпечыць да 30% патрэбаў Беларусі ў электраэнэргіі, а дэфіцыту электраэнэргіі ў краіне няма – кажа экспэрт.

Тццяна Манёнак: Галоўная праблема беларускага ўраду і энэргетыкаў – што рабіць зь лішкамі электраэнэргіі. Распрацоўваюцца вельмі амбіцыйныя праграмы – аж да масавага выпуску электрамабіляў. Тым ня менш, усе праграмы разьвіцьця энэргасыстэмы прадугледжваюць ʼкспарт электраэнэргіі – ці то ў кірунку Польшчы ці то Летувы.

Аднак экспарт электраэнэргіі на Захад з самага пачатку быў праблематычны. Летува заявіла, што ня будзе купляць электрычнасьці, вырабленай на АЭС у Астраўцы. У красавіку гэтага году парлямэнт гэтай дзяржавы прыняў закон, які забараняе імпартаваць электраэнэргію з «небясьпечных АЭС трэціх краінаў». Пазыцыю Летувы падтрымала Эстонія.
Летува ўстрывожаная тым, што Мінск прыняў рашэньне будаваць атамную станцыю ў непасрэднай блізкасці да Вільні, нават не параіўшыся з летувіскімі ўладамі. Акрамя таго, Летува праводзіць рэканструкцыю ўласнай энэргасыстэмы й не жадае быць залежнай ад электраэнэргіі з расійска-беларускай АЭС.

Перамовы аб экспарце электрычнасьці вяліся й з Польшчай, аднак вялікіх надзеяў яны не ўзбуджалі – кажа Таццяна Манёнак. Пра тое, што Варшава ня будзе імпартаваць электрычнасьць зь Беларусі стала вядома яшчэ ў сакавіку гэтага году. Тады ўпаўнаважаны польскага ўраду па пытаннях энэргетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі заявіў, што Польшча дэмантуе лінію электраперадач Беласток-Рось. Фізычнай магчымасьці пастаўляць энэргію зь Беларусі ў Польшчу больш няма.
Адмова прымаць электраэнэргію з Беларусі тлумачыцца тым, што Польшчы нашмат важней захаваць саюзьніцкія адносіны з Летувой. Так лічыць аналітык польскага Фонду імя Казіміра Пуласкага Гжэгаж Малэцкі. Польшча і Летува плянуюць пабудаваць сумесны газаправод, разьвіваць аўтамабільнае і чыгуначнае спалучэньне. Акрамя таго, Польшча робіць стаўку на разьвіцьцё энэргетычнага супрацоўніцтва з краінамі Еўразьвязу, а не з па-за яго – кажа экспэрт.

Гжэгаж Малэцкі: Прыярытэтам для Польшчы зьяўляюцца сумесныя энэргетычныя праекты зь Летувой. Пад увагу трэба браць таксама ўвесь кантэкст абароннай палітыкі й палітыкі энэргетычнай бясьпекі ў рамках Еўрапейскага зьвязу. Летува – гэта наш партнэр у рамках NATO і ЭЗ. Таму мы разьвіваем з ёй энэргетычныя праекты ў рамках менавіта гэтых структураў.

Другой, хоць менш важнай, прычынай адмовы Польшчы ад набыцьця беларускай электраэнэргіі можа быць намер пабудаваць уласную АЭС. Як паведамляе прэса, першая польская атамная электрастанцыя можа быць пабудаваная на поўначы краіны ў ваколіцах Гданьска.

Канчатковае рашэньне аб пабудове польскай АЭС павінна быць прынятае восеньню, аднак можна з упэўненасьцю сказаць, што атамная электрастанцыя ў Польшчы зявіцца – кажа экспэрт энэргетычнага сэктару Пшэмыслаў Залескі . У бліжэйшыя гады ў Польшчы з эксплюатацыі будзе выведзены шэраг старых цеплаэлектрастанцыяў, якія працуюць на вугалі.Еўрапейскі зьвяз прыняў рашэньне разьвіваць энэргетыку зь нізкім узроўнем выкідаў парніковых газаў. Таму старыя вугальныя электрастанцыі, хутчэй за ўсё, будуць замененыя АЭС – мяркуе Пшэмыслаў Залескі.

Пшэмыслаў Залескі: Польшча мала інвэставала ў разьвіцьцё энэргетыкі з нізкім узроўнем выкідаў CO2. Для выкананьня рашэнняў Еўрапейскага зьвязу неабходна будзе выключыць з энэргасыстэмы вытворчых магутнасьцяў амаль на 6 тысячаў гігаватаў. У самы бліжэйшы час мы павінныя будзем кампэнсаваць гэтыя магутнасьці. Нават самыя сучасныя вугальныя электрастанцыі не дазволяць нам дасягнуць намечанага парогу выкідаў парніковых газаў. Ёсць праекты разьвіцця сонечных электрастанцыяў, а таксама гнуткай дэцэнтралізаванай сыстэмы малых электрастанцыяў, якія запэўняць пастаўкі ў гадзіны пік. Аднак, на жаль, вялікія інвэстыцыйныя праекты – напрыклад, у галіне атамнай энэргетыкі – таксама патрэбныя. Мы ня справімся без вялікіх вытворчых магутнасцяў.

Калі пра нежаданьне Польшчы купляць электраэнэргію было вядома даўно, то чым выклікана незадаволеньне беларускага МЗС? Словамі пра тое, што Беларуская АЭС – небясьпечная, лічыць эканаміст і галоўны рэдактар сайту belrynok.by Ірына Крыловіч. Беларусь прыкладае шмат намаганняў, каб стварыць добры імідж атамнай электрастанцыі. Яна запрашае экспэртаў з Еўракамісіі і МАГАТЭ, каб даказаць, што АЭС не нясе пагрозы, а словы Вітальда Вашчыкоўскага могуць нанесці гэтаму іміджу вялікі ўрон, кажа экспэрт.

Ірына Крыловіч: На маю думку, МЗС Беларусі абурылі словы пра небяспечнасць станцыі і яе параўнаньне з Чарнобыльскай АЭС. Проста заява аб немагчымасьці экспарту электраэнэргіі ў Польшчу не прывяла б да выкліку ў МЗС польскага амбасадара.
Куды Беларусь можа пастаўляць лішкі электраэнэргіі, якія зьявяцца пасьля запуску Астравецкай АЭС? Адзіным рэалістычным шляхам экспарту застаецца Расія. Беларуская электраэнэргія можа пастаўляцца альбо ў памежныя з Беларуссю рэгіёны, альбо ў Калінінград – мяркуе эканаміст Таццяна Манёнак.

Тацьцяна Манёнак: Беларусь спадзяецца пастаўляць электраэнэргію на агульны эўразійскі рынак электраэнэргіі, які неўзабаве будзе створаны. Аднак для гэтага спачатку трэба стварыць аптовы і рознічны рынак электраэнэргіі ўнутры самой Беларусі. Таму неабходна прыняць новы закон аб электраэнэргетыцы.
Праблему перавытворчасці электраэнэргіі можа ўлагодзіць і рэканструкцыя цеплавых электрастанцыяў – мяркуе эканаміст Ірына Крыловіч. Пасля запуску Беларускай АЭС вытворчасьць энэргіі на Навалукомльскай ГРЭС будзе часова скарочана з-за працаў па мадэрнізацыі.

А ўвогуле, пытаньне экспарту электраэнэргіі беларускія ўлады наўрад ці будуць вырашаць самастойна. «Беларуская АЭС – гэта прадпрыемства, створанае на парытэтных асновах з Расеяй, таму Беларусь наўрад ці можа праводзіць самастойную палітыку па экспарце электраэнэргіі на Захад» – нагадвае Ірына Крыловіч.



Дата стварэння навіны 10.08.2017

Возврат к списку