АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Што не дарабіў рускі штык, даробіць рускі чыноўнік, руская школа і рускі поп

Што не дарабіў рускі штык, даробіць рускі чыноўнік, руская школа і рускі поп
09.08.2017
Чаму, фактычна, беларусы нічога не хочуць рабіць, каб Беларусь па-сапраўднаму стала незалежнай і БЕЛАРУСКАЙ?

Мяркаванне Віктара Малочкі. 
І ўжо, думаю, не важна, каму на самой справе належыць гэты выраз (словы пра рускі штык, папа і чыноўніка прыпісваюць куратару Віленскай навучальнай акругі ў 1864—1868 Івану Карнілаву), важна тое, што тое, аб чым казаў гэты расейскі чыноўнік калісьці, ужо амаль спраўдзілася на Беларусі.
Што мы маем насёння ў Беларусі?
1. Улада (чыноўнікі) амаль уся зрусіфікаваная. Размаўляе, амаль усё чынавенства, па-расейску. Усё часцей і часцей па раёнах рэспублікі ставяцца новыя помнікі расейскім дзеячам (і старыя нікуды не знікаюць), на мерапрыемствах уздымаецца расейскі трыкалор, праходзяць, з дазволу уладаў, малебны за Раманавых/Мураўёвых і г.д.. З дазволу ж уладаў ездзяць/ходзяць усялякія хросныя хады, “начныя ваўкі” (усё расейскае). Адчыняюцца розныя расейскія адукацыйныя цэнтры, а нашых падлеткаў дазваляюць забіраць на розныя ваенныя сборы ў Расею. То тут, то там, “носяцца” з партрэтамі Сталіна, ускладаюцца кветкі да помнікаў Леніну і г.д..
2. Адукацыя (руская школа) – адукацыя ў Беларусі амаль уся скрозь па-расейску. Напрыклад, у Салігорску нічога беларускамоўнага няма ні ў садках,ні ў школах. Няма ж у нас і вышэйшайадукацыіпа-беларуску! Няма мовы ў грамадскім ужытку і колькі б і хто ні казаў, што для яго беларукая мова РОДНАЯ, яе не чуваць на вуліцах і… кухнях!
3. Вера (рускі поп) – асноўная канфесія на Беларусі – праваслаўе, РПЦ. Сваёй нацыянальнай царквы ў беларусаў НЯМА! Я лічу РПЦ агентам Крамля і расейскайімперыі,і больш ніяк,хоць і самз’яўляюся праваслаўным і быў калісьці хрышчаны папом РПЦ, бо альтэрнатывы ж не было.
Што ж далей!? Далей толькі ўсё больш губяць беларусы сваю ідэнтычнасьць, сваю адметнасьць, культуру, мову, гістарычную памяць. Беларусы адмовіліся (адракліся, як казаў паэт) ад сваіх гістарычных сімбаляў, сваіх гістарычных герояў – усё больш і больш у жыццё простага беларуса ўваходзіць РПЦ. Яна амаль паўсюль – на ўсіх мерапрыемствах, у школах, выканкамах, прадпрыемствах, МУС, войску і г.д.. Вось вам прыклад, як у Салігорску РПЦ “ловіць душы” маленькіх грамадзян. Каля яшчэ не дабудаванага велічэзнага сабору РПЦ за вялізным металічным плотам, якім яго абкружылі, паставілі дзіцячую пляцоўку ў форме карабліка. 


 
  Вы скажаце, што ў гэтым дрэннага? Я бачу дрэннае ў тым, што бацькі водзяць дзяцей гуляць … правільна, на пляцоўку каля царквы РПЦ. Якая яна добрая, гэтая РПЦ! Яна нават дзеткам пляцоўку зрабіла! Але ж мы пакуль жывем у незалежнай Беларусі, а ці чулі Вы, каб служкі РПЦ прызнавалі Беларусь незалежнай, маліліся за незалежную Беларусь, беларускіх святых? Усё пачынаецца з малога: з дзіцячай пляцоўкі каля сабору РПЦ і заканчваецца ў царкве РПЦ, дзе не дзеляць беларусаў і расейцаў на розныя народы, а значыць і не прызнаюць Беларусь, як дзяржаву.
Дык я і думаю, што не так, напэўна, ужо і важна, сыйдуць расейскія войскі пасля вучэнняў ці не сыйдуць, тым болей, што большасьць насельніцтва гэта ніяк не хвалюе, бо даўно ў нас ужо частка Расіі (бо амаль БЕЛАРУШЧЫНЫ і не засталося) і, што самае для мяне крыўднае, яна, Расія, у душах мноства грамадзян!
А яшчэ ўвесь час думаю, чаму ж самі беларусы адмовіліся ад роднай МОВЫ, ад сваёй сапраўднай гісторыі, ад сваіх продкаў? Чаму беларусы за свае сродкі, на сваёй зямлі, сваімі рукамі будуюць цэрквы РПЦ? Чаму, фактычна, беларусы нічога не хочуць рабіць, каб Беларусь па-сапраўднаму стала незалежнай і БЕЛАРУСКАЙ? Чаму яны не хочуць нічога для гэтага рабіць?
Калі нехта лічыць, што Беларусь і зараз незалежная, то што гэта за незалежнасць такая, пры ўсім ЧУЖЫМ?
P.S. Не паспелі ў Салігорску дабудаваць гэты велічэзны сабор РПЦ, бо не хапала грошай, у тым ліку і ад “дабраахвотна-прымусовых” ахвяраванняў, як пачалі будаваць яшчэ адзін… Да чаго б гэта?


Дата стварэння навіны 09.08.2017

Возврат к списку