АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Радзіхоўскі: Лукашэнка, як Франка, можа пайсці на лібэралізацыю і збліжэнне з Захадам

Радзіхоўскі: Лукашэнка, як Франка, можа пайсці на лібэралізацыю і збліжэнне з Захадам
05.08.2017
Расійскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі разважае пра тое, як Лукашэнка будзе вырашаць праблему «перадачы трона» і заяўляе, што «Беларусь — не Ўкраіна, і ні халеры ў Беларусі Масква ня зробіць».



— Ці можна казаць. што новыя санкцыі ЗША супраць Расіі — гэта ня проста эпізод, а гэта надоўга? І гэта халодная вайна — на гады, калі не на дзесяцігоддзі? Ці ёсць шанцы на нейкае іншае развіцьцё падзеяў?

 

— Ці ёсць шанцы на паляпшэньне адносінаў паміж ЗША і Расіяй? Такіх шанцаў няма. Пуцін — прэзыдэнт да 2024 году, мяняць сваю палітыку ён ня будзе і ня можа. Бо ўся ягоная палітычная рыторыка завязаная на процістаяньні з Захадам, і калі ён ад гэтага адмовіцца, то яго «не зразумеюць» унутры краіны. Калі выняць гэты стрыжань — «мы супраць Амэрыкі» — то ўсё тут пасыплецца.

 

— Вы лічыце, што ў гэтым пытаньні ня важна, хто будзе прэзыдэнтам у ЗША?

 

— Менавіта так. У ЗША прэзыдэнты мяняюцца, але адносіны пагаршаюцца, няглядзячы на іхнія жаданьні. Гэта Расея рабіла актыўныя дзеяньні ва Ўкраіне і, як выглядае, актыўныя дзеяньні падчас выбараў у ЗША. Амэрыка не рабіла актыўных дзеяньняў у Расеі — ды гэта і немагчыма, бо ў Расеі такая палітычная сыстэма, што на яе звонку паўплываць немагчыма.

 

Акрамя таго, стаўленьне да Пуціна на Захадзе склалася вельмі пэўнае і жорсткае, ён мае вобраз, на якім завязана шмат палітыкаў і піяршчыкаў, і яго мяняць ніхто не зьбіраецца. Так што карціна вельмі адназначная, па-мойму, і ніякага паляпшэньня, пакуль Пуцін ва ўладзе, я ня бачу. Ня бачу тут «акна магчымасьцяў».

 

Пытаньне другое, пра санкцыі і «халодную вайну». Я не зусім разумею, што сёньня азначае тэрмін «халодная вайна». Калі гэты тэрмін зьявіўся, то ён азначаў, што ёсьць дзьве альтэрнатыўныя сыстэмы, супастаўныя па магутнасьці, якія хочуць зьмяніць сацыяльна-палітычны лад адна ў адной. Як Хрушчоў казаў — «мы вас пахаваем». Гэта не азначала фізычна зьнішчыць Амэрыку — а ўсталяваць там свой рэжым. Адпаведна, і амэрыканцы хацелі зьнішчыць не Расею, а ліквідаваць тут камунізм і ўсталяваць свабодны рынак.

 

Але сёньня няма альтэрнатыўных палітычных сыстэмаў, бо Расія — гэта рынкавая эканоміка і адносна адкрытае грамадзтва. Па-другое, няма ніякай супастаўнасьці па сілах. У Расеі няма хаўрусьнікаў, гэта адна краіна, далёка ня самая моцная эканамічна, а тэхналягічна і казаць няма чаго. І нарэшце, ніхто нікога не імкнецца пераўтварыць і скарыць. У Расеі няма ніякіх плянаў адносна сваёй уласнай будучыні, а тым больш у адносінах да будучыні Захаду. І ў Захаду няма ніякага жаданьня нешта мяняць у Расеі.

 

Уласна, сыгнал, які падае Захад, адзін — Пуцін улез надта далёка, і на ягоным прыкладзе мы пакажам, што ня трэба лезьці ў нашыя амэрыканскія (францускія) выбары. Мы дадзім урок, што так рабіць ня трэба, нельга рабіць анэксіі. Але пры гэтым яны не імкнуцца скінуць Пуціна, зрабіць тут нейкую рэвалюцыю, расчляніць Расію. Такіх плянаў няма.

 

— Але большасьць, калі не памыляюся, грамадзян Расіі сёньня якраз думае наадварот — што кожны амэрыканскі палітык прачынаецца з думкай, як бы разваліць і захапіць Расію.

 

— Расійскае насельніцтва традыцыйна жыве ў парадыгме тэорыі змоваў. Гэта пачалося нават да савецкай улады, а пры савецкай уладзе гэта ператварылася ў дзяржаўную ідэалёгію, якая ўбівалася ў галовы з раніцы да вечара. Быў маленькі перапынак у 90-я гады, калі многія людзі рэальна жылі вельмі кепска, і ў гэты час ім перасталі расказваць пра амэрыканскую змову. З пачатку 2000-х ідэалёгія сусьветнай змовы супраць Расеі вярнулася ў поўным абʼёме, як пры савецкай уладзе.

 

На самой справе на сувэрэнітэт расейскага начальства ўнутры Расеі ніхто не замахваецца, расейскія начальнікі ўнутры Расеі могуць рабіць што заўгодна — гэта іхнія праблемы і праблемы насельніцтва. Але калі Расея парушае чужы сувэрэнітэт, улазіць у чужыя выбары, далучае чужыя тэрыторыі — то, вядома, гэта не падабаецца.

 

— Існуюць самыя розныя ацэнкі ўплыву гэтых санкцыяў на расейскую эканоміку і жыццё. Ці яны сапраўды пагоршаць паказчыкі расійскай эканомікі, ці яны маюць пераважна маральна-палітычны сэнс?

 

— Я не эканаміст, таму магу меркаваць толькі па-простаму, па-жыцьцёваму. Я ня веру ў радыкальнае значэнне гэтых санкцыяў. Чаму? З трох прычынаў.

 

Кажуць, што з прычыны санкцыяў Расія ня будзе высокатэхналягічнай краінай. Але які дурань усурʼёз можа казаць, што Расія калі-небудзь ёй будзе?

Першая. Санкцыі працягваюцца ўжо тры гады, яны суправаджаюцца рэзкім падзеньнем цаны на нафту. Але нічога жахлівага ў Расіі не адбылося, ніякага голаду і холаду. Так, Расія выглядае няважна, ВУП падаў, Расея здае пазыцыі, але так здаваць пазыцыі можна яшчэ сто гадоў.

 Другое. У Раіеі сёлета пачаўся рост ВУП. Магчыма, новыя санкцыі яго прыпыняць ці замарудзяць. Але ніякай катастрофы не назіраецца.


 Трэцяе. Паводзіны біржаў. Абвясцілі новыя санкцыі, але расейскі фондавы рынак расце, яго гэтыя санкцыі не палохаюць, прынамсі ў кароткачасовай пэрспэктыве.

 

Кажуць, што з прычыны санкцыяў Расія ня будзе высокатэхналягічнай краінай. Але які дурань усурʼёз можа казаць, што Расія калі-небудзь ёй будзе? Хоць з санкцыямі, хоць бяз санкцыяў. Гэтая небясьпека Расіі дакладна не пагражае.

 

— Раней, калі абвастраліся адносіны Расіі і Захаду, Лукашэнка атрымліваў ад гэтага толькі выгады. Ён лямантаваў пра тое, як монстар НАТО падыходзіць да Беларусі, і патрабаваў ад Расіі больш падтрымкі. Але цяпер сытуацыя зьмянілася, Менск спрабуе наладзіць адносіны з Захадам. У такой сытуацыі Лукашэнка — гэта трэці, які радуецца, ці трэці, які падлічвае страты?

 

— Як геніяльна заўважыў Дзьмітры Мядзьведзеў, «грошай няма, але вы трымайцеся». Грошай, каб у пашыраным маштабе спансіраваць Лукашэнку, у Расіі няма і ня будзе.

 

Як я разумею, галоўная праблема Лукашэнкі — гэта перадача трону. Упарта ходзяць чуткі, што ён нібыта хоча сыходзіць і нібыта рыхтуе сабе пераемніка — паводле азэрбайджанскага ці казахстанскага сцэнару. Калі гэта так, калі ён сапраўды хоча сыходзіць — то для яго вельмі важна, што ён пакіне свайму пераемніку.

 

Калі яму падабаецца варыянт генэралісімуса Франка, то Лукашэнка непазьбежна зробіць тое самае, што і Франка — лібэралізацыя, збліжэньне з Захадам, паступовая падрыхтоўка да кіраванага пераемніка.

 

Варыянт нумар два — ісьці па прыкладзе Паўночнай Карэі, што зусім, дарэчы, не азначае паляпшэньня адносінаў з Расіяй.

 

Таму, калі Лукашэнка хоча плаўнага пераходу, захаваньня ўсіх дасягненьняў, якія былі падчас ягонага кіраваньня, і перадачы ўлады свайму пераемніку — то тады ягонае збліжэньне з Захадам цалкам непазьбежнае. Тым больш што, наколькі я разумею, рэвалюцыя яму не пагражае, і варыянт Кадафі не актуальны.

 

Калі ж Лукашэнка будзе стаяць цьвёрда на сваім — аўтарытарная ўлада, закрытая краіна (хоць Беларусь не закрытая краіна, яна больш адкрытая за Расію) — тады збліжэньня з Захадам можа і не адбыцца.

 

— Дык гэтае пагаршэньне адносінаў Расеі з Захадам — гэта шанец альбо пагроза? Шанец маленькімі крокамі ісьці ў бок Захаду, дзе і грошай патэнцыйна нашмат болей. І рызыка — што Масква, якая яна цяпер, можа паводзіць сабе вельмі нэрвова, і такія крокі Менску ў бок Захаду ўспрымаць неадэкватна.

 

Лукашэнка лепш за нас з вамі разумее, што Беларусь — не Ўкраіна, і ні халеры ў Беларусі Масква ня зробіць

— Вы намалявалі верагоднасьць вельмі дакладна. Але Лукашэнка лепш за нас з вамі разумее, што Беларусь — не Ўкраіна, і ні халеры ў Беларусі Масква ня зробіць. Ва Ўкраіне Маскве было лёгка. Быў рэгіён, які сапраўды марыў адарвацца ад Украіны і пайсьці ў Расею, анэксія адбылася пад захапленьне насельніцтва Крыму. Наколькі я разумею, у Беларусі такіх рэгіёнаў няма. Улада Лукашэнкі — гэта ня ўлада Кіева ўзору 2014 году. Таму асаблівай прасторы для манэўру ўнутры Беларусі ў Расіі няма.

 

Насельніцтва Расіі «па-брацку», але з падазрэньнем і пагардай ставілася да ўкраінцаў, таму на антыўкраінскую прапаганду насельніцтва Расіі ахвотна павялося. Да беларусаў стаўленне зусім іншае. «Калі ўжо гэтыя ня нашыя — дык хто тады нашыя?» Таму любы канфлікт зь Беларусьсю для Масквы выключна непрыемны ва ўнутрыпалітычным пляне. «Ці ёсць у нас саюзнікі, ну хоць хто з намі?» Атрымліваецца, што, акрамя Беларусі, нікога і няма.

 

У такой сытуацыі сварыцца з апошнім саюзьнікам... А тым больш рабіць нейкія неасьцярожныя крокі... Уводзіць войскі? На гэта Лукашэнка ўжо некалькі разоў адказваў, што тады вы даведаецеся, што такое партызанка, і Чачня вам падасца дробязьзю. Вядома, гэта перабольшваньне, але здаровае зерне тут ёсьць. У Беларусі ёсць адпорнасьць асяроддзя, якой не было ва Ўсходняй Украіне.


svaboda.org


Дата стварэння навіны 05.08.2017

Возврат к списку