АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Аперацыя у Беларусі па трансплантацыі сэрца для замежнікаў каштуе ў раёне ста тысяч долараў

Аперацыя у Беларусі па трансплантацыі сэрца для замежнікаў каштуе ў раёне ста тысяч долараў
05.08.2017
На пачатку чэрвеня ў РНПЦ "Кардыялогія" у Мінску  грузінскай дзяўчынкі Кэці перасадзілі сэрца. На сёння пазыка за лячэнне складае каля 55 тысяч долараў.

Кэці з беларускім сэрцам. Як мінскія дактары выратавалі грузінскую дзяўчынку.

Увечары 2 жніўня 13-гадовая Кэці, якой на пачатку чэрвеня ў РНПЦ "Кардыялогія" у Мінску перасадзілі сэрца, паляцела дадому ў Тбілісі. Яе суправаджалі бацькі Гіоргі і Тамара, а яшчэ доктар Алег Чарнавокі ― ён мусіць перадаць рэкамендацыі па лячэнні дзяўчынкі грузінскім калегам.

 

Напярэдадні адлёту Еўрарадыё сустрэлася з Гіоргі і ўбачыла Кэці.

 

"Мне тут усё падабаецца, і ўзровень медыцыны, і неверагодныя дактары, і стаўленне людзей. Але мы не грамадзяне Беларусі, тыдзень перабывання Кэці ў клініцы абыходзіцца ў 7-8 тысяч долараў ― гэта вельмі дорага для нас, ― кажа Гіоргі. ― Мы заплацілі за аперацыю больш за сто тысяч долараў. Але старое хворае сэрца дачкі паўплывала на астатнія органы. Пасля аперацыі пайшло ўсё па-іншаму. Сітуацыя была вельмі складанай. Таму цяпер лечаць лёгкія, ныркі і гэтак далей. Атрымалася, мы ўжо павінны клініцы грошы".

 

На сёння пазыка за лячэнне Кэці ў Беларусі складае каля 55 тысяч долараў. Пакуль мы размаўляем з Гіоргі, да нас перыядычна падыходзяць грузіны, якія прыязджаюць падтрымаць сям'ю, у тым ліку, і фінансава. Гіоргі кажа, што не засталіся ў баку, і беларусы таксама дапамагаюць то прадуктамі, то грашыма.

 

  "Апынулася, што ў дачок аднолькавыя хворыя сэрцы"

  

Пра тое, што Кэці пакутуе на рэдкае захворванне "рэстрыктыўная кардыёміяпатыя" бацькі даведаліся выпадкова. У 2012 годзе старэйшая сястра дзяўчынкі, Марыям, займалася танцамі. Ёй стала кепска. Звярнуліся да дактароў, якія і выявілі захворванне.

 

"Дзеці былі абсалютна здаровымі. Жылі нармальна. А тут раптам такое захворванне, у свеце мала людзей з такім дыягназам! Адзін з дактароў прапанаваў паглядзець і Кэці ― апынулася, што ў дачок аднолькавыя хворыя сэрцы. Мы былі ў шоку. Што стала прычынай, невядома, магчыма, нейкі вірус ці прышчэпка. Ніхто не ведае. Аналізы Кэці дасылалі ў клінікі Аўстрыі і Германіі. Іх дактары з падобным захворваннем не сутыкаліся", ― працягвае бацька Кэці.

 

Пасля выяўлення дыягназу пайшлі размовы пра перасадку сэрцаў абедзвюм дзяўчынкам. Паколькі ў Грузіі трансплантацыю не робяць, разглядаліся варыянты клінік у Ізраілі, Германіі, Беларусі. Але, сцвярджае Гіоргі, "у Германіі ў месяц робяць тры такіх аперацыі, а тут, у Мінску ― 50! І па грошах тут танней выходзіць, чым у Еўропе". Да таго ж, сям'я пазнаёмілася яшчэ з адным Гіоргі ― Саркісові, які стаў першым грамадзянінам Грузіі з перасаджаным у Беларусі сэрцам, і цяпер выдатна сябе адчувае, ён і параіў сям'і спыніцца на беларускай клініцы.

 

Але Марыям новага сэрца не дачакаецца ― 27 красавіка 2017 года яна памірае. А 12 траўня бацькі разам з Кэці прылятаюць у Мінск. Аперацыі па трансплантацыі сэрца ў Беларусі робяць асобам, якія дасягнулі 14-ці гадоў. Кэці чатырнаццаць споўніцца ў кастрычніку, сэрца 29-гадовага мінчаніна, які памёр ад інсульта, цалкам падыходзіць па параметрах, таму дактары вырашаюцца аперыраваць дзяўчынку.

 

"Нам трэба было сабраць шмат грошай. І ў гэтым дапамаглі сваякі, сябры, суседзі, крыху дзяржава. Да таго ж, мая жонка Тамара працуе ў банку, і 80 тысяч долараў нам даў яе банк. Цяпер мне дапамагае Канстанцін Цэрэтэлі, генеральны дырэктар Беларускага народнага банка. Вельмі шмат людзей дапамагае. Аднойчы прыйшла бабуля ― прынесла звязку бананаў і дваццаць рублёў. У такіх выпадках немагчыма не плакаць", ― распавядае ўдзячны бацька Кэці.

 

 Пасля аперацыі Кэці важыць усяго 26 кілаграмаў

 

 Праз некаторы час Гіоргі і Кэці выходзяць на вуліцу. Худзенькая дзяўчынка сядзіць у калясцы ― пасля аперацыі яна важыць усяго 26 кілаграмаў, але размаўляе, бавіцца з тэлефонам і чакае вяртання дадому ў Тбілісі ― у Мінску ёй не хапае сяброў і маленькага браціка, якому пяць гадоў, ён здаровы і цяпер жыве дома са сваёй цёткай.

 

Пакуль Кэці будзе працягваць рэабілітацыю ў тбіліскай бальніцы. У бліжэйшыя тры гады дзяўчынка мусіць двойчы на год прыязджаць у Мінск на абследаванне. Потым ― раз на год. Яна марыць вярнуцца ў школу, дактары прагназуюць, што гэта абавязкова здарыцца. Бацька кажа, што дзяўчынка вельмі моцная.

 

Кэці ― шостая грамадзянка Грузіі, якой зрабілі перасадку сэрца ў Беларусі. Першым стаў Гіоргі Саркісові. З дыягназам кардыёміяпатыя цягам двух гадоў ён жыў "пад апаратамі і лекамі", затым у 2014-м па парадзе грузінскіх дактароў прыехаў на трансплантацыю ў Беларусь. Донара доўга чакаць не давялося ― аперацыю зрабілі ў першыя дні знаходжання Гіоргі ў Мінску.

 

"Гэта было 21 траўня. Мне патэлефанавалі і сказалі, што праз дзве гадзіны будзе аперацыя. Я быў цалкам спакойны. Я моцны. Ніколі не думаў, што маю праблему, маўляў, трэба змяніць сэрца. Я вельмі чакаў аперацыі, не хваляваўся, верыў, што ўсё будзе добра".

  Гіоргі Саркісові і Кэці


Гіоргі кожны дзень праязджае на ровары 14 кіламетраў і праходзіць пешшу яшчэ 12

 

Як і Кэці, трансплантацыю Гіоргі робіць прафесар Юрый Астроўскі. Гіоргі праводзіць у клініцы 27 дзён, "падцягвае" рускую мову і едзе дадому.

 

"Астроўскі сказаў, што ў мяне вельмі моцны арганізм. Так яно і ёсць. Нядаўна я быў у Мінску, мяне абследавалі і сказалі, што ўсё добра. Я кожны дзень праязджаю на ровары 14 кіламетраў і праходжу пешшу яшчэ 12. Адчуваю сябе выдатна", ― распавядае Гіоргі.

 

Пакуль Гіоргі не працуе ― пасля аперацыі ёсць абмежаванні па працы. Атрымлівае пенсію як інвалід другой групы ў эквіваленце 40 долараў, гэта пры тым, што на лекі ў месяц трэба траціць каля 150 долараў. Але мужчына знайшоў справу ― кансультуе суайчыннікаў, якім патрэбная перасадка сэрца: дапамагае збіраць дакументы і грошы на аперацыю ў Беларусі. Прычым, робіць гэта на ўласным энтузіязме. Маўляў, я ведаю, што гэта такое, ведаю, што дапамаглі мне, таму і сам хачу дапамагчы. На сёння, кажа Гіоргі, у перасадцы сэрца маюць патрэбу як мінімум 27 жыхароў Грузіі.

 

"Па-першае, у Беларусі шмат праваслаўных, тут робяць аперацыі, пасля якіх людзі добра сябе адчуваюць, і да таго ж, аперацыі таннейшыя, чым у Еўропе ― там, як мінімум 350 тысяч еўра, ― пералічвае беларускія плюсы Гіоргі. ― Асабіста мне дапамаглі сябры. Мэрыя Тбілісі пералічыла 60 тысяч долараў. 10 тысяч ― Міністэрства аховы здароўя. Яшчэ добра дапамагаюць акцыі ― калі людзі ведаюць пра тваю праблему з прэсы і дапамагаюць грашыма".

   

“Перавага аддаецца грамадзяніну Беларусі. У выпадку калі орган па параметрах не падыходзіць беларусам, робіцца аперацыя замежніку”

  

Па словах Віталя Бунеля, кіраўніка аддзела па пазабюджэтнай дзейнасці РНПЦ "Кардыялогія", аперацыя па трансплантацыі сэрца для замежнікаў каштуе ў раёне ста тысяч долараў. Для параўнання такая ж аперацыя ў Ізраілі абыдзецца ў суму 270-350 тысяч долараў, у Германіі ― 400 тысяч еўра.

 

Сярод пацыентаў беларускага цэнтра ― грамадзяне краін былога СССР, жыхары краін Балтыі. Нядаўна была праведзеная аперацыя грамадзяніну Ірландыі, які некалі пераехаў туды з Украіны.

  

"Натуральна, перавага аддаецца грамадзяніну Беларусі. У выпадку, калі орган па параметрах не падыходзіць беларусам, падбіраецца пацыент, які стаіць у лісце чакання з замежных грамадзян. І калі ўсе паказчыкі супадаюць па розных фактарах, то дадзенаму пацыенту выконваецца аператыўнае лячэнне па трансплантацыі сэрца", ― тлумачыць Віталь Бунель.

 

Колькі пацыент, грамадзянін Беларусі ці замежжа, мусіць знаходзіцца ў лісце чакання, залежыць ад шматлікіх фактараў ― групы крыві, росту, вагі ― гэта можа быць некалькі дзён, а можа і год. Калі стан хворага стабільны, ён чакае сэрца ў Мінску недалёка ад клінікі, напрыклад, у гатэлі ці на кватэры. Калі ж чалавек адчувае сябе кепска ― у клініцы.


Дата стварэння навіны 05.08.2017

Возврат к списку